Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Дзённік настаўніцы. 12 снежня

Дзённік настаўніцы. 12 снежня

Ганна Севярынец
12.12.2021

Прыходзіць дачушка. "Мама, мне патрэбная матывацыя". БДУ, заліковая сесія. Мда, мне і самой цяпер патрэбная матывацыя, што тычыцца БДУ. Але раблю бадзёры выгляд і кажу: ну давай, да чаго цябе зматываваць.

Аказваецца, трэба зрабіць рэферат артыкула найшаноўнага Ігара Запрудскага пра новыя аспекты вывучэння Багушэвіча.

— М-м-м-м, рэферат! А ці ведаеш ты, што першы рэктар Пічэта лічыў навык рэферавання навуковых артыкулаў самым першым навыкам навукоўца? Ведаеш, як ён дабіваў сваіх аспірантаў рэфератамі?! Ён з іх цэлы год не злазіў, прымушаў тысячы старонак сціскаць да пяці старонак рэферату! Сам Пічэта!

— Ну ладна, а Запрудскі? Я не ведаю яго.

— А-а-а! Ды я была б гатовая зараз усё кінуць — і рэфераваць ягоныя артыкулы! Гэта ж ён раскруціў гісторыю з Паўлюком Багрымам! Мой любімы артыкул, я яго перачытала разоў сто проста ад задавальнення!

— Ну дык то Багрым... А што такога там у Багушэвіча...

— Ого! А ты рэпчык Вольскага і Памідорава на словы Багушэвіча чула?! Гэта табе не Аліндарка і не Мацей Бурачок! От усё, што вам у школе давалі, гэта старыя аспекты, а новыя — ты толькі ўяві, што там можна накалупаць! Зараз табе Багушэвіч развернецца такім нечаканым бокам, што вочы на лоб палезуць! Раскажаш мне потым, надта ж цікава.

—  Ну добра, пайду. Крыху зматывавалася.

Нават я сама зматывавалася. Сяджу, Немца  на словы Багушэвіча слухаю.  Класны рэпчык.

 

…

Дарэчы, пра рэфераты. Прачытала сёння вельмі карысны артыкул псіхолагаў пра тое, што мы цяпер усе перажываем. Спасылку даць па зразумелых прычынах не магу, а вось рэферат зрабіць  магу:)

Агульная думка ў ім простая: мы цяпер усе знаходзімся ў вельмі траўматычных абставінах. У часткі з нас  (прыблізна траціна, і гэтая траціна —  людзі з шырокімі магчымасцямі псіхікі, устойлівыя да траўматычных абставінаў) —  моцны стрэс. У большасці — сапраўдная траўма. Першыя яшчэ могуць знайсці ў сабе сілы, згрупіравацца, сканцэнтравацца і жыць у новай траўматычнай сітуацыі, другія ж у большасці адчуваюць роспач, віну, неасэнсаваную агрэсію, якая выплёскваецца на блізкіх. Другія мусяць мець магчымасць абаперціся на першых, і нічога ў гэтым дрэннага няма. Я б сказала нават, што першыя мусяць адчуць сваю адказнасць за другіх (псіхолагі гэтага не казалі:).

Што раяць псіхолагі:

Прыняць думку пра тое, што часы цяпер надзвычай цяжкія, і мы ў іх не вінаватыя, ні ў чым. Таксама прыняць думку пра тое, што мы цяпер перажываем смерць рамантычных спадзяванняў і сталеем у разуменні рэальных задач і рэальных цяжкасцяў.

Лекавацца, рухаючыся: прагулкі, вандроўкі, бег, па надвор'і — ровар, каму што зручна. Рухацца рэгулярна і ў радасць.

Знайсці для сябе маяк, накірунак, сэнс, няхай невялікі, але для вас зразумелы, які, па вашым разуменні, набліжае вас да мэты. (Ад сябе дадам у якасці магчымых маякоў хрэстаматыйны спіс, якім трымаюся сама: мова, культура, памяць, салідарнасць, дапамога).

Разумець, што падчас калектыўнай траўмы у народа выпрацоўваюцца калектыўныя інструменты рэагавання на цяжкія абставіны, тыя інструменты, якія мы перададзім у спадчыну дзецям. Нам з вамі ад нашых продкаў дасталіся такія: "мая хата с краю", "не будзі ліха, пакуль яно ціха", "не высоўвайся", "жыць як набяжыць", "ты начальнік я дурак". Што мы пакінем нашым дзецям - залежыць ад нас. Менавіта ў такія часы ёсць шанс змяніць агульныя праграмы.

Ад сябе прапаную варыянты: "Сцісні зубы і рабі сваё", "свет уратуюць адукацыя і выхаванне", "я памятаю, значыць, існую", магчыма нават "не вер, не бойся, не прасі".

 

Зыходны URL: https://nastaunik.eu/blogs/sieviaryniec/18237