Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Моўныя жарсці: Заснавальніку ТБШ – 120 (відэа)

Моўныя жарсці: Заснавальніку ТБШ – 120 (відэа)

04.02.2012

У гэтыя дні ўся навуковая супольнасць Беларусі адзначае 120-годдзе з дня народзінаў заснавальніка Таварыства беларускай школы Браніслава Тарашкевіча. Праўда, па-за межамі гэтай супольнасці, нажаль, нямногія ведаюць, у чым знакамітасць гэтага сапраўды выбітнага чалавека.

Глядзець відэа на канале «Тэлебачанне Магілёў» [1]

Вучаніца: Грамадскі дзеяч, прамоўца, перакладнік, публіцыст, масон. Нарэшце, стваральнік адной з канкуруючых версій беларускай мовы – тарашкевіцы...

Гэта калі ў двух словах. Праўда, і яны сталі навіной для адзінаццацікласнікаў 21-й магілёўскай школы. На адмысловай канферэнцыі яшчэ і даведаліся, што Тарашкевіч – перакладчык з Гамера і Міцкевіча, грамадскі дзяяч і нацыянальны адраджэнец, што падзяліў лёс рэпрасаванай белапускай інтэлігенцыі. Але і для сучасных навукоўцаў гэтая асоба вызначальная найперш у мовазнаўстве.

Вінцук Вячорка, мовазнаўца: Фактычна тая правапісная сыстэма беларускай мовы, якой мы карыстаемся дагэтуль, зь яе аканьнем (мы пішам, скажам, малако, вада), зь яе пазначэньнем беларускіх дзе, це (скажам, у слове дзеці), зь яе ў, непаўторным і ўнікальным – гэта плён узаконеньняў Браніслава Тарашкевіча.

Праўда, сёньняшнія беларусы вывучаюць іншы варыянт правапісу. А ён ужо – плён гвалтоўнай русіфікацыі БССР 30-х гадоў. Тады яго абазвалі наркамаўкай, бо забараніў перадаваць на пісьме характэрныя асыміляцыйныя памягчэньні або яканьне. І галоўны прынцып «як чую, так і пішу» перастаў працаваць. А сёньняшняе пакаленьне іншага хоць і ня ведае, дыскамфорт усё адно адчувае.

Юлія Кундукова, вучаніца магілёўскай СШ №21: Тарашкевіца лягчэй, таму што там як чуеш, так і пішаш. А так трэба вучыць правілы, і не заўсёды яны супадаюць з маўленнем.

Арына Адзіянава, настаўніца беларускай мовы магілёўскай СШ №21: Вучні вельмі часта звяртаюцца менавіта да гэтага правіла, так, як вучылі калісьці нас – «як чуеш, так і пішаш». Вось яны як чуюць, так і пішуць. І многія словы не суадносяць з пэўнымі правіламі, якія існуюць у беларускай мове.

І гэта дае аб сабе ведаць. І хоць закон аб правілах арфаграфіі і пунктуацыі за 2010 год канчаткова зацвердзіў: «не – тарашкевіцы!», рэцыдывы здараюцца ўсё часцей.

Вінцук Вячорка: Я вельмі цешуся, што, скажам, у беларускамоўным інтэрнэце менавіта клясычны наш правапіс, тарашкевіца, адназначна пануе. Гэта значыць, людзі, якія рэальна гавораць і пішуць па-беларуску, выбіраюць гэты правапіс, як больш натуральны, аўтэнтычны і з глыбокімі каранямі.

Людзі ж незангажаваныя кажуць: галоўнае, каб мова жыла, і ўсе спрэчкі вырашацца шляхам натуральнага развіцця.

Арына Адзіянава: Напэўна, яшчэ шырэй праводзіць заняткі, яшчэ ў дзіцячых садах. Больш мерапрыемстваў праводзіць у пачатковай і сярэдняй школе. І, магчыма, нейкія культурна-масавыя мерапрыемствы павінны адбывацца ў горадзе таксама на беларускай мове, каб яна шырэй гучала.

А пакуль маем што маем, то бок – не нашым, не вашым. І замест граматнай тарашкевіцы альбо наркамаўкі ўсё часцей - трасянка. Пры тым на ўсіх узроўнях.

М.Лукьянава, В.Ласянкова, «Тэлебачанне Магілёў» [1]


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/12668

Спасылкі
[1] http://tv2.by/news/mounyya-zharsci.html