Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Ці стане школа рэпрэсіўнай установай?

Ці стане школа рэпрэсіўнай установай?

04.06.2008

Ці ператвораць школу ў рэпрэсіўны орган?

Тэндэнцыя апошніх гадоў сведчыць, што школа ўсё менш і менш выконвае адукацыйныя функцыі i ўсё больш нагадвае ўстанову абмежавання волі. Прычым воля абмяжоўваецца як настаўнікам, так і вучням.
Зніжэнне агульнага ўзроўню адукацыйных паслугаў школы прывяло да таго, што без рэпетытарскай дапамогі амаль немагчыма здаць тэсты і паступіць ў ВНУ. Але і гэтага нашым уладатрымальнікам паказалася мала. Зараз рыхтуецца новая рэформа адукацыі, якая, паводле словаў дэпутата Уладзіміра Здановіча з'яўляецца «сапраўднай дыверсіяй».

Старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч у інтэрв'ю БЕЛАПАН [1] заявіў, што «становіцца відавочным, што зварот да 11-гадовага тэрміну навучання азначае пачатак новай рэформы, прычым рэформы, вядучай у пячорны век». Ён паведаміў, што ва ўсіх краінах у школе вучацца 12—13 гадоў, у асобных — 14. «У Кітаі, Польшчы, Іспаніі, Германіі колькасць навучальных тыдняў — 40, аб'ём нагрузкі на вучня — ад 1.100 да 1.600 заняткаў у год пры 12—13-гадовым тэрміне навучання. А у Беларусі — 800 заняткаў за год, ды яшчэ плануюць іх колькасць паменшыць. Пры далейшым паніжэнні гэтых паказчыкаў наступства для дзяржавы будуць незваротнымі", — лічыць дэпутат.

У. Здановіч падкрэсліў, што аднастайнасць праграм, замена паўнавартасных заняткаў не абавязковымі для наведвання факультатывамі — гэта «сапраўдная дыверсія». «Я нават не аб настаўніках гавару, якіх амаль 10 тысяч збіраюцца з школ выдаліць, а аб школьніках. Да абеду ў школе здольныя да вучобы дзеці будуць адпачываць, а потым сыйдуць да рэпетытараў за ведамі. Ужо зараз да рэпетытараў чэргі, а кошты на іх паслугі ў Мінску выраслі да 30 еўра за занятак», — паведаміў ён.

З іншага боку, школа ператвараецца ў карны орган. І роля карнікаў адводзіцца педагогам. Настаўнікаў прымушаюць рабіць незаконныя паборы з бацькоў, з дзіцячай і сваёй кішэні выкладваць грошы на ўсякія дзяржаўныя выданні, прымусова ўтрымліваць дзяцей у розных школьных лагерах, заганяць ў правільныя арганізацыі, вадзіць строем у лядовыя палацы, каб там не пуставалі трыбуны, а зараз збіраюца з дапамогай педагога прымусіць неплацельшчыкаў заплацьць за камунальныя паслугі [2]. (А чым жа займаецца нашая доблесная міліцыя, калі з парушальнікамі закону змагаюцца настаўнікі? Стабільная і спакойная Беларусь трымае першае месца ў Еўропе па колькасці міліцыянтаў [3]!)


У перапынках паміж карнымі функцыямі настаўнік пакуль яшчэ выконвае адукацыйную. На яе не заўсёды хапае сілаў і часу. Вось новая рэформа і дапамагае педагогу, паніжае ўзровень навучання.

Асноўнай функцыяй школы стаў ідэалагічны кантроль. На вялікі жаль, не навучанне. Для кантролю за думкамі, а не для таго, каб сеяць «разумнае, добрае, вечнае» створаны Белая Русь, БРСМ, піянеры-акцябраты. Для ўтрымання моладзі ў «адукацыйнай зоне» выдумляюцца абавязковыя школьныя і спартовыя мерапрыемствы ў пазакласны час, беззмястоўныя і аб'ёмістыя хатнія заданні прызначаныя для таго, каб не было часу для развіцця асобы. Для вынішчэння вальнадумства выключаюцца нават школьнікі-выпускнікі [4].

А што робяць педагогі, якія не жадаюць быць міліцыянтамі-наглядчыкамі без формы?
Адны пішуць адкрытыя лісты [5] і збіраюць подпісы [6], спрабуючы ўратаваць школу ад непрафесіяналізму ідэолагаў, другія – па-ціху па хатах вучаць дзяцей, трасучыся, што іх нелегальны бізнэс прышчэмяць, трэція – адкрыта непадпарадкоўваюцца загадам і з гонарам сыходзяць са школы [7], чацьвёртыя – пакуль чакаюць да каго далучыцца.

Але так доўга быць не можа. У нас здаровае грамадства, і не ўсім даспадобы ўніформа, і нават «дзелавы стыль». Калі тэндэнцыя ў афіцыйнай сістэме адукацыі захаваецца, дзеці масава перастануць наведваць школу і адчыніцца процьма коласаўскіх ліцэяў [7], у якіх будуць проста вучыць. Вось там и сустрэнемся, калегі.
Алена Чмель
4.06.2008



Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/11085

Спасылкі
[1] http://naviny.by/rubrics/society/2008/06/03/ic_articles_116_157373/
[2] http://naviny.by/rubrics/society/2008/06/02/ic_articles_116_157351/
[3] http://www.charter97.org/ru/news/2008/6/2/7058/
[4] http://www.svaboda.org/Content/Article/1120037.html
[5] http://www.minedu.unibel.by/modules.php?op=modload&name=News&file=article&sid=549&mode=thread&order=0&thold=0
[6] http://naviny.by/rubrics/society/2008/05/23/ic_news_116_290991/
[7] http://www.euroradio.fm/by/500/news/18860/