Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Медыі пра выцясненне беларускамоўных перыядычных выданняў для дзяцей

Медыі пра выцясненне беларускамоўных перыядычных выданняў для дзяцей

13.10.2011

Адзіная беларускамоўная дзіцячая газета «Раніца» не ўключаная ў падпісны каталог на наступны год. Апошні яе нумар выйшаў у верасні. Цяпер яна стане ўкладкай у газеце «Переходный возраст«. Не ўключаны ў падпісны каталог налета і часопіс «Бярозка». Мяркуецца, што ён стане дадаткам да часопісу «Маладосць». Раней, як вядома, зачынілі «Чырвоную змену». Пытаннем: чаму эканомяць на беларушчыне? – задаюцца чытачы, журналісты, выкладчыкі, навукоўцы, грамадскія дзеячы.

Доктар філалагічных навук Ніна Баршчэўская (Белсат ТВ [1]):
- Мы павінны памятаць пра тое, што мова – не толькі сродак зносінаў, але мова – гэта нацыянальная каштоўнасць, гэта тое, што нам засталося ў спадчыну ад продкаў, дык знішчаць родную мову – гэта значыць падрэзваць карані пад нацыяй цэлай.

Палітык, мовазнаўца, бацька Вінцук Вячорка (Радыё Рацыя [2]):
- Дзікая аргументацыя - маўляў, зараз эканамічны крызіс і таму трэба эканоміць. Чамусьці ахвярамі гэтай «эканоміі» становяцца менавіта беларускамоўныя выданні, фінансаваныя дзяржавай у мізерных аб’ёмах. Калі ў іх крызіс, дарэчы, імі ж самімі спароджаны, дык няхай яны эканомяць на «Советской Белоруссии» і Беларускім тэлебачанні.

Беларускі філолаг і выкладчык Лявон Баршчэўскі (Белсат ТВ [3]):
- Улады разумеюць, што прапаганду зручней весці на рускай мове. На такія выданні ў бюджэце заўсёды знойдуцца датацыі.

Выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка» Рагнед Малахоўскі (Радыё Свабода [4]):
- Мяркую, гэта ўсё з-за таго, што холдынг, агульны кацёл. Грошы, калі яны ёсць, дзеляцца на тых, каму трэба. Не ведаю, што будзе з «Бярозкай» далей, але калі яна не захавае сваёй вокладкі, гэта будзе ўжо бяда… Мінулы нумар быў тысячны, юбілейны, гэта ўжо вялікая гісторыя. І людзі вядомыя працавалі і публікаваліся. Нягледзячы на ўсю «савецкасць», «Бярозка» была сапраўды цікавая».

Блогер і журналіст Глеб Лабадзенка (Белсат ТВ [3]):
- Газета «Раніца» (колішні «Піянер Беларусі») была аэрадромам для многіх сучасных літаратараў. Адна з першых публікацый народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча была ў гэтай газеце... Знішчылі не проста нейкую адну з газет, знішчылі газету, дзе працавалі многія класікі беларускай літаратуры. Напрыклад, у Даніі ёсць газета, якая выходзіць 300 гадоў, а ў нас газета, якая выходзіла 80 гадоў і мела падобныя шанцы на даўгалецце, з надыходам крызісу стала нерэнтабельнай...

Старшыня Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны, гісторык Алег Трусаў (Радыё Свабода [5]):
- Таму што беларусы гэта дазваляюць, гэта дазваляем мы з вамі. Я прывяду прыклад: колькі разоў хацелі зачыніць «Бярозку», але ТБМ дайшло да адміністрацыі прэзідэнта, і «Бярозка» выжыла. І мы будзем змагацца і за «Раніцу» – адпаведны ліст я ўжо напісаў і заўтра пашлю. І было б добра, каб хаця б пару соцень літаральна сёння ўзялі асадку і напісалі лісты ў Міністэрства адукацыі, адміністрацыю прэзыдэнта, у Саўмін: што мы, падаткаплацельшчыкі, патрабуем захаваць для нашых дзяцей і ўнукаў адзіную беларускамоўную газету.

Сайт газеты «Раніцы», тым часам, абвяшчае [6], што неўзабаве адбудзецца «новае нараджэнне газеты»...


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/12518

Спасылкі
[1] http://belsat.eu/be/wiadomosci/a,5247,nina-barshcheuskaia-u-garachym-kamientary.html
[2] http://new.racyja.com/news/likvidavana-adzinaya-belaruskamounaya-gazeta-dlya-dzyatsei
[3] http://belsat.eu/be/wiadomosci/a,5246,byla-ghazieta-stanie-dadatak.html
[4] http://www.svaboda.org/content/article/24358762.html
[5] http://www.svaboda.org/content/article/24357861.html
[6] http://ranitsa.by/archives/8047