Што рабіць, калі ўзьнікаюць праблемы «з-за Плошчы»

Вязьні Жодзіна: малюнак зь дзёньніку юзэра navicki [1], які адседзеў 10 сутак за ўдзел у мітынгу 19 сьнежня
Афіцыйна ніводзін з 90 затрыманых на Плошчы студэнтаў ня быў пакуль адлічаны з унівэрсытэту. Хаця хмары магчымага выключэньня ўжо павісьлі мінімум над трыма дзесяткамі студэнтаў. Ва ўнівэрсытэтах пачаўся збор подпісаў у падтрымку аднакурсьнікаў-вязьняў, а студэнцкія рухі спрабуюць папярэдзіць магчымыя адлічэньні. Практычныя парады пра тое, да каго варта зьвяртацца, каб атрымаць дапамогу і абарону сваіх, у тым ліку студэнцкіх правоў.
ЖЖ-юзэр snorken расьпавядае [2] характэрную гісторыю пра спробу даведацца акадэмічны лёс студэнтаў Інстытуту журналістыкі БДУ, якія былі затрыманыя ў час разгону мітынгу 19 сьнежня. Для гэтага журналістка патэлефанавала дырэктару Інстытуту Дубовіку і атрымала ад яго арыгінальны адказ:
«Я з вамі, ідыётам, размаўляць ня буду», — пачула журналістка ў слухаўцы.Ёмістая фраза, якая дэманструе стан спраў у беларускім грамадзтве. Праўда, іншыя супрацоўнікі журфаку адказваюць на гэтае ж пытаньне больш дыпляматычна, хаця і ня менш размыта:
«Па палітычных матывах зь беларускіх ВНУ не адлічваюць», — заявіў БелаПАН [3] дарадца міністра адукацыі па сувязях са СМІ і грамадзкасьцю Віктар Іўчанкаў, які сярод іншага выкладае ў Інстытуце журналістыцы рыторыку.Праваабарончая ініцыятыва «Студэнцкая Рада» высьветліла і апублікавала [4] інфармацыю пра 40 студэнтаў, затрыманых пасьля 19 сьнежня (гэта інфармацыя яшчэ няпоўная, бо паводле МУС сярод затрыманых каля 90 студэнтаў). Праваабаронцы загадзя, памятаючы вопыт мінулых гадоў, калі сотні студэнтаў з розных нагодаў былі адлічаныя зь беларускіх унівэрсытэтаў, пачалі кампанію па абароне студэнцкіх правоў.
БДУ ЗНОЎ У ЛІДЭРАХ
Пакуль самай «непаслухмянай» ВНУ аказаўся Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Паводле дадзеных «Студэнцкай рады», сярод чатырох дзесяткаў затрыманых студэнтаў 15 вучацца ў БДУ. А 26 зь іх ужо, магчыма, адлічылі. Хаця, ці падпісаны адпаведны загад, пакуль невядома.
У прэс-службе БДУ кажуць, што затрыманых студэнтаў, якія ўжо выйшлі на свабоду, прымусілі напісаць кіраўніцтву ўнівэрсытэту тлумачальныя запіскі адносна свайго ўдзелу ў акцыі. Пакуль лёс іх невядомы, але ў прэс-службе таксама адзначылі, што многія людзі былі затрыманыя выпадкова.
АДЛІЧАЮЦЬ? ІНСТРУКЦЫЯ, ШТО З ГЭТЫМ РАБІЦЬ І КУДЫ ІСЬЦІ
Усе студэнты, над якімі павісла верагоднасьць адлічэньня, могуць зьвяртацца па юрыдычную і мэдычную падтрымку да ГА «Рух за свабоду» і ў камітэт «Салідарнасьць»: (8–017) 280 88 63, (8–029) 917 96 26, (8–029) 875 15 42
Таксама калі ты быў арыштаваны, да цябе прымяняліся рэпрэсіі ў сувязі з падзеямі 19.12.2010, ты можаш зьвярнуцца па дапамогу па наступных пытаньнях:
- Грашовая кампэнсацыя аплаты сутак (за ўтрыманьне ў турме), адрасная грашовая дапамога ў сувязі са звальненьнем, цяжкім становішчам, іншае:
Дапамога вязьням на Управе БНФ. г. Менск, пр. Машэрава (былая вул. Варвашэні) д.8, тэл. (8–017) 284 50 12 (8–029)685 52 39 з 10 да 20. Пры сабе трэба мець копію пастановы суда аб адміністрацыйным парушэньні, квітанцыю на аплату ўтрыманьня.
- Юрыдычная дапамога, аплата штрафаў, дапамога ў сувязі з крымінальным перасьледам:
Праваабарончы цэнтар «Вясна» (8–017) 331 08 44, (8–029) 687 51 29
Болей інфармацыі [5]
ЭЎРОПА НАМ ДАПАМОЖА?
Паводле словаў Іны Кулей, кіраўніцы камітэту «Салідарнасьць», праваабаронцы назіраюць за лёсам студэнтаў, што могуць быць адлічаныя. Камітэт «Салідарнасьць» быў створаны пасьля падзей 2006 году ў тым ліку для адстойваньня правоў адлічэнцаў. Падаецца, вопыт «Салідарнасьці» можа зноў спатрэбіцца.
У інтэрвію Эўрарадыё [6] Кулей кажа, што спачатку будуць зробленыя высілкі па абароне студэнтаў. Калі яны будуць безвыніковыя, адлічаных студэнтаў уладкуюць у эўрапейскія ВНУ. Дапамогуць і тым, хто ня можа зь ідэалягічных матываў абараніцца ў асьпірантуры ў Беларусі — зрабіць тое асьпіранты змогуць у Польшчы. Таксама «Салідарнасьць» спрабуе аднавіць колішнюю праграму дапамогі тым, хто страціў працу ў Беларусі за сваю палітычную дзейнасьць.
Як і ў 2006, Польшча першая адгукнулася [7] на падзеі ў Беларусі і заявіла аб гатоўнасьці прыняць на навучаньне сотні беларускіх студэнтаў. Выбар у адлічэнцаў будзе вялікі: больш за 50 польскіх унівэрсытэтаў згадзіліся ўдзельнічаць у адпаведнай праграме.
Хаця адлічыць могуць зусім і не за «палітычны» тэрмін, а з-за «выпадкова» ня здадзенага іспыту. У гэткім выпадку адрозьніць «двоечніка» ад «палітычнага» будзе складаней. Бо кожны двоечнік можа прыйсьці да праваабаронцаў і заявіць аб сваім актыўным удзеле ў Плошчы.
Уладзімір Дунаеў, былы прарэктар ЭГУ, адзначае, што пытаньне затрыманых студэнтаў можа стаць лякмусавай паперай для новага міністра адукацыі Сяргея Маскевіча. Зрэшты, у Маскевіча, былога рэктара Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, па словах студэнтаў, ужо ёсьць вопыт [8] «перасьледу і адлічэньняў з унівэрсытэту сябраў недзяржаўных арганізацыяў».
«НЕБЫВАЛАЯ САЛІДАРНАСЬЦЬ»
На хвалю рэпрэсій беларускае грамадзтва адказала яшчэ большай хваляй салідарнасьці. Літаральна за некалькі дзён паўстаў валянтэрскі сайт «Ангел-хранитель [9]», дзе кожны можа знайсьці інфармацыю і даць ведаць іншым, якім чынам найбольш эфэктыўна можна дапамагчы зьняволеным і рэпрэсаваным. Цяпер у сьпісах сайту 858 чалавек.
Пра тое, што дзеля падтрымкі арыштаваных і затрыманых агулам ужо сабралі суму дапамогі, эквівалентную 100 тысячам даляраў, паведаміла [10] «Наша Ніва». Газэта назвала гэту сытуацыю «небывалай салідарнасьцю».
ІНСТУКЦЫЯ ПА ЗБОРЫ ПОДПІСАЎ У АБАРОНУ СТУДЭНТАЎ АД АДЛІЧЭНЬНЯ:
1. Знайдзіце і зьвяжыцеся са старастай. Папрасіце старасту дамовіцца з выкладчыкамі наконт залікаў ці іспытаў, якія чалавек прапусьціў (каб здаць пазьней). Даведайцеся, ці пытаўся стараста пра чалавека у дэкана (можна замест старасты папрасіць блізкага сябра гэтага чалавека);
2. Даведайцеся, чым гэты чалавек вылучаўся, (узнагароды, сярэдні бал, актыўнасьць у жыцьці ўнівэрсытэту і г.д.) па магчымасьці вазьміце дакумэнты, якія гэта пацьвярджаюць...
[11]
Салідарнасьць зь беларусамі выказалі [12]і эўрапейскія студэнцкія арганізацыі, якія вельмі хутка пачалі кампанію па падтрымцы беларускіх студэнтаў. Менш заўважныя, але бясспрэчна больш дзейсныя кампаніі праходзяць і ў Беларусі. У некаторых ВНУ ужо пачалі зьбіраць подпісы супраць адлічэньня «сеўшых» студэнтаў.
«Збор подпісаў — гэта не на сто адсоткаў эфэктыўны спосаб, але ён дзейнічае. Толькі паспрабаваўшы, Вы даведаецеся, ці дапамагае ён», — адзначае «Студэнцкая Рада» і прапануе дэталёвую інструкцыю аб тым, як «правільна» зьбіраць подпісы ў падтрымку студэнтаў.
Андрэй Сьмятаньнікаў, generation.by [13]
