Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Дзённік настаўніцы. 31 студзеня

Дзённік настаўніцы. 31 студзеня

Ганна Севярынец
31.01.2023

Калісьці я была напісала рэцэнзію на тэатральную пастаноўку, рэцэнзія тая моцна нашумела ў вузкіх колах, і Лёша Стрэльнікаў, сустрэўшы мяне на нейкай прэм'еры Купалаўскага, са смехам сказаў: "Што, Ганна, цяпер будзеце адымаць хлеб у тэатральных крытыкаў?"

Сёння я падумала, што цяпер няма што і няма ў каго адымаць, нажаль.

Паглядзелі "Ладдзю роспачы" у філармоніі.

Лібрэта – на дзесяць. Музыка – на дзевяць з паловай: абсалютна шыкоўныя аркестровыя тэмы, музычныя вобразы Гервасія, Боны Сфорцы, Смерці (тут проста ўвесь час беглі мурашкі), хітовая песня хора з карціны "Ладдзя дурэе", а вось арыі Вылівахі я б перапісала, бо надта яны выйшлі лірычныя, у стылістыцы "крыкнуць хацелася – голас замёр")) Трэба дадаць туды вагню і здаровага цынізму)

Самы найлепшы выканаўца, які ўразіў мяне ад пят да макаўкі – Хор. Эх, шкада, што яго хавалі за аркестрам! Як яны спявалі, як ігралі, як рагаталі ў сцэне бунта Ладдзі, як сціхалі і мацнелі па патрэбе – я ў поўным захапленні.

Шчэ моцна ўразілі Бона Сфорца і Смерць: нават у стылістыцы канцэрту яны ўвайшлі ў вобраз і шыкоўна яго вытрымалі.

Гервасія я б: 1) пераапранула, бо смокінг і бабачка стваралі ўражанне, што нешта тут ня так) 2) растрапала б валасы, бо Гервасій не можа быць такім ужо батанікам 3) наліла б яму кілішак каньячку перад канцэртам)

А наогул з гэтага шыкоўнага матэрыялу трэба рабіць мюзікл. І запрасіць на ролю Вылівахі Васіль Дранько-Майсюк [1] ) Ягонай эксцэнтрычнай энергетыкі мне моцна не хапала ўвесь спектакль)

Пару разоў, канешне, пусціла слязу, асабліва там, дзе Гервасій паказваў Боне Сфорцы родную зямлю.


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/blogs/sieviaryniec/18554

Спасылкі
[1] https://www.facebook.com/profile.php?id=1355611465&__cft__[0]=AZX4lWHmdmLLhVpuEsz0dOerEGITCEVEBWpzN9LNG7LE5feo_jBI-y6izSj3orImL1UuVYMQN77in_e0vWeRWL11IYSIRE-2uRNlDdaV-L0v-h7t_2g-Q7jftKjBtNmXsYs30CCQ_dgBexztwvOmpmbWhgyuMdm1PfXyb_6CN2_VUA&__tn__=-]K-R