Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Дзённік настаўніцы. 25 кастрычніка

Дзённік настаўніцы. 25 кастрычніка

Ганна Севярынец
25.10.2021

З большага я скептычна стаўлюся да сваіх вынікаў выкладання беларускай літаратуры ў цяперашнім дзясятым класе. Не магу сказаць, каб ужо выхавала кагосьці ўлюбёнага ў беларускі тэкст, альбо якога алімпіядніка, і навуковыя працы па беларускіх творцах дзеці мае пісаць пакуль не надта ахвочыя. Але. Ёсць навыкі, якія ў іх цяпер сядзяць трывала. Нарэшце яны прывучыліся шукаць інфармацыю ў гугле не па-руску, а па-беларуску, некаторыя нават карыстаюцца не толькі наркамаўскай Вікпедыяй, але і класічнай Вікіпэдыяй. Нарэшце яны ўсталявалі ў сваіх гаджэтах беларускую раскладку. Нарэшце без дадатковага напаміну ідуць па пераклад не ў гугл-транслэйт, а ў слоўнік.орг. Над гэтым біліся амаль год:))

А яшчэ пісалі яны ў мяне алімпіяду па рускай мове, і трапілася ім там заданне пра родныя мясціны Талстога, Чэхава, Дастаеўскага і іншых рускіх класікаў. Сядзелі яны, сядзелі, чухалі патыліцу, і тут адна дзяўчынка з болем у голасе ўскрыкнула: вось калі б яны пра Купалу ці Багдановіча спыталіся, я б ведала! А гэта адкуль мне ведаць?!

Пра тое, што рускую літаратуру я таксама ім выкладаю, мы сарамліва памаўчым.

 

 

Зыходны URL: https://nastaunik.eu/blogs/sieviaryniec/18250