Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Дзённік настаўніцы. 8 лістапада - 15 снежня

Дзённік настаўніцы. 8 лістапада - 15 снежня

Ганна Севярынец
08.11.2021

Запусці ў хату беларускіх паэтаў, называецца:) Містычная гісторыя:)

Прыдумала я на Дзяды павесіць у сябе ў рабочым кабінеціку партрэты паэтаў, па якіх я рабіла кніжкі ці па якіх цяпер раблю. Я такія "іканастасы" наогул паважаю, у калідоры ў мяне — цэлая галерэя партрэтаў сваякоў, у кухні —  дзяцей, дык у кабінеце сама просяцца беларускія паэты. Раней у мяне на стале стаяў адзін Дудар — калісьці брала ягоны партрэт у рамку для мерапрыемства ў гімназіі, дык паставіла.

Выбрала прыгожыя фоты —  Дубоўка, Купала, Чарот, зноў жа Дудар, ужо іншы, татаву фотку ўзяла, паехала ў Менск раздрукавала, у шкло пад рамачкі, усё прыгожанька.

Учора павесіла.

Пачалі яны падаць. То Чарот упадзе. То тата. То Дубоўка. Увесь вечар, як тыя старушкі з верша Данііла Хармса. Падаюць і падаюць. Я павешу —  яны падаюць па адным. Павесіла зноў, насварылася на іх, легла спаць. Раніцай устаю —  усе на падлозе, як адзін. Толькі Дудар стаіць на сваім месцы, пасміхаецца.

Ладна, думаю. Паляжыце пакуль на кніжных паліцах усёй камандай, дамоўцеся паміж сабой, што вам ня так і як будзем жыць далей.

І пайшла сабе на кухню па справах.

І тут як грымне, як зазвініць, як завішчыць нешта! Прыбягаю. Усё на падлозе, рамкі разляцеліся на кавалкі, шкло па ўсёй хаце, здымкі парэпаныя, на тварах шнары і пісагі, госпадзе ты божа мой!

Пакуль прыбіралася, паабразала сабе рукі, але злавацца не магу, адно смяюся. Ніяк не памірацца паміж сабой беларускія паэты:) Такі гвалт паднялі ў хаце, шкла набілі, дрэва  ашчапалі, цвікі са сценаў павыдзіралі, ух:) Літпрацэс:)

…

Усё, паразумеліся) Не падаюць, размясціліся па рамках, хто курыць сабе, хто чытае, хто глядзіць у задуменні) Не хапае Купалы і Глебкі, але гэтыя якраз мірныя людзі, то далучацца пазней у агульную згоду. Паэты, па якіх я зрабіла альбо раблю кніжкі, пільнуюць, каб не спынялася)

 

…

15 снежня

Як сабе хочуць нашыя бээсэсэраўскія хлопцы, але і ў іх хутка Каляды)

 
 

Зыходны URL: https://nastaunik.eu/blogs/sieviaryniec/18217