Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Польшча згодная прыняць беларускіх адлічаных студэнтаў

Польшча згодная прыняць беларускіх адлічаных студэнтаў

28.12.2010

Польшча заявіла аб гатоўнасьці даць магчымасьць беларускім студэнтам, «выключаным зь беларускіх навучальных установаў за ўдзел у маніфэстацыях супраць існуючага рэжыму», бясплатна давучыцца ў Польшчы. Міністар адукацыі гэтай краіны ўжо выступіла з адпаведнай заявай, дадаўшы, што адпаведнае фінансаваньне таксама будзе забясьпечанае.

Прафэсар Барбара Кудрыцка, міністар навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы, назвала ў звароце [1], зьмешчаным на афіцыйным сайце міністэрства, «выклікаючымі занепакоенасьць» дзеяньні беларускіх уладаў у парушэньні правоў і грамадзянскіх свабодаў. Яна заклікала ВНУ Польшчы «да салідарнасьці» ў справе дапамогі рэпрэсаваным студэнтам зь Беларусі:

«Прашу шаноўных Рэктараў і Дэканаў разглядзець магчымасьці прыняцьця на бясплатную адукацыю ў нашы навучальныя установы студэнтаў, выключаных зь беларускіх ВНУ за ўдзел у маніфэстацыях супраць існуючага рэжыму», — заявіла Прафэсар Кудрыцка.

«Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі дэкляруе сваю гатоўнасьць дафінансоўваць кошты жыцьця беларускіх студэнтаў у Польшчы, а ў супрацоўніцтве з МЗС падтрымку ў іншых арганізацыйных справах», — дадала яна.
Кожны сёмы затрыманы ў час мітынгу 19 сакавіка 2010 году — студэнт ці навучэнец, прычым 16% з затрыманых — маладыя людзі ад 18 да 20 гадоў. Агулам па дадзеных МУС за ўдзел у акцыі 19 сьнежня былі затрыманыя 639 чалавек.

У 2006 годзе Польшча таксама падтрымала адлічаных беларускіх студэнтаў, аб чым Аляксандр Мілінкевіч абвясьціў яшчэ да разгону Плошчы.

Агулам з 2006 па 2008 год 540 беларусаў адправіліся [2] атрымліваць вышэйшую адукацыю за мяжой з дапамогай Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць». Найбольш папулярным накірункам сярод студэнтаў аказаліся Польшча і Літва. Так, заходняя суседка Беларусі прыняла за тры гады 377 маладых людзей.

Андрэй Сьмятаньнікаў, generation.by [3]


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/12138

Спасылкі
[1] http://www.nauka.gov.pl/ministerstwo/aktualnosci/aktualnosci/artykul/apel-do-rektorow-polskich-uczelni/
[2] http://generation.by/news3200.html
[3] http://generation.by/news4165.html