Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Дзённік настаўніцы. 17 лістапада

Дзённік настаўніцы. 17 лістапада

Ганна Севярынец
18.11.2021

Як бы гэта не забывацца, што ў кожнага з нас — свае механізмы ўспрыняцця рэальнасці, свае матрыцы паводзінаў, свае стартавыя кропкі для дзеяння альбо ня-дзеяння, свае рэальнасці. Як бы гэта помніць, што не існуе адзіна правільнай "палітыкі партыі", а "паразуменне" — гэта найперш прыняцце рознасці. Паразуменне — гэта не прывядзенне ўсіх да адзінай думкі, гэта стратэгія, якая сыходзіць з рознасці і супрацьлегласці.

Хтосьці прызвычаіўся ў жыцці стартаваць да любой актыўнасці з кропкі "усё прапала, мы ў дупе", хтосьці — з наяўнасці надзеі на выйсце. Хтосьці можа сабе дазволіць бязмежную эмпатыю, хтосьці — не. Хтосьці можа працаваць толькі ў сітуацыі поўнай свабоды, і адтаго з'язджае з краіны, а хтосьці ўмее адшукаць апірышча якраз ва ўпёртасці, і адтаго застаецца дома. Няма ніякай праблемы ў тым, што існуюць розныя стратэгіі жыцця, супраціву, чакання, рэагавання.

Больш за тое. Адзінае, што варта сёння прызнаць усім —  што ніхто з нас не валодае поўнай карцінкай падзей, каб лічыць, што менавіта ён мае ў карыстанні аб'ектыўную рэальнасць. Вакол нас закруціўся ўвесь свет, нават геаграфічна.  Мы не ведаем не толькі абставінаў жыцця іншых краін —  мы не ведаем напоўніцу, як мы самі жылі апошнія 27 год, бо, як высвятляецца, асноўныя праблемы нашы канцэнтраваліся не на людскіх вачах і не толькі ў нашых і суседніх геаграфічных межах.

Таму "непаразуменне" —  гэта не бяда наша, а рэсурс. Гэта якраз і ёсць магчымасць зразумець, што наша ўласная карцінка — скажоная, а праўда, як заўсёды, нават не пасярэдзіне, а паўсюль.  Як і няпраўда.

Паразуменне — гэта не перацягванне іншых на свой бок альбо прымус думаць як я. Паразуменне —  гэта прыняцце чужога пункту гледжання і роўнае стаўленне да чужых і сваіх думак.

Пры гэтым існуе нешта па-за сферай інтэлекту —  мараль. Думкі могуць быць колькі заўгодна розныя, але абмен гэтымі думкамі, безумоўна, мусіць быць маральным. Ну хаця б таму, што нам усім, у незалежнасці ад асабістых якасцяў і асабістых рэальнасцяў, аднолькава цяжка. Ці таму, што дыскусія, якая вядзецца амаральна, ніколі не бывае канструктыўнай.

Гэта ўсё, безумоўна, абсалютна простыя і відавочныя рэчы. Але мне, напрыклад, часта даводзіцца нагадваць іх самой сабе.

 

Зыходны URL: https://nastaunik.eu/blogs/sieviaryniec/18223