Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Дзённік настаўніцы. 3 - 4 снежня

Дзённік настаўніцы. 3 - 4 снежня

Ганна Севярынец
03.12.2021

Наогул што я хацела сказаць пра дзяцей. Учора нам сапраўды ў аўральным рэжыме давялося вырашаць нешта з нашым школьным праектам. Тое, што ён пад пагрозай зрыву, стала ясна позна ўвечары — кожны дарослы ўсё спадзяваўся, што падымецца і прыйдзе, і правядзе "за сябе і за таго хлопца", і прыходзіць вечар, і высвятляецца, што падымацца няма каму.

І вось мы ўвесь час наракаем, што дзеці часцяком пішуць нам у прываты і тузгаюць нас па школьных справах у прыватных паведамленнях. О, як я іх тузгала ўчора па гэтых прыватных кантактах, напрацаваных не мной, а імі:)

Яшчэ мы перажываем, што яны ўвесь час у сацсетках. Затое як імгненна яны адгукаліся ўчора! Як хутка скідвалі патрэбныя адрасы, паролі і яўкі. Яны могуць знайсці адзін аднаго проста ў секунду — о богі, як гэта было ўчора дарэчы! 

Яшчэ мы ўсё нудзім, што яны безадказныя і практычныя. Ніводны ўчора не адмовіўся дапамагчы! А калі я з пераляку — звычайна я так не раблю — стала абяцаць ім за дапамогу нейкія плюшкі на ўроках, яны мне строга напісалі: "Мы не за адзнакі гэта робім". Мне стала сорамна:)

Пішу аднаму хлопчыку — такі ён на ўроках троху гультаяваты насамрэч, і ходзіць у мяне ў ненадзейных таварышах —"трэба дапамога", а ён мне адказвае "калі вы пра паэтаў, то я ўжо гэтым займаюся".

Люблюнемагу:)

 

…

 

Учора высветлілася, што ўсе настаўнікі, якія арганізоўвалі праект "Беларускія вуліцы і плошчы Стэмбрыджа" — захварэлі. Усе лежма ляжаць дома, і я ў тым ліку. Здавалася б — катастрофа. Але)

У настаўнікаў ёсць вучні) Сёння паэтычныя чытанні на плошчы Янкі Купалы арганізуе дзясяты клас) Таксама самі праводзяць экскурсіі) Наогул усё  самі)

А мы ляжым на канапах і аціраем скупую настаўніцкую слязу))

 

Зыходны URL: https://nastaunik.eu/blogs/sieviaryniec/18233