Дзённік настаўніцы. 10 -11 лістапада
З раніцы думала, як бы гэта мне ў Беларусі паўдзельнічаць у наркамана-прастытуцкім флэшмобе, толькі каб не сумна, а з аганьком. Нічога не прыдумала, закруцілася па хатніх справах, у перапынку яшчэ падумала, але ўсё, што прыдумвалася, хто-небудзь ужо зрабіў. Тады паехала ў горад, хацела хаця б квадрацікаў на дамах пафотаць для флэшмобу, але пачало цямнець, тады я зноў была занятая, сеяла разумнае, добрае і вечнае пра арфаграфію і пунктуацыю, а потым зноў думала, як бы гэта так, каб з аганьком, але мазгі ў настаўніка пасля сяўбы, як вядома, пуставатыя, то прыдумала толькі адно:
ЖЫ, ШЫ пішы з буквай Ы))
…
Трапіўся ў стужцы заклік дапамагчы аднаму беларускаму кафлянаму заводзіку, маўляў, дыхае на ладан, мо, вам што трэба. А я якраз прыглядаюся да ізразцоў на печ. Не гэтага году справа, канешне, але паглядзець, прыцаніцца, можа, і набыць які карнізік, каб дапамагчы сваім – чаму б і не.
Пайшла глядзець каталог.
Што мне прапануе беларускі кафляныя заводзік? Ізразцы "Гжэль", "Хахлама" і "Галубы". Назва няпоўная, можна было б назваць "Кастрамскія галубы", бо нічога ад нашых галубоў там няма.
Ладна, калі ё спажывец на хахламу, хіба ж я супраць. Пайшла паглядзець іншыя заводзікі.
Там мне прапануюць калекцыі "Масква", "Рускае барока", яшчэ хахламу, гжэль і тульскіх галубоў, ну, і для пераборлівых – "Мадэрн".
Я не сварыцца. Заводзікі, канешне, робяць што хочуць, асабліва ў цяперашні дурны час. Я ў якасці прапановы на будучыню. Ачуменная была б калекцыя "Кветкі Драздовіча". Ці "Кіш". Ці "Слуцкі пояс". Ці, напрыклад, густоўная старасвецкая кафля "Рэйтан" ці "Агінскі".
На хахламе-та, канешне, збанкрутуеш.
