Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > З жыцця дарослых i дзяцей

З жыцця дарослых i дзяцей

09.06.2011

Мая мама ўсё жыццё працавала выхавацелькай у дзiцячым садку. Унiкальны выпадак: i дома, i ў садку ў аўтара быў адзiн i той выхавацель. Пасля Магiлёўскага педтэхнiкума яе размеркавалi ў пасёлак Мiр. Гэта быў канец 40-х, час неспакойны, галодны. Да мацi ў групу хадзiла дзяўчынка па прозвiшчы Вольга Iпатава. Так-так, будучая паэтка. Мацi пра гэта памятае ўсё жыццё i ганарыцца. Як кажуць, хто б ведаў. Цi памятае пра гэты факт Вольга Iпатава, не ведаю. Ну добра, гэта прыказка. Можна казку казаць. Самае смешнае тое, што гаворка пойдзе сапраўды пра дзiцячы садок.

Зыходныя даныя

У маёй даўняй знаёмай Рымы цяпер новая работа. Яна справавод у дзiцячым садку №... Раней Рыма была дацэнтам кафедры фiласофii БДУ. Чаму ж такая трансфармацыя? “Немагчыма стала працаваць, — кажа Рыма. — Замест фiласофii патрабуюць выкладаць iдэалогiю. А гэты прадмет я не ведаю i не люблю”. Што ж, iдэалогiя заўсёды выходзiць на першы план, калi чарговая ўлада вырашае змянiць афiцыйныя законы. Карацей кажучы, Рыма пайшла, прыгожа бразнуўшы дзвярыма на развiтанне. Я яе разумею, сам такi.

Але я таксама разумею, што жыццё на гэтым на заканчваецца. Iнакш кажучы, трэба штосьцi есцi, у штосьцi апранацца, плацiць за кватэру i iншае. Для гэтага неабходна дзесьцi працаваць. З уладкаваннем на работу была цэлая эпапея, сумная i нават страшная, мне добра знаёмая. Рыма стала на ўлiк у службу занятасцi. Iнспектар службы, пабачыўшы яе працоўную кнiжку, нават спужалася: “Куды ж вас?..” — “Куды заўгодна”. “Куды заўгодна” расцягнулася на паўтара года. Усюды патрабавалiся маладыя, даўганогiя i палiтычна граматныя. Пад гэтыя параметры Рыма не падыходзiла.

Яна паспела паўдзельнiчаць у будаўнiцтве “чупа-чупса” (Нацыянальный бiблiятэкi), папрацаваць у Батанiчным садзе, наздаваць макулатуры — без трох дзён грамадскiх работ дапамогу не даюць, тройчы паляжаць у аддзяленнi неўралогii на Бехцерава. Адным словам, пабачыла адваротны бок Месяца. Я не ведаю, у самы раз накласцi рукi на сябе. Цi не занадта дорага каштуе нашай выдатнай краiне мець сваё меркаванне i выказваць яго не на кухнi? Не. Пры Сталiне было даражэй.

Але вось нарэшце камп’ютэр выдаў: патрабуецца справавод у дзiцячы сад-яслi, з/п 250 тысяч рублёў, веданне ПК. Рыма пайшла. Пагутарыла. Яе прынялi на работу. Пачаўся “ясельны” перыяд жыцця маёй сяброўкi.

Бяжы, Лола, бяжы...

Першы рабочы тыдзень у Рымы прайшоў цудоўна. Калi яна мне патэлефанавала, я адчуў гэта па яе голасе. Звычайна сумна-меланхалiчны, цяпер ён быў усхваляваны. Што ж тут незрузумелага: чалавек зноў быў патрэбны, так бы мовiць, улiўся ў бадзёры натоўп служачых.

У абавязкi справавода ўваходзiць складанне розных дзелавых папер, набор iх на камп’ютэры, адсылка ў вышэйстаячую iнстанцыю (аддзел адукацыi) i хаджэнне па iншых iнстанцыях. I шмат чаго яшчэ ўваходзiць у яго абавязкi, але пагаворым спачатку аб дакументазвароце.

Калiсьцi мы з Рымай вучылiся на гiстарычным факультэце БДУ. Мяне хапiла толькi на палову курса, зразумеў, што трапiў не ў сваю “пясочнiцу”. Яна скончыла. Словам, мы равеснiкi, абодва любiм “Пiнк Флойд” i сэра Пола Макартнi, згодныя з тым, што Леў Шэстаў — выдатны фiлосаф, а Iосiф Бродскi — генiяльны паэт. Думаем мы аднолькава. Таму калi яна пачала выказваць крытычныя заўвагi наконт сваёй работы, я нават засмяяўся: матэрыял сам iшоў у рукi.

Справа ў тым, што дакументаў — неверагодная колькасць. З кожным днём iх усё болей. Пра што ж яны? Ды вось, напрыклад, “Даныя аб узнагароджаннях, заахвочваннях i матэрыяльным стымуляваннi за перыяд...” Вось выхавацелька Н. атрымала падзяку, а выхавацелька К. — ганаровую грамату яслей-сада (ёсць i такая, аказваецца). Вартаўнiк Х. Таксама атрымаў такую “ўзнагароду” i повар Б. (што заканамерна), а вось выхавацелька П. атрымала грамату ўпраўлення адукацыi. Ну i гэтак далей.

Усё гэта мая сяброўка адсылае ва ўпраўленне адукацыi. Але навошта? Пачакайце. Вось яшчэ адзiн дакумент (вопытны воўк-адзiночка, я заўсёды назапашваю “паперу”): загад аб зацвярджэннi графiка i планаў работы платных гурткоў. Рыма, работнiк дысцыплiнаваны, як i ўсе жанчыны нашай блаславёнай радзiмы (без iх даўно ўсё б ляснула), усё зрабiла. Адаслала ва ўпраўленне. Праз некаторы час паперы вярнулiся назад: упраўленне склала свой узор дамовы з бацькамi. Уся ранейшая праца аказалася дарэмнай.

Яшчэ раз — навошта? Навошта аддзелу адукацыi ведаць пра ўсё, што робiцца ў пададдзеле i, калi што, дасылаць “дырэктыўныя” дакументы, якiя толькi ўскладаюць лiшнiя выдаткi на дзяржаўную казну?

У аддзелах адукацыi мне даводзiлася бываць: народу там хапае, i вы ведаеце, усе занятыя, гультаёў я не сустракаў. Чым яны занятыя? Цяпер я зразумеў: апрацоўваюць дакументы, якiя паступаюць з яслей-сада №... А таксама з iншых садкоў, школ, гiмназiй. Падумайце, у колькi разоў больш паперы прыходзiць, напрыклад, са школы ў параўнаннi з дзiцячым садам? Усё гэта трэба прыняць, прачытаць, рассартыраваць, потым, на падставе гэтых папер, скласцi новыя, ужо свае, адправiць наверх, у гарадское ўпраўленне. А яно будзе складаць свае паперы i накiроўваць вышэй, ужо ў мiнiстэрства. А яно... Ну добра, хопiць. Што ў вынiку? У вынiку мноства людзей маюць работу, штосьцi робяць, чымсьцi заняты. Яны атрымлiваюць зарплату, начальства — пабольш, падначаленыя — паменш. Хто дае iм гэтыя грошы? Ну як хто? Дзяржава. А яна адкуль iх бярэ? Грошы дзяржава бярэ ў нас з вамi, у выглядзе падаткаў, штрафаў i iншага. Строга кажучы, большасць людзей, якiя занятыя ў сiстэме адукацыi, атрымлiваецца, займаюцца выключна вытворчасцю, рэгiстрацыяй i апрацоўкай так званай дзелавой перапiскi. Работай абсалютна дарэмнай i нiкому не патрэбнай. У вынiку гэтай работы на канцы ланцужка не з’яўляецца прадукт, якi можна прадаць i атрымаць прыбытак. Мае прабачэннi за такое некарэктнае параўнанне: святая ж справа — адукацыя i выхаванне падрастаючага пакалення. Але, думаю, маю на гэта права, бо таксама аплачваю нiбы працу людзей, якiя вырабляюць паперы, нiчога, акрамя папер.

А ўвогуле, адукацыяй i выхаваннем займаюцца толькi настаўнiк i выхавацель. Усё. Больш нiхто. Усе астатнiя — абслугоўваючы iх персанал. Але чаму ж абслугi заўсёды больш i яна правiць баль? Такая ў нас сiстэма, калi асоба — вораг дзяржавы №1, а яе антыпод — маўклiвая, з усiм згодная iстота — сябар дзяржавы №1. Дарэчы, напрошваеццца паралель. Па вялiкiм рахунку нават прэзiдэнт — усяго толькi вышэйшы чыноўнiк, якога наняло грамадства, заключыла з iм кантракт i... Хаця, думаю, тут ужо пачынаюцца праблемы не прэзiдэнта, а грамадства. Нашы з вамi праблемы.

Iерархiя: хто ёсць хто

Само сабой, эйфарыя ў Рыме паступова знiкала. Канчаткова яна змянiлася звыклай iпахондрыяй пасля аднаго выпадку.

Кожны месяц бацькi здаюць пэўныя сумы на нешта. Але адзiн бацька штосьцi не зразумеў i грошы здаў двойчы. Яны згубiлiся недзе на рахунках аддзела. Грошы нiхто не “прыбраў”, падумаеш, нейкiя 8 тысяч. Але бацька занерваваўся, нават заяву напiсаў, маўляў, дзе мае кроўныя? Натуральна, шукаць грошы паслалi справавода.

Рыма доўга блукала з кабiнета ў кабiнет, так i не знаходзiла канцоў. Спынiлася перавесцi дух.

— Вы каго шукаеце? — раптам спытала яе дама салiднай камплекцыi.

Рыма наiўна выклала сутнасць праблемы.

— Добра. Разбяромся. Вы iдзiце.

Калi Рыма вярнулася на работу, яе тут жа выклiкала загадчыца i прыкладна паўгадзiны “прамывала” мазгi. Аказалася, Рыма парушыла субардынацыю, пераступiла святую для апарата мяжу. Тая строгая дама была нi больш нi менш, а галоўбухам аддзела адукацыi. Яна выклiкала траiх адказных супрацоўнiц i зрабiла ў сваю чаргу “прамыўку мазгоў” iм: маўляў, што ў вас за бардак? Хтосьцi тут жа патэлефанаваў загадчыцы. Астатняе вы ведавеце.

— Я толькi зрабiла тое, што мне загадалi... — голас Рымы дрыжаў. Зараз, думаю, заплача. Як мог, супакоiў яе. Што-нiшто патлумачыў аб сутнасцi адносiн у патаемным свеце апарата. Дый простая яна, гэтая сутнасць: ты начальнiк — я дурань, я начальнiк, ты — дурань. У лiтаральным сэнсе. Потым задумаўся сам.

Што ў нас адбываецца? Час спынiўся недзе на сярэдзiне 80-х. Любое несанкцыянаванае выражэнне незадаволенасцi, любое праяўленне нязгоды з “генеральнай лiнiяй”, просты пратэст расцэньваюцца ўладамi як антыканстытуцыйнае выступленне. З адпаведнымi наступствамi. Грамадзянам рэкамендуецца звяртацца ў iнстанцыi. Маўляў, iх праблему можа рашыць толькi таварыш Х., а больш нiхто. Усё замкнёна на чыноўнiка, якога асабiста кантралюе “вусаты нянь” — Аляксандр Рыгоравiч. Вы верыце ў гэты мiф навейшай гiсторыi. Многiя яшчэ вераць, асаблiва людзi з пачатковай альбо няпоўнай сярэдняй адукацыяй. Па маiх назiраннях такiх, праўда, усё менш.

Дый сам прэзiдэнт з апошнiх сiл стараецца верыць. Бо больш няма ў што. Ён, натуральна, разумее, што ёсць альтэрнатыва аўтарытарызму. Але перамога прыхiльнiкаў гэтай альтэрнатывы азначае канец Аляксандра Рыгоравiча як палiтыка. Аднак гэта здарыцца не раней таго моманту, калi наспеюць умовы. Не трэба спрабаваць зрушыць з месца гару Эльбрус альбо высушыць Чорнае мора.

Сiстэма, якую стварыў А.Лукашэнка, занадта аднастайная. У любой канторы, калгасе, заводзе, школе, дзiцячым садку — адно i тое ж. Ёсць свой “прэзiдэнт”, яго “блiзкае кола”, “прэтэрыянцы”, “рабы” i г.д. Кожны атрымлiвае не за зробленае, а за ступень адданасцi сюзерэну. Куды б я нi трапiў, усюды чую знаёмыя матывы. Цi можа такая замкнёная, механiчна аднастайная сiстэма iснаваць доўга? Не, не можа, сцвярджае аўтар навукi вiдэаэкалогii Валянцiн Фiлiн. Пар паступова накоплiваецца, але ў свiсток не ўходзiць. Няма свiстка. Усё закрыта, задраена i заварана. Значыць, рване.

Бацькi i дзецi

Людзей аднаго са мною ўзросту я больш-менш ведаю i разумею. Старых — тым больш, бо яны засталiся на пэўнай ступенi, вывучаць iх лёгка. А вось сучасных дзетак ведаю дрэнна. Амаль поўны прафан. Хаця...

Сцэнка ў нашым двары. Дзецi гуляюць у “сям’ю”. Дзяўчынкi пякуць “пiражкi” ў пясочнiцы, хлопчыкi занятыя цяжкай фiзiчнай працай — спрабуюць зламаць жалезныя арэлi. Але “абед” гатовы. “Жонка” заве “мужа”:

— Эй, ты, б...! Iдзi жраць...!

Вы зразумелi? Яблык ад яблынi падае недалёка.

...Пару разоў выхавацелькi прасiлi Рыму пасядзець у групе.

— Разумееш, я крыху ашалела, — расказвае яна. — Заходжу ў групу, дзецi адразу да мяне. Цётачка, а як вас завуць? А колькi ў вас дзетак? А якая ў вас зарплата? Потым 4-гадовы хлопчык пытае: цётачка Рыма, а якой маркi ў вас мабiльнiк? Ды няма ў мяне, кажу. — Вы згубiлi? Калi б ты бачыў, з якой жудасцю ён гэта казаў!

— Твае высновы?

— Ты можаш уявiць сабе такiя паводзiны ў наш час, i я не магу. Яны раскаваныя нейкiя, свабодныя цi што... iншыя яны.

Яны iншыя. Не думаю, што гэта адназначна добра. Уласна кажучы, дзецi высвятлялi маёмасны i сацыяльны статус цёткi Рымы. Дзецi ўсяго толькi паўтараюць сваiх бацькоў, якiя толькi-толькi ўступаюць у грамадства спажывання. Яны яшчэ не даспелi да яго, а iх дзецi ўжо будуць паўнапраўнымi яго грамадзянамi. Добра гэта цi дрэнна? Па-рознаму. Захад ужо ўсвядомiў пагрозы такога грамадства: усеагульная дэбiлiзацыя i iмклiвае знiкненне духоўнасцi. Што назiраецца i ў нас на сёння. Адно суцяшае: такое грамадства выключае аднастайнасць i унiфiкацыю. Бацькi не могуць i не будуць жыць iнакш, чым цяпер. Дзецi не могуць i не будуць жыць так, як жывуць бацькi, — заканамерны вынiк эвалюцыйнага развiцця. Цi не так?

Ну а што бацькi? Яны плацяць 20 тысяч у месяц за сваё дзiця. Але некаторыя забываюць. Справаводу прыходзiцца садзiцца на тэлефон i нагадваць. Але бацькi зноў забываюць. Iм трэба эканомiць на ўсiм, каб адпавядаць агульнапрынятым узорам. Узоры сёння ўзляцелi на незвычайную вышыню, бо тавараў шмат i яны розныя. Гэта адначасова б’е i па мазгах, i па маральнасцi. Наша грамадства ў гэтым сэнсе адметнае: тавараў i паслуг вялiкае мноства, а зарабiць нам не даюць. У нас затое мала бедных i мала багатых: даходы найбольшай забяспечанай групы пераўзыходзяць даходы малазабяспечаных у 5,4 раза. У Расii суадносiны — 15: 1.

Так што ў бацькоў свае праблемы.

Напрыклад: “Дакладваю, што бацька Максiма Г. не прыйшоў за сынам. Я патэлефанавала яму дадому, пасля чаго бацька забраў сына ў 19.30. Быў у нецвярозым стане”. Гэта дакладная выхавацелькi. Ну што ж, людзi ёсць людзi, тут нiчога не зменiш. Вось яны забываюцца забраць сына, не цiкавяцца лёсам сваiх грошай, проста аддаюць iх i ўсё. Але яны таксама не цiкавяцца лёсам палiтыкаў, якiя знiклi, iх не цiкавяць палiтзняволеныя, яны блытаюць свабоду слова са свабодай сумлення, а аб iснаваннi “Народнай волi” нават не падазраюць. Што ж, iншага народу няма, i iншым ён за адзiн дзень не стане.

Аўтар зразумеў гэта 12 год таму.

Праўда, у гэтага народа ёсць дзецi. Яны — iншыя.

7.12.2006


Сяргей Шаўцоў, Народная Воля [1]


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/12394

Спасылкі
[1] http://nv-online.info/by/182/212/32677/%D0%97-%D0%B6%D1%8B%D1%86%D1%86%D1%8F-%D0%B4%D0%B0%D1%80%D0%BE%D1%81%D0%BB%D1%8B%D1%85-i-%D0%B4%D0%B7%D1%8F%D1%86%D0%B5%D0%B9.htm