Навошта нам газета ў школе?
Вельмі прыемна, што мая паездка на семінар па медыяадукацыі на Кіеўшчыну ў жніўні 2014 года скончылася прапановай перакласці на беларускую мову метадычны дапаможнік “Як стварыць сучасную школьную газету? [1]”, аўтарам якога з’яўляецца вядомы медыятрэнер, член савета дырэктароў Украінскай асацыяцыі перыядычнай прэсы Сяргей Чарняўскі. Прыемна і карысна, паколькі ўжо некалькі год я з’яўляюся рэдактарам газеты Магілёўскай гарадской гімназіі №1 “Статус-КВО”, рэдакцыйная каманда якой стала пераможцам рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых СМІ “Свежы вецер-2013”.
Праца над перакладам і адптацыяй дапаможніка працягвалася прыкладна паўтара месяцы. Потым – вёрстка і вычытка. Адзначу, што асабіста мне як рэдактару газеты, як чалавеку, які мае і журналісцкую адукацыю, змест дапаможніка падаўся вельмі карысным як для настаўнікаў, так і для вучняў, якія хочуць паспрабаваць свае сілы ў выданні школьнай газеты.
Уласна дапаможнік складаецца ажно з 19 невялікіх раздзелаў, прысвечаных самым розным аспектам стварэння і выдання школьнай газеты. Вельмі карысным лічу тое, што ў кнізе паслядоўна разглядаецца ўвесь працэс стварэння школьнай газеты ад вызначэння мэтавай аўдыторыі і да вёрсткі і дызайна, а таксама распаўсюджвання і рэкламы газеты ў сацыяльных сетках.
Найбольш карысным у кнізе, на мой погляд, з’яўляецца тое, што яна з’яўляецца менавіта практычным дапаможнікам, паколькі напісана чалавекам, які ў свой час кіраваў часопісам “5 балаў”, прызнаным лепшым моладзевым часопісам Украіны.
Такім чынам, пасля кароткага экскурсу ў гісторыю газеты і азнаямлення з тэрміналагічным слоўнікам, аўтар скіроўвае ўвагу чытача на мэту стварэння школьнай газеты і мэтавую аўдыторыю выдадання, зазначаючы, што “аптымальнай з'яўляецца падача інфармацыі з розніцай ва ўзросце аўдыторыі ў 1 год, а дакладней, клас. Але калі гэта складана, то можна стварыць школьную газету для мэтавай аўдыторыі ў два класы”.
Пасля гэтага С. Чарняўскі разглядае сістэму выпуску школьнай газеты, параўноўваючы сістэмы выпуску для друкаванай і электроннай газет. Таксама важным з’яўляецца вызначэнне схемы рэдакцыі школьнай газеты, у склад якой павінны ўваходзіць як вучні, так і настаўнікі. Пры гэтым аўтар не прапаноўвае пэўны варыянт, а толькі ўказвае тыповыя схемы, каб чытач сам мог вызначыць аптымальны для яго варыянт рэдакцыі з указаннем пасад і колькасці вучняў, якія будуць занятыя ў выданні школьнай газеты.
Не менш карысным з’яўляецца і раздзел пра змест (кантэнт) школьнай газеты, у якім даволі падрабязна разглядаюцца як жанры і рубрыкі школьнай газеты, так і крыніцы навін для выдання. Вельмі добра, што аўтар прыводзіць канкрэтныя прыклады таго, як можна зрабіць цікавую навіну для школьнай газеты (напрыклад, хто жыве бліжэй за ўсіх, а хто – далей за ўсіх ад школы), указваючы крыніцы інфармацыі (апытанне) і інфармацыйную нагоду (1 верасня). Акрамя таго, С. Чарняўскі піша і пра тое, якім чынам можна прыцягнуць да ўдзелу ў стварэнні газеты настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў.
Таксама ў дапаможніку аўтар закранае крыніцы фінанасавання школьнай газеты і рэгістрацыю сайта школьнай газеты.
Вельмі цікавай і карыснай з’яўляецца інфармацыя пра рэкламу газеты і яе прасоўванне ў сацыяльных сетках: укантакце, фэйсбук, аднакласнікі. Пры гэтым для кожнай са згаданых сацыяльных сетак аўтар прыводзіць пакрокавую інструкцыю па стварэнні суполкі (групы) для рэкламы і прасоўвання школьнай газеты ў сацыяльнай сетцы.
Напрыканцы аўтар дзеліцца парадамі па дызайне і вёрстцы школьнай газеты, а таксама разглядае тыповыя памылкі пры вёрстцы і падрыхтоўцы матэрыялаў для школьнай газеты.
Такім чынам, дапаможнік “Як стварыць сучасную школьную газету?” утрымлівае шматаспектны аналіз працэсу выдання школьнай газеты і цэлы шэраг парадаў, інструкцый і рэкамендацый па тым, як і навошта мы можам стварыць сапраўдны цікавае сучаснай моладзі школьнае выданне.
Зрэшты, на пытанне “Навошта?” адказ можна даць ужо зараз: каб маладое пакаленне ўмела не толькі арыентавацца ў інфармацыйных плынях, але і само магло ствараць якаснае інфармацыйнае асяродззе, якое будзе накіравана на выхаванне ўдумлівага і дапытлівага чытача, адданага ідэалам гуманізму і вернасці Радзіме.