Зварот Івонкі Сурвіллы да настаўнікаў
«А ад Вас залежыць у вялікай меры павага ў Беларусі да свае мовы, да ўсяго беларускага, бо Вы з'яўляецеся найбольшым аўтарытэтам для сваіх вучняў.»
Адкрыты ліст старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы да настаўнікаў Беларусі з нагоды пачатку новага школьнага года.
Паводле Радыё Свабода [1]
“Нічога так моцна мяне не задавальняе, як быць настаўнікам ды выхоўваць дзетак, якія будуць уважаць сваім абавязкам прычыніцца да дабрабыту нашага свету...” Так аднойчы гаварыў усім ведамы ў Канадзе настаўнік Юстын Трудо, сын найбольш ведамага канадскага прэм'ер-міністра П'ера Трудо.
Дарагія настаўнікі Беларусі, як прыемна было б пачуць, што Вы таксама выбралі гэтую прафесію, каб зрабіць з нашых беларускіх дзетак лепшых Беларусаў, з пачуццём адказнасці за будучыню свае Бацькаўшчыны, за зберажэнне свае культуры і свае мовы. Вельмі ж прыкра чуць юнакоў, якія прыяжджаюць з Беларусі на летні адпачынак у Канаду ды дзівяцца, што нехта ў Канадзе гаворыць па-беларуску...
Мы тут гэтую мову шануем і ўважаем нашым агульнабеларускім скарбам. Пачуццё гэтае стараемся перадаць нашым дзецям. Уявеце сабе іхнае расчараванне, калі прыехаўшы ўпершыню ў Беларусь яны чуюць мову чужую, не беларускую. А ад Вас залежыць у вялікай меры павага ў Беларусі да свае мовы, да ўсяго беларускага, бо Вы зяўляецеся найбольшым аўтарытэтам для сваіх вучняў.
У жыцці кожнага з нас былі настаўнікі, якія зрабілі на нас велізарны ўплыў. Некаторыя з нас выбралі прафесію дзеля свайго захаплення настаўнікам ці настаўніцай. Уплыў настаўнікаў на наш светапогляд, на людскія вартасці, якіх мы будзем прытрымоўвацца да канца жыцця, бясспрэчны. У нашым свеце, дзе бацькі праводзяць штораз менш часу з сваімі дзецьмі, таму што змушаныя абое працаваць, ад Вас залежыць будучыня нашага народу і нашага краю.
Што рэжым у Беларусі антыбеларускі, гэта ўсім ведама Але ж да сумлення Вашага ніхто апрача Вас самых не мае доступу. Сваім прыкладам настаўнік можа зрабіць болей як усе ўказы дыктатара. Звяртаюся да Вас сёньня з просьбай: выхоўвайце ў беларускім духу нашых дзетак, каб яны не цураліся свайго. Каб яны былі гордыя, смелыя, прынцыповыя. Каб разумелі, што Беларусь іхная Бацькаўшчына і што іхным святым абавязкам ёсць яе бараніць ад чужых імперыялістычных намераў.
Вы, дарагія настаўнікі Беларусі, можаце як ніхто іншы адрадзіць беларускую Беларусь! Сілаў і мужнасці Вам у Вашай ахвярнай працы.
Івонка Сурвілла Старшыня Рады БНР