Настаўнік года?
У мяне ёсць шмат знаёмых і сяброў сярод фіналістаў конкурсу «Настаўнік года» розных гадоў, і нават сярод сябраў журы. Адразу скажу – усе яны прыстойныя разумныя людзі, някепскія прафесіяналы. Клуб «Крыштальны журавель» спрабуе гуртаваць педагагічную эліту нашай краіны, дае настаўнікам з розных куточкаў Беларусі магчымасць самарэалізацыі, стварае ім імідж экспертаў у педагогіцы.
Толькі ўзнікае адно пытанне – чаму ж потым пра тых пераможцаў, хто заняў першае месца і атрымаў ганаровае званне «Настаўнік года», не чуваць у прафесійным асяродку? «Жураўлі» лётаюць па школах, але найлепшыя майстар-класы і вынікі чамусьці даюць не тыя, хто мае званне.
А бывае яшчэ горш – хтосьці з пераможцаў ідзе ў дэпутаты, дэманструючы сваё бяссілле нешта памяняць да лепшага ў сістэме адукацыі, хтосьці робіць кар’еру ў адукацыйнай вертыкалі, губляючы прафесіяналізм з хуткасцю святла, хтосьці наогул сыходзіць з прафесіі, бо адчувае, што гэта не ягонае пакліканне.
Чаму так адбываецца?
Мне здаецца, адказ тут просты і відавочны. Настаўніка года выбіраюць не тыя, хто можа аб’ектыўна ацаніць педагагічнае майстэрства. Прафесіяналізм настаўніка могуць вызначыць толькі тыя, для каго гэты педагог штодзённа працуе – толькі ягоныя вучні.
Узгадайце 90-я гады, які тады быў прынцып вызначэння сорасаўскага настаўніка. Тады раз на год апытвалі студэнтаў 1-3 курсаў ВНУ, пераможцаў алімпіяд, каб яны назвалі свайго найбольш паважанага настаўніка, які паўплываў на іх як асоба, даў добрыя веды, дапамог вызначыцца з будучай прафесіяй. Балы падлічваліся, былі каэфіцыенты для настаўнікаў сельскіх і малакамплектных школ. Сам намінант на высокае званне нават не ведаў пра тое, што ён можа стаць пераможцам, бо яму не трэба было пісаць заявы, збіраць характарыстыкi, праходзіць этапы…
На жаль, фонд Сораса з Беларусі выгналі ў 1997 годзе, а разам з ім закрылася шмат праграмаў падтрымкі таленавітых настаўнікаў, навукоўцаў, моладзі, перасталі перакладацца на беларускую мову падручнікі, па якіх вучацца студэнты найлепшых універсітэтаў свету.
Чаму б не пераняць той спосаб вызначэння Настаўніка года, як гэта зрабілі іншыя краіны?! Яго ж спраўдзіў час: Сорасаўскія настаўнікі, якія тады былі намінаваныя вучнямі і атрымалі сваё званне пажыццёва, дагэтуль найлепшыя і вядомыя ў Беларусі педагогі.
Хто не ведае Аляксандра Фельдмана, на якім паўстагоддзя трымаецца 19-я школа? Але мала хто памятае, што Аляксандр Маркавіч за той кароткі перыяд свабоды паспеў атрымаць званне сорасаўскага настаўніка двойчы. Хто з калег не чытаў кнігі Мікалая Запрудскага? А хто з цяперашніх Настаўнікаў года можа пахваліцца тым, што ягоныя вучні за ўласныя грошы выдалі кнігу любімага педагога, як гэта зрабілі вучні Юрыя Ляшчынскага? На той кнізе чырвоным па беламу напісана «Ад удзячных вучняў будучым вучням Беларусі». А Уладзімір Мартысюк, які выкладае матэматыку па-беларуску ў рускамоўнай школе з харэаграфічным ухілам і атрымлівае найлепшыя вынікі! Усе яны не толькі настаўнікі ад Бога, але і сапраўдныя Асобы, на якіх яшчэ і трымаецца наша педагогіка. Баюся, яны б не мелі шанцаў на цяперашнім конкурсе «Настаўнік года»: хто б гендэрам не выйшаў, хто – сваімі поглядамі, хто б стаў ахвярай паддывановай барацьбы, унутрыведамасных інтрыг ці элементарнай зайздрасці менш таленавітых калег з журы. Ды і цяжка ўявіць высокаадукаванага (у тым ліку і ў музычнай сферы) Аляксандра Маркавіча Фельдмана, які б пагадзіўся скакаць на сцэне перад высокай камісіяй, а ў перапынках фіналу педагагічнага (!) конкурсу слухаць цётку ў бліскучай сукенцы, якая спявае пошлыя рускія песні пра тое, як яна пазычыла мужа ў сяброўкі, і забылася вярнуць…
Я не ведаю, каго прызначыць высокапастаўленае журы «Настаўнікам года-2014». Гэта стане вядома праз пару дзён. Сярод фіналістаў шмат моладзі і людзей з досведам, якія маюць педагагагічныя здольнасці і ў якіх застаюцца шанцы стаць Асобамі, Грамадзянамі. Магчыма, калі-небудзь яны змогуць атрымаць гэтае званне і ад дзяцей, якіх вучаць. І тое званне можна будзе насіць з гонарам.