Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Дзённік настаўніцы.30-31 ліпеня

Дзённік настаўніцы.30-31 ліпеня

Ганна Севярынец
31.07.2023

Хочацца сказать дзякуй і ўсіх абняць. У такія дні верыцца, што неяк разам вырулім.

…

Прыязджаў хлопчык, прывёз мне паштовачкі ад маіх колішніх вучняў. Я выкладала ў іх рускую мову і літаратуру, але пішуць яны мне па-беларуску.

Паштоўкі яны падпісалі, але я б па почырку пазнала б) Бывае, забываюся імёны, а почыркі памятаю)

… 

Стала важным зберагаць у сабе звычкі, словы тых, каго побач ужо няма. Выцягнула з шафы бабіны хусткі – па вёсцы хаджу цяпер у іх, і завязваю так, як завязвала бабуля. Агуркі катаю цяпер толькі па татавым рэцэпце, не адступаючы ані на крок. І не толькі ў рэцэпце справа: як тата, доўга рыхтуюся, раскладаю гародніну, меланхалічна любуюся, медытую над слоікамі, як тата гэта рабіў. Апошні час колькасць такіх рытуалаў, якія дасталіся мне ў спадчыну ад памерлых, расце і расце. І я стала заўважаць, што чапляюся за гэта, упарчуся, спрабую іх вытлумачыць, нармалізаваць – маўляў, так працягваецца тое жыццё, якое так крыўдна сышло.

Была б я маладзейшай – я б, пэўна, нарадзіла б яшчэ сына альбо дачку. Хочацца даваць жыццё.

А яшчэ не хочацца ненавідзець. Іншы раз даводзіцца нават хадзіць з кута ў кут – і прыгаворваць: ува мне няма нянавісці, ува мне няма нянавісці.

Хочацца ўзяць пад кантроль гэты звар'яцелы сусвет, неяк унутры сябе пераадолець тое варыва, што хлешча звонку цераз край, запаўняе ўсё там, усе пустыя месцы, што ўтварыліся там, дзе былі любімыя людзі, любімыя кніжкі, любімыя гарады, любімыя вершы.

Мае "Патрык" і "Бельгія" заканчваюцца аднолькава, двума словамі: смерці няма. Быў час, я думала, што кожную кнігу буду так фіналіць. Дзіцячы прыёмчык, канешне, потым я ад яго адмовілася.

Сёння думаю, што дарэмна.

 

 


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/blogs/sieviaryniec/18686