Сенат ЕГУ патрабуе вызвалення затрыманых студэнтаў і выкладчыкаў
Сенат Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта патрабуе неадкладнага вызвалення студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта, затрыманых праваахоўнымі органамі ў Мінску 19–20 снежня. 
«Члены сената мяркуюць, што грамадзяне маюць поўнае права выказваць сваё стаўленне да правядзення выбарчай кампаніі ў форме сходаў і шэсцяў. Члены сената патрабуюць неадкладнага вызвалення ўсіх неправамерна затрыманых грамадзян, уключаючы студэнтаў і выкладчыкаў ЕГУ», — гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце [1] ВНУ. 
Як паведаміла БелаПАН каардынатар студэнцкай службы ЕГУ Таццяна Бабіч, паводле папярэдніх звестак, затрыманы навучэнцы ЕГУ Яўген Гладкі (атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту), Эміль Ярмохін (15 сутак), Кацярына Клімко (10 сутак) і Глеб Хамутоў (15 сутак); магчыма, затрыманы студэнты Анастасія Палажанка і Сяргей Смаляк. 
Затрыманы таксама выкладчык ЕГУ Аляксандр Фядута — давераная асоба экс-кандыдата ў прэзідэнта Уладзіміра Някляева. 
euroradio.by [2]
