Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Новая рэформа ўдарыць найперш па беларускамоўных школах

Новая рэформа ўдарыць найперш па беларускамоўных школах

17.01.2013

Учора кіраўнік Беларусі паабяцаў узняць заробак настаўнікам. Сёння міністр адукацыі патлумачыў, што грошы на гэта знойдуць у закрытых школах. Такіх можа аказацца каля паўтысячы.

Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў, што ўжо да наступнага году ў Беларусі будзе значна скарочаная колькасць школаў. Дакладныя лічбы стануць вядомыя ў лютым, але ўжо цяпер вядома, што ў першую чаргу пазбавяцца ад школаў, якія завуць малакамплектнымі (дзе навучаюцца меней за 50 вучняў), а таксама ад шэрагу ўстаноў, што засталіся з савецкіх часоў.

«Прызнаем немэтазгодным захоўваць вячэрнія школы, потым — вучэбна-вытворчыя камбінаты», — заявіў міністр. Паводле яго слоў, неабходна таксама вырашыць праблему з напаўняльнасцю класаў.

У 2012 годзе ў Беларусі ўжо значна скарацілася колькасць школ. Тады былі закрытыя 114 (у 2011 — 128), а рэарганізаваныя 96 школ. Агулам за 5 апошніх гадоў колькасць такіх устаноў зменшылася на 460, саміх навучэнцаў стала менш на 228 тысячаў чалавек. Цікава, што за тыя самыя 5 гадоў у Беларусі акрыліся толькі 34 новыя школы.

Шанцы захавацца ў мінулым годзе мелі толькі тыя вясковыя школы, што знаходзіліся ў аграгарадках, «за ракой», альбо бліжэйшая школа знаходзіцца далей, чым у 15 км. Такіх агулам апынулася амаль паўтысячы. Але настроі ва ўрадзе кажуць аб тым, што менавіта з гэтымі школамі расправяцца ў першую чаргу, каб знайсці грошы на ўтрыманне іншых.

У буйнейшым горадзе краіны толькі 2% школьнікаў вучыліся па-беларуску


Колькасць абітурыентаў, што здаюць беларускую на ЦТ, пастаянна змяншаецца. Новая рэформа ЦТ стане апошнім цвіком у труну беларускамоўнай адукацыі ці прымусіць здаваць абедзве мовы ўсіх?

Цяперашняя рэформа можа апынуцца надзвычай балючай. Менавіта вясковыя школы застаюцца апошняй цвярдыняй беларускай мовы ў сістэме адукацыі.

У 2010/2011 гадах па-беларуску навучаліся [1] толькі 19% школьнікаў. Яны пераважна хадзілі ў вясковыя школы (толькі 2.1% вучыліся па-беларуску ў Менску). Пры гэтым паводле афіцыйнай статыстыцы Мінадукацыі, два гады таму 52.1% агульнаадукацыйных установаў краіны працавалі на беларускай мове.

Тое ж і з асобнымі прадметамі. Да прыкладу, гісторыю Беларусі па-беларуску там вывучаюць 20–25%. У гарадскіх школаў такіх вучняў не болей за 5%. Тое ж самае і з геаграфіяй Беларусі: у вёсках 56% вучняў праходзяць прадмет на мове тытульнай нацыі, а ў гарадскіх школах гэты паказчык нашмат меншы.

Сяржук Пярунчык, generation.by [2] 


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/12995

Спасылкі
[1] http://news.tut.by/society/246883.html
[2] http://generation.by/news5889.html