Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Летняя школа ў Берліне для моладзі

Летняя школа ў Берліне для моладзі

20.02.2012

Апошні тэрмін падачы заявак – 30 сакавіка

Фонд Генрыха Бёля абвесціў прыём заявак для ўдзелу ў чацвёртай Летняй школе для беларускай моладзі, якая адбудзецца ў Бэрліне 7–19 жніўня 2012 г.

Фонд Генрыха Бёля з’яўляецца часткай палітычнага Зялёнага руху, які развіваецца ва ўсім свеце ў адказ на традыцыйную палітыку сацыялізму, лібералізму і кансерватызму.

Каардынацыю дзейнасці Летняй школы і сеткі яе выпускнікоў Фонд Генрыха Бёля ажыццяўляе сумесна з чатырма беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці: экалагічным таварыствам «Зялёная сетка»; Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь»; Беларускай асацыяцыяй журналістаў; Альтэрнатыўнай моладзевай платформай.

Да ўдзелу запрашаюцца рэзідэнты Беларусі ва ўзросце 19–28 гадоў з паглыбленым веданнем англійскай мовы. Праграма скіраваная на маладых людзей, якія працуюць на сталай аснове або ў якасці валянцёраў у арганізацыях грамадзянскай супольнасці, іншых сацыяльных, экалагічных і моладзевых рухах.

Дванаццаці маладым беларусам надаецца магчымасць даведацца аб бягучых палітычных і сацыяльных працэсах прыняцця рашэнняў у Нямеччыне ў розных галінах палітыкі на мясцовым, рэгіянальным, нацыянальным і еўрапейскім узроўнях. У рамках Летняй школы будзе паказаны і абмеркаваны шэраг экалагічных, сацыяльных і культурных праектаў.

Удзел – бясплатны. Фонд Генрыха Бёля аплачвае кошт візы і выдаткі па праграме, а таксама камандзіровачныя выдаткі, харчаванне і пражыванне падчас правядзення Летняй школы.

Каб узяць удзел, неабходна запоўніць анкету (116 Kb [1]), а таксама напісаць аўтабіяграфію на англійскай мове і даслаць на электронны адрас: summerschool@boell.org.ua [2] .

Апошні тэрмін падачы заявак: 30 сакавіка 2012 г.

Падрабязная інфармацыя – на сайце [3] .

Паводле рассылкі Асамблеі НДА belngo.info.


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/12685

Спасылкі
[1] https://nastaunik.eu/files/f/709_anketa.doc
[2] mailto:summerschool@boell.org.ua
[3] http://www.boell.de/intlpolitics/europetransatlantic/europe-transatlantic-summerschool-belarus-8740.html