Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Зборнік, прысвечаны Кастусю Каліноўскаму

Зборнік, прысвечаны Кастусю Каліноўскаму

17.06.2011

Выйшаў зборнік матэрыялаў міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечаны асобе Кастуся Каліноўскага і яго эпосе.


Матэрыялы надрукаваныя Беларускім гістарычным таварыстам і Польскім інстытутам у Мінску. Як узнікла ідэя правядзення канферэнцыі і выдання навуковага зборніка, распавёў адзін з ягоных аўтараў, гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч:

- Ідэя і ўзнікненне гэтага зборніка, як і правядзенне канферэнцыі, стала вынікам своеасаблівай рэакцыі на тыя памкненні афіцыйных ідэолагаў, якія сёння прысутнічаюць у беларускай інтэлектуальнай прасторы і якія накіраваны на спробу вывесці Кастуся Каліноўскага з ліку нацыянальных герояў.

У 2008 годзе ў “Беларускай думцы” з’явіўся артыкул Аляксандра Гронскага [1], прысвечаны “міфалагізацыі вобраза Кастуся Каліноўскага”, дзе аўтар даказвае, што Каліноўскі быў ідэйным палякам і таму не можа займаць месца ў беларускай нацыянальнай ідэі. Праз нейкі час доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук падаў ідэю правесці навуковую канферэнцыю, прысвечаную асобе Кастуся Каліноўскага, якая і адбылася ў Мінску 25 верасня 2009 году.

Галоўнай задачай, па словах Андрэя Вашкевіча, было акрэсліць новыя падыходы да вывучэння біяграфіі Каліноўскага і паўстання 1863 года і, што самае важнае, – паказаць, наколькі важную ролю адыграла асоба Кастуся Каліноўскага ў фармаванні беларускай нацыянальнай ідэі ўжо ў ХХ стагоддзі.

- Думаю, што матэрыялы, змешчаныя ў зборніку, пераканаўча даказваюць, што асоба Кастуся Каліноўскага ўжо даўно займае першае месца ў “нашым нацыянальным эпасе” (С. Дубавец), і ніхто не ў стане Каліноўскага з нашай нацыянальнай ідэі выкрасліць – лічыць Андрэй Вашкевіч.

Зборнік змяшчае шэраг матэрыялаў, прысвечаных як паўстанню, так і адлюстраванню асобы Каліноўскага ў беларускай літаратуры, мастацтве, нават назвах вуліц беларускіх гарадоў.

У зборніку таксама надрукаваныя шэраг цікавых здымкаў, у тым ліку невядомы раней здымак Кастуся Каліноўскага.

Паводле t-styl.info [2]


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/12407

Спасылкі
[1] http://beldumka.belta.by/isfiles/000167_308612.pdf
[2] http://t-styl.info/by/106/news/5702/%D0%A3-%D0%B0%D0%B1%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D1%83-%D1%96%D0%BC%D1%8F-%D0%9A%D0%B0%D0%BB%D1%96%D0%BD%D0%BE%D1%9E%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0.htm