Белстат: Па-беларуску навучаюцца 11% дашкольнікаў, 16% школьнікаў і 0,2% студэнтаў
Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь апублікаваў [1] «Статыстычны агляд да Міжнароднага дня роднай мовы». Што характэрна, па руску.
У аглядзе пададзены лічбы гэтага навучальнага года, датычныя беларускамоўных выхаванцаў і навучэнцаў ва ўстановах адукацыі Беларусі.
Такім чынам, у 2012/2013 навучальным годзе беларускамоўныя садкі наведваюць каля 45 тысяч дзяцей (11,4%), садкі з рускай і беларускай мовамі – каля 15 тысяч дзяцей (3,8%).
Беларускамоўных школьнікаў сёлета – 151 тысяча (16,4%).
Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі 1400 навучэнцаў (0,9%) вучацца па-беларуску, каля 22 тысяч (14,6%) – на дзвюх мовах.
Нарэшце, у цяперашніх ВНУ па-беларуску навучаюцца каля 700 чалавек (0,2%), па-беларуску і па-руску – каля 160 тысяч студэнтаў (37,4%).
Агульная колькасць беларускамоўных навучэнцаў у садках, школах, ПТВ, ВНУ – каля 200 тысяч чалавек.
Нагадаем, што на пачатку гэтага навучальнага года «Таварыства беларускай школы» спрабавала дамагчыся ад чыноўнікаў [2] канкрэтных лічбаў, датычных мовы навучання ва ўстановах адукацыі краіны.
Уцямнага адказу тады не змаглі [3] даць ні Міністэрства адукацыі, ні Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама.
Каментуючы «моўнае пытанне», чыноўнікі звыкла засланяюцца [4] афіцыйнымі 51% беларускамоўных школаў. Напярэдадні Дня роднай мовы стала ясна, якая рэальнасць схаваная за гэтымі 51%...
