Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Дзённік настаўніцы. 1 снежня

Дзённік настаўніцы. 1 снежня

Ганна Севярынец
01.12.2021

Менавіта цяпер нешта шчоўкнула, і ў тых падлеткаў, якіх я назіраю, знікла — фактычна цалкам — пагарда да беларускага. Шчэ ў мінулым годзе заходзіць з беларушчынай у непадрыхтаваную падлеткавую аўдыторыю было адчувальна складана, у гэтым — амаль няма ніякіх унутраных перашкод.

І гэта адказ на пытанне, якое цяпер часта гучыць у пастах дарослых — што рабіць, што мае сэнс, ці ня кінуць гэтую праклятую краіну, што нас чакае, што я магу.

Што мы можам?

Паступова, без гвалту і ціску, пашыраць беларускую прастору вакол рускамоўных дзяцей.

Абавязкова схадзіць з імі ў музеі — ніколі не падвядуць Стары Менск Глеба Лабадзенкі, музей конкі і ўвесь комплекс на вул.Кірыла і Мефодзія (толькі там асобна трэба замаўляць беларускую экскурсію, а то па змаўчанні правядуць па-руску), музей Купалы (трэба хутка, бо там мяняецца калектыў), музей Багдановіча (аналагічна), Гістарычны (тое самае), Агінскага (гэта Залессе за Маладзечна, па дарозе абавязкова наведайце Ракуцёўшчыну). Гэта проста мастхэв, і гэта заўсёды дае плён, паверце, нават калі падлетак крывіцца і паціскае плячыма, уражанні ўсё адно застаюцца.

Хадзіць і ездзіць на экскурсіі — беларускамоўных экскурсаводаў і праграм цяпер вельмі шмат. Вывучаць разам Менск альбо родны горад —  дзеці фантастычна мала ведаюць пра горад, у якім яны жывуць. Млын Мянеска за два апошнія гады, што я працую ў Менску, мне не паказаў ніводны менскі вучань. А смалявіцкія ведалі, ага.

Слухаць дома самім беларускіх музыкаў - гвалтам запхнуць у навушнікі падлетку беларускі плэйліст немагчыма, але фонам - у дарозе, падчас сямейных святаў, на кухні — няхай гучыць, дзеці адчувальныя найперш да мелодыкі, да рытму, мова ляжа наверх.

Разам глядзець перакладзеныя на беларускую альбо адразу па-беларуску створаныя фільмы і мульцікі. Іх няшмат, але яны ёсць.

Завесці сабе беларускамоўнага суразмоўцу, з якім вы будзеце раз-пораз размаўляць па-беларуску па тэлефоне, каб дзеці бачылі і чулі, што беларуская — гэта мова побыту, звычайных зносінаў, нармальных гутарак паміж сябрамі.

Слухаць беларускамоўныя зумы, эфіры, перадачы не ў навушніках, а на поўны гук, каб беларуская проста прысутнічала ў прасторы.

Імкнуцца самім несці мову ў свет —  удзельнічаць у конкурсах з беларускай тэматыкай альбо, як ужо можаце, цалкам па-беларуску, абіраць матэрыялам для конкурсаў беларускіх герояў, аўтараў, творы, выявы, саундтрэкі.

Мець на паліцах беларускія кніжкі —  нават калі дзеці іх не чытаюць. Няхай будуць, кожнай кніжцы прыходзіць свой час. Абавязкова чытаць нешта беларускае самім — няхай адну кніжку на паўгода, няхай даведнік альбо нон-фікшн, неважна.

Перавесці тэлефон, асабліва калі іншы раз даеце з яго пагуляцца малым, на беларускую. І самім — моўная практыка, і дзецям — доказ, што мова існуе не толькі на ўроках белліту.

Карыстацца ў банкамаце беларускай мовай.

Усталяваць у кампутары і ноўтбуку беларускую раскладку і прывучаць дзяцей гугліць па-беларуску. Беларускі інтэрнэт за апошнія часы надзвычай імкліва расце, і якасць беларускіх матэрыялаў пра беларускія рэаліі ўжо даўно лепшая за рускі кантэнт пра беларусаў. Пра вікіпедыі я ўжо і не кажу —  навошта хадзіць у рускія вікіпедыі, мне мала зразумела. А нашы — вельмі якасныя, абедзьве (так, іх дзве).

Навошта гэта трэба і чаму гэта мае сэнс?

Таму што ў чалавека мусіць быць унутры нейкі доказ таго, што ён мае права пачувацца гаспадаром на гэтай зямлі. Сёння такі доказ у нас застаецца хіба толькі адзін — мова. Не, яшчэ ёсць —  продкі, гісторыя сям'і. Гэта цяпер таксама наш важны ўнутрысямейны клопат —  гісторыя сваёй сям'і, як мага глыбей і шырэй.

Мы як мы. Але нашы дзеці мусяць расці ў адчуванні свайго бясспрэчнага права на гэтую зямлю — і свайго шчаслівага абавязку не шукаць дабротаў у чужых краінах, а рабіць іх сабе тут.

 

Зыходны URL: https://nastaunik.eu/blogs/sieviaryniec/18232