Запрашае Залессе
6 жніўня 2011 г. у вёсцы Залессе (Смаргонскі раён) пройдзе фестываль-кірмаш «Залессе запрашае сяброў». Да ўдзелу запрашаюцца майстры народнай творчасці, калектывы мастацкай самадзейнасці і ўсе, хто жадае цікава і змястоўна прабавіць дзень.
На свяце можна будзе набыць вырабы мясцовых майстроў, пакаштаваць стравы залескіх гаспадыняў, пачаставацца напоямі і адварамі народнай кухні, падсілкавацца салам, яйкамі, поліўкай.
Будзе таксама шанец паглядзець выступы мясцовых калектываў мастацкай самадзейнасці і сольных выканаўцаў, а таксама гасцей з Польшчы (этнаграфічны калектыў «Цаглінкі»), Масквы (фальклорны гурт «Кірмаш»), Віцебска (калектыў мастацкай самадзейнасці «Віцебскаблгаз») і суседніх Жодзішак (гурт песні і танца «Вечарынка» Жодзішкаўскага ЦДК).
Пачатак свята — а 12-й.
Даехаць да Залесся з Мінска можна чыгункай: электрычкай да Маладзечна, а потым дызелем Маладзечна — Гудагай да прыпынку «Залессе».
Паводле nn.by [1]
