Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Гродзенскія “Казюкі” сёлета на тыдзень раней

Гродзенскія “Казюкі” сёлета на тыдзень раней

25.02.2011

Традыцыйны фестываль-кірмаш народных майстроў пройдзе ў Гродне 27 лютага.

На свята ў гонар апекуна майстроў і рамеснікаў св. Казіміра запрашае непрызнаваны ўладамі Саюз Палякаў на Беларусі разам з Генеральным Консульствам РП у Гродне.

- Для майстроў такія кірмашы вельмі важныя, – каментуе падзею Рэната Дзем’янчук, намесніца страшыні СПБ па справах культуры, - яны пакажуць свае вырабы: кераміку, бісерапляценне, бондарскія вырабы, абрусы, сурвэткі і шмат што іншае, так бы мовіць, і сябе пакажуць і на другіх паглядзяць.

Спадарыня Рэната таксама распавяла, што на “Казюках” адбудзецца канцэрт з удзелам капэлы “Хабры”, фальклорных калектываў “Матчына песня” і “Струбнічанка”.

Гасцей кірмашу будуць частаваць гарачай кавай, гарбатай ды хрустамі.

Імпрэза адбудзецца ў дворыку перад Консульствам РП у Гродне, па вул. Будзёнага 48-а.

У выпадку моцных маразоў кірмаш перанясецца ў памяшканне Консульства, дзе выдаюць Карты Паляка.

Пачатак свята ў 12 гадзін.

“Казюкі” ладзяцца з мэтай адраджэння даўняй традыцыі першых веснавых кірмашоў, якія на Гродзеншчыне і Віленшчыне вядомыя з канца 18 ст.

Пачынаючы з 1690 г. гэтыя кірмашы называюцца “Казюкі”, бо праводзіліся 4 сакавіка, у дзень св. Казіміра. Майстры мелі магчымасць дэманстраваць работы зробленыя за зімовы перыяд.
Лічылася, як пройдзе гандаль у гэты дзень – такі будзе і ўвесь год.

Фота мінулых гродзенскіх «Казюкаў" з сайта http://zpb.org.pl/ [1]

Гражына Шалкевіч, Твой стыль [2]


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/12240

Спасылкі
[1] http://zpb.org.pl/
[2] http://t-styl.info/by/103/news/5143/%D0%93%D1%80%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%8F-%E2%80%9C%D0%9A%D0%B0%D0%B7%D1%8E%D0%BA%D1%96%E2%80%9D-%D1%81%D1%91%D0%BB%D0%B5%D1%82%D0%B0-%D0%BD%D0%B0-%D1%82%D1%8B%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D0%BD%D1%8C-%D1%80%D0%B0%D0%BD%D0%B5%D0%B9.htm