«Універсітэт Залатога Веку»
Блог праграмы – http://uzv-hrodna.blogspot.com/ [1] 
На конкурс «Адукацыя для свабоды. Ноўтбук актыўнаму настаўніку» [2] заявіў Вітаўт Руднік (ГА «Цэнтр «Трэці сектар»).
Мэтай створанага ў Гродне ў красавіку 2010 г. «Універсітэта Залатога Веку» з’яўляецца інтэлектуальная, фізічная і сацыяльная актывізацыя сталых людзей.
Для людзей, якія амаль усё жыццё вучыліся і працавалі ў таталітарнай сістэме, магчымасць удзелу ў такога кшталту праекце з’яўляецца надзвычай важнай.
Са сведчання сёлетніх выпускнікоў праекта, многія з іх упершыню даведаліся пра багатую гісторыю роднага горада (секцыя «Падарожжы ў прасторы і часе»), багацце беларускай мовы і культуры (секцыя «Беларускія вячоркі»), навучыліся карыстацца кампутарам і інтэрнэтам (камп’ютарныя курсы), чытаць, пісаць і размаўляць на іншых мовах (курсы польскай і англійскай моваў), маляваць (секцыя «Акадэмія мастацтваў Залатога Веку»), паправілі сваё здароўе (ёга), даследавалі свой радавод і навучыліся апрацоўваць старыя фотаздымкі (секцыя «Жыццёвы дзённік»). Удзельнікі праграмы не толькі навучаліся ў межах «Універсітэта Залатога Веку», але і займаліся грамадска-карыснымі справамі (дзякуючы нашай «Школе добрых справаў» былі сабраныя вопратка для бяздомных і кнігі для вязняў гродзенскай турмы).
Блог «Універсітэта Залатога Веку» інфармуе пра заняткі і іншыя падзеі, якія адбываюцца ў межах праграмы, а таксама пра людзей, якія бяруць удзел у гэтай праграме.
Дзякуючы блогу сталыя гарадзенцы маюць магчымасць даведацца пра сустрэчы з цікавымі асобамі (гісторыкі, эколагі, краязнаўцы, эканамісты, лекары і г.д.), падзяліцца сваімі ўражаннямі пра гэтыя сустрэчы, змясціць на блогу свае жыццёвыя гісторыі (рубрыка «Жыццёвы дзённік»), фотаздымкі і г.д.
Блог «Універсітэта Залатога Веку» спрыяе папулярызацыі ідэі бесперапыннага самаўдасканалення асобы, навучання дарослых на аснове дэмакратычных і беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў, выхаванню вольнай асобы, якая мае права на атрыманне адукацыі незалежна ад узросту, якая здольная не толькі атрымліваць веды, але і дзяліцца імі са сваімі аднагодкамі і людзьмі больш маладога ўзросту.
Сёлета блог стаў адным з лепшых на ІІ міжнародным конкурсе інтэрнэт-рэсурсаў You SMI Media Awards 2010.
