Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Дзённік настаўніцы. 24 снежня.

Дзённік настаўніцы. 24 снежня.

Ганна Севярынец
24.12.2023

А сёння дзень народзінаў Алеся нашага Дудара, добрага майго таварыша з тых дваццатых, які сустрэўся мне якраз перад нашымі дваццатымі –  і мне з ім ісці лягчэй.

За гэты год зрабілася для яго зусім няшмат, але нешта ўсё ж ёсць: самым невераемным чынам пры дапамозе ўкраінскіх калег адшукалася частка Дударова перакладу "Германіі. Зімняй казкі" Гайнэ. Некалькі лістоў з гэтага перакладу былі тут, сярод папер, знойдзеных у 2017, а частка –  нейкім чынам невядома калі апынулася ў Кіеве, і вось там, пад бомбамі, была знойдзена. Такая вось ягоная ўласцівасць – апынацца пасярод трындзяцоў. 

Шчэ з'явіўся новы пераклад ягонай Зоркі - на французскую гэты верш пераклала Yana Hultsiayeva [1], і для франкафона Дудара, які быў першым перакладчыкам Бамаршэ, гэта дарагі падарунак) Апынацца на скрыжаванні моў - таксама ягоная ўласцівасць)

А яшчэ ў гэтым годзе з'явілася цудоўная песня на верш Дудара - "Завяжу я, завяжу я", музыку напісала Галіна Казіміроўская [2], а выканаў яе адзін наш легендарны хор, спасылку даць не магу, як вы разумееце. Таксама не магу даць спасылку на радыёсерыял пра Дудара, створаны камандай Васіль Дранько-Майсюк [3], а серыял такі, між тым, таксама выйшаў у гэтым годзе. Шчэ адна ўласцівасць майго таварыша –  апынацца пасярод экстрэмістаў, алкаголікаў і тунеядцаў. Багема:)

Верш сёння будзе, дарэчы, вельмі спакойны. Я яго вельмі люблю, гэты верш кніжнага хлопчыка, які сам стаў кнігай.

 

Змора ня хіліць, ня вабіць яда

ад вобразаў, слоў і форм.

Поэта нарэшце скончыў і здаў,

і кніга пайшла ў набор.

Гарэла вітрына у сотні фарб.

Кніг столькі – глядзі ды глядзі!..

Поэта-ж убачыў поўны чар

маленькі томік адзін.

За годам год – чарада прайшла.

Шмат кніг – вялікіх, малых…

Хто ўспомніць, канчаючы дальні шлях,

слупоў прыдарожных лік.

І там, на асфальце, пад шэрай сьцяной,

дзе кнігі расклаў букініст,

вялікі поэта штурхнуў нагой

забытага томіка ліст.

1928

 

Зыходны URL: https://nastaunik.eu/blogs/sieviaryniec/18841

Спасылкі
[1] https://www.facebook.com/suora.sanainen?__cft__[0]=AZWuwTKe4doT1tGbHHerGC4QEDF5a5apDay516QP4Q75_wa3AX_tZqUjRiOVxdbI8ZFZuvmbYkEvcERBR6oqpqGNbcy0vCGATBloaucQ9pxLfT-6yscP2Kpvjzs2yYZqyLsd6jyzHMl1HjMOZpScbY6KmaJYnBPt14_JocHjTJ9IYQ&__tn__=-]K-R
[2] https://www.facebook.com/galina.kazimirovskaya?__cft__[0]=AZWuwTKe4doT1tGbHHerGC4QEDF5a5apDay516QP4Q75_wa3AX_tZqUjRiOVxdbI8ZFZuvmbYkEvcERBR6oqpqGNbcy0vCGATBloaucQ9pxLfT-6yscP2Kpvjzs2yYZqyLsd6jyzHMl1HjMOZpScbY6KmaJYnBPt14_JocHjTJ9IYQ&__tn__=-]K-R
[3] https://www.facebook.com/profile.php?id=1355611465&__cft__[0]=AZWuwTKe4doT1tGbHHerGC4QEDF5a5apDay516QP4Q75_wa3AX_tZqUjRiOVxdbI8ZFZuvmbYkEvcERBR6oqpqGNbcy0vCGATBloaucQ9pxLfT-6yscP2Kpvjzs2yYZqyLsd6jyzHMl1HjMOZpScbY6KmaJYnBPt14_JocHjTJ9IYQ&__tn__=-]K-R