Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Дзённік настаўніцы. 28 сакавіка

Дзённік настаўніцы. 28 сакавіка

Ганна Севярынец
28.03.2022

Бачу, шмат хто ў стужцы пераходзіць на беларускую:) І шмат хто вагаецца: ці пераходзіць цалкам, ці не згубіцца "ахват", ці будзе зразумела рускамоўным фрэндам, ці не будзе выглядаць ненатуральным пераклад вашай рускамоўнай рэчаіснасці на беларускую ў сеціве.

Хачу падзяліцца досведам і даць некалькі практычных парадаў:)

Я пачынала свой фэйсбук па-руску. Да таго ж стужка мая на палову складалася з расейскіх настаўнікаў, бо я тады была моцна інтэграваная ў расейскую прафесійную супольнасць, друкавалася ў педагагічных часопісах там і наогул у мяне па-руску выйшлі тры кніжкі значна раней, чым я стала друкавацца па-беларуску. Такім чынам, такія ж пытанні стаялі і перада мной, калі я паступова пачала пераходзіць на беларускую ў фб.

Дык вось. З-за беларускай мовы ад мяне ніхто і ніколі не адпісваўся. Болей за тое. Мае расейскія калегі пачалі задаваць пытанні наконт мовы, сталі браць у сваю практыку беларускую для нейкіх лінгвістычных заданняў, вершы для перакладаў і параўнанняў - адным словам, ніякіх страт, адні выгоды і для мяне, і для іх, і для мовы.

З беларускай стужкі ніхто ніколі не папрасіў "а напішыце па-руску, бо ніпанятна". Па-беларуску ў нас ў рэальнасці спакойна чытаюць усе.

Што тычыцца ахопу і шырыні распаўсюду - клянуся вам, мова тут ні пры чым:))

Рэчаіснасць на беларускую таксама перакладаецца з прыбыткам:) Беларуская мова - не пафасная, іранічная, у ёй заўсёды апрыёры прысутнічае лёгкі гумар і самаіронія, па-беларуску значна цяжэй распусціць пафасныя соплі альбо збіцца на самалюбаванне:)

Таму - не бойцеся і пераходзьце, ад гэтага адны выгоды вам у сацсетках і па жыцці:)

Што ў дапамогу. Па-першае, http://slounik.org/ [1]. Люблю гэты рэсурс яшчэ і за тое, што, акрамя асобных словаў, тут можна глядзець беларускія адпаведнікі фразеалагізмаў, каб не калькаваць рускія выразы, а выкарыстоўваць свае (кшталту "мех і торба" замест "вагон і маленькая тележка").

Па-другое, моўная суполка Толькі пра мову [2]. Там пішуць і чытаюць найлепшыя знаўцы мовы, вельмі хутка прыходзяць у каменты, даюць парады, ніколі не крыўдзяць і заўсёды ставяцца з павагай. А яшчэ там бываюць ачуменныя дыскусіі (не блытаць з бульбасрачамі:))

Што пачытаць проста зараз, каб мець перад вачыма харошы беларускі тэкст. Янка Брыль "Ніжнія Байдуны" - надзвычай тэрапеўтычная вясёлая кніжка з сакавітай мовай. Уладзімір Караткевіч "Чазенія" - шмат нечаканай для школьнай беларускай літаратуры лексікі. Міхась Стральцоў - што заўгодна, добрая гарадская беларуская мова.

І не бойцеся памыляцца і трасяніць:) Гэта і ёсць навучанне, цяпер ніхто не робіць заўваг дурным тонам, папраўляюць ласкава і не крыўдна:) Ці не папраўляюць увогуле:))

Абдымаю ўсіх, дарагія суайчыннікі, ну, і саацечэственнікаў таксама:)

SLOUNIK.ORG [3]

slounik.org: беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі [3]

беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі [3]

 

Зыходны URL: https://nastaunik.eu/blogs/sieviaryniec/18299

Спасылкі
[1] https://l.facebook.com/l.php?u=http%3A%2F%2Fslounik.org%2F%3Ffbclid%3DIwAR0FBdqSDLpckzcuNoO6Oq8dSm6yhcxa1sz5IHfNO5a-k5G-Tnsj72iBHr8&h=AT0WGI0sq5GjqBr3LCXRDXHFxhf0um-fOjd0xK0QcYQ3TszpiNxtFHwYYZ1XA6DB7D7cDB9s-O3z3NFee78PlJvZRl3hZ5myUpRgv3EWqq0_FjEFTTGerwzLCn7EroiRQQSS&__tn__=-UK-R&c[0]=AT3hujstx_69p19TZs9Sm_JfQaK6tXhA9lAPdEpZfz0UrJ_J5T4NnWPiipROFJMqeB63r-THGt16TErMU5_pXRXInIONxFgTRi2ivXrm1AXWll-3kEjriQXvQe0Y_udans8QQfr3YcdXXfU08tzWs6u6iw
[2] https://www.facebook.com/groups/pramovu/?__cft__[0]=AZWpLJf22RagFnbtsxOC4Ecc7IZj-dgE5N4NY4zit36Lrxd9OaAYEf2W33v6zV6CMqzgQaVu4eH-f2AYkDhH9zV8XgfjDf93v2UOgA49toaBMmPmPKVO2ipTIVNdJs_eNnc&__tn__=-UK-R
[3] http://slounik.org/?fbclid=IwAR3wuq_ltO3yGoNruuzYEgVKb8_BzOh8VlSGga6c4v3XRCtAkbwpyqVub98