Дзённік настаўніцы. 28 красавіка.
Ганна Севярынец
28.04.2022
Як пазбегнуць непрыемных моўных дыскусій "сярод сваіх" чалавеку, які пачынае пісаць альбо размаўляць па-беларуску.
Насамрэч ніхто з нас, людзей, якія далучаюцца да беларускай мовы ў дарослым узросце, не пазбег непрыемных сітуацый, калі нехта больш дасведчаны робіць нам заўвагу.
Гэта амаль заўсёды непрыемна, асабліва калі ўлічыць, што ў момант змены мовы чалавек надзвычай уразлівы. Тады нават карэктныя заўвагі ўспрымаюцца балюча.
Ёсць адзін шыкоўны спосаб)
Не спрачацца) Падзякаваць і паправіцца)
Калі я пачынала пісаць па-беларуску, і атрымлівала дзясяткі заўваг у дзень, публічна і ў прыват, я ўзяла сабе цудоўную фармулёўку, якой карысталася тагачасная "Наша Ніва" у каментарах: яны пісалі ў адказ на моўныя заўвагі два словы. "Дзякуй, выправілі".
Ну, і каб два разы не ўставаць. Існуюць два моўныя трыгеры, на якія вельмі хваравіта рэагуе беларускамоўны інтэрнэт. Гэта, канешне, "Белоруссия", і гэта выраз "размаўляць на мове". Абодва - зневажальныя) Тут нельга пісаць "гэта мая думка", "а я так прызвычаіўся", "насамрэч тут няма нічога зневажальнага" і наогул лепей не дыскутаваць, калі не хочацца трапіць у круты замес праведнага бульбасрачу. Выраз "размаўляю на мове" такі ж непрыймальны, як і "Белоруссія".
Таму не крыўдуем, а проста спакойна, з усмешкай выпраўляемся) Уменне падзякаваць за заўвагу і выправіцца дадае чалавеку ў карму і рэпутацыю мільён плюсікаў)
Чым можна замяніць выраз "размаўляю на мове": размаўляю па-беларуску, пераходжу на беларускую, прыглядаюся да нашай мовы, вырашыла далучыцца да свайго))
