Дзённік настаўніцы. 7 кастрычніка
Ганна Севярынец
07.10.2022
Радуюся Нобелю Алеся Бяляцкага! Памятаю ўсё, што ён зрабіў: і для міра, і для беларускай культуры, і для беларускай музейнай справы, і для палітвязняў не толькі апошніх двух год, але апошніх дзесяцігоддзяў!
І адначасова - рабіце са мной што хочаце - радуюся таму, што Нобелеўскую прэмію міра атрымалі адначасова Беларусь, Украіна і Расія.
Наогул я думаю, што нам варта яднацца, людзям добрай волі. Выглядае на тое, што выбірацца нам усё адно разам, а ўжо што тычыцца расейскага грамадства - я не бачу варыянтаў, як яны будуць выпаўзаць са свайго маральнага становішча без адэкватнай дапамогі інтэлігенцыі і інтэлектуалаў суседніх краін. Сваіх рэзерваў дабра ім не хопіць, як мне падаецца. Нехта ж мусіць ім тлумачыць усё з боку, а не з чорнага нутра.
От, напрыклад, зараз шмат хто з прагрэсіўных расіян піша толькі пра тое, што прэмію атрымаў расейскі "Мемарыял". Ані слова пра тое, што прэміі міра сёлета - тры. Павінен жа нехта іх настойліва папраўляць, і не толькі ў гэтым. І хто, як не мы.
