Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Якасць і Балонскі працэс

Якасць і Балонскі працэс

18.03.2013

Пачынаючы з прыняцця ў Балонні Вялікай хартыі ўніверсітэтаў, ніхто не сумняваецца, што паспяховасць працы ўніверсітэтаў і ўніверсітэцкай супольнасці залежыць ад ступені развіцця аўтаноміі і акадэмічных свабодаў у ВНУ.

Можна казаць, што яны ёсць, што іх няма, ці ёсць трошкі. Можна схаваць галаву ў пясок у страху перад відавочнасцю. Але тады, як у выдатным мультфільме, могуць апошняе пер’е з хваста выдраць. Нашы парламентарыі, прыняўшы Кодэкс аб адукацыі, галаву ў пясок не хавалі, яны проста рассмакталіся з Палаты, а пясок пакінулі Г.У. Пальчыку – новаму Старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, які 13 лютага даў інтэрв’ю журналістам па пытаннях, звязаных з Кодэксам.

Сэнс выказванняў Генадзя Уладзіміравіча складаўся ў тым, што будзе праводзіцца парламенцкі маніторынг прымянення Кодэкса з прыцягненнем шырокай грамадскасці, уключаючы ня толькі прадстаўнікоў улады і начальнікаў розных узроўняў, але і, у рэшце рэшт, грамадскія арганізацыі. Праўда, у лік апошніх, паводле апублікаванай у Інтэрнэце інфармацыі БелТА, уключаныя толькі рэгіянальныя аб’яднанні дашкольных установаў і Рэспубліканскі савет рэктараў. Не надта грамадскія арганізацыі. І моцна ангажаваныя. Не верыцца, што Савет рэктараў праявіць, нарэшце, ініцыятыву і павернецца тварам да той самай сусветнай адукацыйнай прасторы. А з тройкі метадычных інстытутаў Мінадукацыі згадваецца толькі Нацыянальны інстытут адукацыі, а РІВШ і РІПА адпачываюць, ці што? Мне неяк здаецца, што з іх і трэба пачынаць.

Ініцыятыва нашых парламентарыяў вельмі цікавая. Калі закон добры, то навошта яго маніторыць, а калі дрэнны, то маніторынг менавіта гэта і пакажа. Па логіцы рэчаў, апошняе маецца на ўвазе, але наўпрост не прызнаецца. Але з праблемай жа ў выглядзе Кодэкса што рабіць? Ён жа дзейнічае.

На мой погляд, з маніторынгу нічога талковага не выйдзе. Бо аналагічнае мерапрыемства праводзіла Палата папярэдняга склікання, калі прымала Кодэкс. Упэўнены, былі атрыманыя сотні, можа быць, і тысячы, водгукаў, у якіх, акрамя прынятага “адабрамсу”, утрымліваліся і слушныя прапановы. Выкарыстоўваць жа іх, акрамя рэдакцыйных правак, было, часцей за ўсё немагчыма, паколькі буйныя прапановы закраналі канцэпцыю, а ўжо яна карэкціроўцы не падлягала! І сёння не падлягае, калі толькі разам з канцэпцыяй не пахаваць і сам Кодэкс.

Не сумняваюся, што вялікі і, ніколькі не хітруючы, станоўчы вопыт працы Г.У. Пальчыка ў сістэме адукацыі здольны дапамагчы выйсці з гонарам з цяжкай сітуацыі. А пакуль дэпутаты выконваюць сваю працу і рашэнне яшчэ не прынятае (ці не агучанае), дазволю сабе некалькі меркаванняў. Раптам спатрэбяцца.

Па-першае, варта было б вызначыцца з нашым месцам у сусветнай адукацыйнай прасторы. Тут добра бы ўспомніць, што краіна ў нас невялікая, навучэнцаў становіцца ўсё менш, а рэаліі заключаюцца ў неабходнасці хуткага ўкаранення і асваення новых тэхналогіяў. Нездарма летам 2012 года ў заканадаўстве аб інавацыйнай дзейнасці адбылася мінірэвалюцыя. Нарэшце, з’явіліся не толькі дэфініцыі і дэкларацыі, але і прававая аснова для стымулявання інаватараў. Наколькі гэтым распачынанням адпавядае Кодэкс? Напрыклад, яго патрабаванне аб навучальных групах у ВНУ не менш за 25 чалавек? А калі спецыялістаў нейкага профілю ў год трэба толькі 5 чалавек? Можна, вядома, за мяжу адправіць вучыцца па мэтавым наборы “з лiку асоб карэннага насельніцтва”, як пісалі ў савецкі час. А ў нас ўсю “драбязу” зачыніць на радасць Мінфіну. А можа быць, нам проста іншы тып вышэйшай адукацыі патрэбен, на выхадзе якога былі б масавыя прафесіі з масавым тыпам адносна таннай падрыхтоўкі і параўнальна ўнікальныя (але абавязкова неабходныя), дарагія, паглыбленыя, з амаль індывідуальнай падрыхтоўкай. На таннай масавасці грошы зэканомім, на дарагой паглыбленай атрымаем суперспецыялістаў. Так, так. Гэта пра двухступенную сістэму, толькі ніяк не пра тую, што ў Кодэксе.

Па-другое, не лішнім было б канчаткова вырашыць, ці ідзем мы ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі і навукі. Меркаванне прэзідэнта краіны вядомае – ідзем. Так, можа быць, нарэшце, пойдзем, а не будзем толькі імітаваць рух. Адзін з ключавых пунктаў Балонскай дэкларацыі – тры паслядоўныя цыклы вышэйшай адукацыі. Мы іх фармальна стварылі, але якімі іх стварылі, так яны і працуюць – нічога, акрамя лішніх клопатаў і непрыемнасцяў не атрымалася.

Аспірантура, як была, так і засталася з захмарнымі патрабаваннямі. Ну калі ўжо нарэшце замест непатрэбных амбіцыяў і гонару пра 70% адсеяных вундэркіндаў прыйдзе разуменне, што аспірантура – проста яшчэ адна ступень вышэйшай адукацыі, якая павінна жыць па законах вышэйшай школы. Калі камусьці патрэбен ВАК, то дастаткова паглядзець вопыт Дэпартамента якасці Мінадукацыі. Хопіць аддзела з трох чалавек і механізму дзяржаўна-грамадскай атэстацыі.

Магістратуры як не было, так і няма, за выключэннем некалькіх добрых прыкладаў, якія адносяцца да цалкам вызначаных сегментаў рынку працы, дзе і высокія заробкі і замежжа свецяць. Але не аспірантура. Хто ж з разумных людзей пагодзіцца 5–7 гадоў пахаць за непрыстойную стыпендыю-зарплату, потым з верагоднасцю 70% завязаць з навукай, а калі і не завязаць, то атрымліваць яшчэ некалькі гадоў заробак ніжэй сярэдняга? Але энтузіясты ўсё яшчэ ёсць, яны вераць, што сітуацыя вось-вось зменіцца да лепшага.

Дык вось, калі ідзем у ЕПВА, то галоўная праблема, на мой погляд, у першай ступені вышэйшай адукацыі. Мы па-ранейшаму спрабуем рыхтаваць на ёй спецыяліста вышэйшай вартасці, прыкладна такога, як у савецкія часы. Змагаемся за якасць. Укараняем сістэмы мэнэджменту якасці. Прызначаныя дадатковыя заняткі для адстаючых або не заўважаем, што яны ёсць; што ёсць людзі, якія арганічна не ўспрымаюць ускладдзены на іх аб’ём інфармацыі. Пасля або адлічваем масава на падставе аб’ектыўных крытэраў засваення намі ж створаных стандартаў, ці нікога не адлічваем, схаваўшы стандарт ў шафку да чарговай акрэдытацыі. Увесь свет ужо ведае, што рабіць, а мы прыдумалі 4,5 гады пры безумоўным забеспячэнні той жа якасці, што і за пяць гадоў. А як жа, бо ў нас лепшая ў свеце адукацыя, яны там проста нас не ў стане ацаніць. Нейкі дурны жарт у нас з гэтымі тэрмінамі атрымаўся. Дарэчы, хто-небудзь падумаў, куды падзець пасля чатырох з паловай гадоў лепшых выпускнікоў на паўгады да паступлення ў магістратуру? А потым, пасля паўтарагадовай магістратуры, за паўгады да паступлення ў аспірантуру?

Так што пакуль два пункты для роздумаў і рашэнняў, хоць наша, мякка кажучы, своеасаблівасць імі не вычэрпваецца. Але крытычнае стаўленне нашых дэпутатаў ўсё ж радуе.

Сяргей Вятохін, Агенцтва палітычнай экспертызы [1]. Пераклад arche.by [2]


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/13058

Спасылкі
[1] http://www.belinstitute.eu/ru/node/691
[2] http://www.arche.by/by/page/reviews/14306