Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Кінафестываль «Лістападзік»

Кінафестываль «Лістападзік»

14.11.2008

14 лістапада ў кінатэатры “Перамога” распачынаецца фестываль дзіцячага кіно “Лістападзік”. Фэст cёлета адзначае юбілей – 10-годдзе. Арганізатары абяцаюць прыемна здзіўляць гледачоў якаснымі і цікавымі стужкамі. Распачне праграму фільм “Дзе конь, Вінкі?” (Нідэрлянды/Бельгія). Гэта гісторыя пра шчаслівую дзяўчынку, якая клапоціцца пра каня святога Міколы. Адзінае, што ўводзіць яе ў смутак дык гэта тое, што ёй пакуль не дазваляюць катацца на кані Амярыга. Аднойчы Вінкі ўсё ж адчайваецца на шпацыр разам са сваім сябрам, але конь зьбягае. Цяпер дзяўчынка павінна знайсці яго да пачатку Калядаў.

Увогуле ў конкурсным паказе прымуць стужкі са шматлікіх куточкаў свету. Увазе гледача прапаноўваюцца фільмы з Беларусі і Расіі, Узбекістана і Эстоніі, Латвіі і Швэцыі, Германіі і Карэі, Ірана, ЗША, Велікабрытаніі і інш. Гэта дазволіць у шырокім спектры убачыць, наколькі развітае дзіцячае кіно і мультыплікацыя ў свеце. Аматары казачных гісторый пазнаёмяцца з найбольш папулярнымі стужкамі для дзяцей, зразумеюць, на што робіцца акцэнт у той ці іншай краіне.

Стэрыатыпна лічыцца, што фестывалі кшталту “Лістападзіка” цікавыя толькі дзецям. Але насамрэч вельмі шмат прыхільнікаў сучаснай анімацыі, і сярод падлеткаў і нават людзей сталага веку. Апроч таго, у кінатэатры “Аўрора” адбудзецца паказ шэрагу фільмаў у межах праграмы “Дарослым пра дзяцей”. Там можна будзе ўбачыць знакамітую эстонскую стужку “Клас” пра непаразуменні ў дзіцячым калектыве, а таксама расійскі фільм “Розыгрыш”, які ў гэтым годзе быў у ліку першых у рэйтынгу праката.

Традыцыйна будзе прадстаўлены гумарыстычны часопіс “Ералаш” (караткаметражныя мастацкія фільмы). Чакаецца прыезд кіраўніка праекту Барыса Грачэўскага. Убачыць фільмы можна 16 лістапада ў 11.30 і 14.30 ў кінатэатры “Перамога”.

Кінафестываль “Лістападзік” прэзентуе фільмы ў наступных кінатэатрах Мінску: “Піянер, “Дом кіно”, “Аўрора”, “Салют”.

Цікава, што ў “Салюце” будуць паказаны і фільмы-юбіляры (у межах праграмы “Аднойчы, шмат год таму”), знаёмыя не аднаму пакальненьню – стужкі “Іван Макаравіч”, “Гэты нягоднік Сідараў”.


Паводле budzma.org [1]


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/11252

Спасылкі
[1] http://budzma.org/news/tydzyen-kazak-mulcikaw-i-charownykh-filmaw.html