Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Школьнікаў навучаць плаціць падаткі і не браць хабару

Школьнікаў навучаць плаціць падаткі і не браць хабару

06.04.2011

У Віцебску стартаваў праект Міністэрства падаткаў і збораў. Яго мэта – пашырыць веды падлеткаў у галіне падаткаў.

Паводле старшыні інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў па Віцебскай вобласці Таццяны Мясаедавай, курс заняткаў распрацоўвалі адмыслоўцы, якія кансультаваліся з выкладчыкамі.

Вучням распавядуць пра асновы прадпрымальніцкай дзейнасці, пра тое, як зарэгістраваць свой бізнес і пазбегчы ўцягвання ў ценявыя эканамічныя працэсы. «Мы павінны яшчэ ў дзяцінстве закласці фундамент: плаціць падаткі – гэта абавязак кожнага грамадзяніна. Менавіта так трэба выхоўваць падаткавую культуру. Таксама дзеці павінны ведаць пра адказнасць ад ухілення. Мы раскажам і пра хабары, і пра карупцыю, і пра «шэры» заробак», – падкрэсліла чыноўніца.

На першыя заняткі запрасілі прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў. Старшыня рады Хрысціянскай садружнасці дарослых і маладых Вольга Лукіна распавяла: «Супрацоўнікі падатковай інспекцыі наўрад ці маюць педагагічны досвед камунікавання з дзецьмі. Таму я прыхільніца таго, каб дзеці наогул атрымлівалі базу эканамічных ведаў, але каб гэта выкладалі іншыя людзі. Напрыклад, у Нарвегіі абавязковы курс для школьніка – эканомія ў гаспадарцы. Там вучаць, як правільна траціць грошы, як можна адкрыць сваю справу і, у тым ліку, колькі падаткаў трэба плаціць і што чакае за ўхіленне. Гэта паступовыя і мэтавыя заняткі, накіраваныя на развіццё чалавека. На жаль, беларускія заняткі пакуль нагадваюць планавыя лекцыі ад супрацоўнікаў дзяржорганаў».

belsat.eu [1]


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/12296

Спасылкі
[1] http://belsat.eu/be/wiadomosci/a,2261,shkolnikau-navuchats-platsits-padatki-i-nie-brats-khabaru.html