Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Адукацыя пад акупацыяй. 1915–1918

Адукацыя пад акупацыяй. 1915–1918

07.12.2010

Гісторык Уладзімір Ляхоўскі выдаў манаграфію, прысвечаную гэтаму пытанню.

Школьніцтва ў Беларусі за гэты непрацяглы час перажыло чатыры ўладныя рэжымы: расійскую манархію, нямецкую акупацыю, расійскі Часовы ўрад, савецкую ўладу. І кожны прыносіў нешта сваё. «Пры гэтым найбольш недаследаваным застаецца пытанне аб становішчы школьнай асветы на беларускіх землях, якія аказаліся ў 1915–1918 гг. пад акупацыяй кайзераўскай Нямеччыны», — сцвярджае аўтар.

Уладзімір Ляхоўскі — кандыдат гістарычных навук. У сферу яго навуковых інтарэсаў уваходзіць гісторыя культуры і асветніцтва Беларусі другой паловы ХІХ — першай паловы ХХ ст.; гісторыя Першай сусветнай вайны; гісторыя беларускага нацыянальнага руху і беларускай эміграцыі першай паловы ХХ ст. Адзін з укладальнікаў зборніка «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакументах і ўспамінах».
Але вядома, што менавіта «кайзераўскі час» прынёс беларусізацыю ў школы. «Мовай выкладання павінна быць родная (матчына) мова…

Расійская мова як мова навучання ва ўсіх школах забараняецца, але можа факультатыўна выкладацца ў сярэдніх і вышэйшых шолах. Навучанне рэлігіі павінна адбывацца толькі ў роднай мове, а ў яўрэяў на мове іх рэлігіі». Загадвалася ў Пастанове галоўнага камандзіра нямецкага Усходняга фронту «Асноўныя напрамкі па адраджэнню школьнай справы ў Обер Ост» 22 снежня 1915 года.
У склад Обер Ост увайшла тэрыторыя Ковенскай і Гарадзенскай губерняў, Віленскі, Ашмянскі, Лідскі, Свянцянскі, Трокскі паветы, часткі Вілейскага і Дзісенскага паветаў, заходнія воласці Дзвінскага павета, часткі Наваградскага і Пінскага паветаў.
Уладзімір Ляхоўскі ў манаграфіі разгледзеў не толькі беларускую адукацыя пры кожнай уладзе, але звярнуўся і да праблемы развіцця ў гады вайны нацыянальнага школьніцтва палякаў, яўрэяў, літоўцаў, татараў. Піша ён і аб няўдалай спробе ў 1918 годзе стварыць краёвы ўніверсітэт у Беларусі.

У кнізе выкарыстана больш за сотню ілюстрацый, частка з каторых публікуецца ўпершыню. У дадатку друкуюцца дакументы і статыстычныя дадзеныя па тэме.

Замовіць кніжку можна тут [1]. 

Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі (1915–1918) / Уладзімір Ляхоўскі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — 340 с. 

Наша Ніва [2] 


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/12113

Спасылкі
[1] http://arche.by/by/1/70/3749/%D0%A3%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%BC%D1%96%D1%80-%D0%9B%D1%8F%D1%85%D0%BE%D1%9E%D1%81%D0%BA%D1%96-%D0%A8%D0%BA%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D0%B0%D1%8F-%D0%B0%D0%B4%D1%83%D0%BA%D0%B0%D1%86%D1%8B%D1%8F-%D1%9E-%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D1%96-%D0%BF%D0%B0%D0%B4%D1%87%D0%B0%D1%81-%D0%BD%D1%8F%D0%BC%D0%B5%D1%86%D0%BA%D0%B0%D0%B9-%D0%B0%D0%BA%D1%83%D0%BF%D0%B0%D1%86%D1%8B%D1%96-%281915-1918-%D0%B3%29.htm%3C/p%3E%3Cp%3E
[2] http://nn.by/?c=ar&i=46967