«Беларускае пяціборства для дарослых – 2013» (фота)
Ужо другі год традыцыйная беларуская дыктоўка да дня роднай мовы ў Магілёве дапаўняецца беларускім пяціборствам для дарослых. Каля шасцідзесяці магілёўцаў прыйшлі 3 сакавіка ў белую залу абласнога палаца культуры пісаць тэкст Максіма Гарэцкага пад дыктоўку настаўніка беларускай мовы Юрася Каласоўскага, які толькі што перамог у гарадскім конкурсе «Настаўнік года-2013». 34 з іх узялі ўдзел у пяціборстве. Чаму не ўсе? У людзей, асабліва сталага веку, яшчэ з часоў савецкай школы засталося ў свядомасці такое: калі я нечага не ведаю, то я дурань. На жаль, нярэдка і зараз, калі вучань прыйшоў у школу з непадрыхтаваным хатнім заданнем, настаўнік накідваецца на яго з словамі «дурань», «дэбіл», «недавумак» ды інш. Але тут варта ўспомніць славутага ўкраінскага настаўніка Васіля Сухамлінскага, які аднойчы звярнуўся да сваіх калегаў-настаўнікаў з заклікам «Паважайце няведанне!» Сапраўды, няведанне – не грэх і не загана. І калі чалавек лічыць сваё няведанне недахопам свайго развіцця, то ад гэтага недахопу сёння можна без цяжкасці пазбавіцца. Дапамагчы людзям усвядоміць хібы сваёй адукацыі і часткова залапіць іх па найбольш істотных пазіцыях чалавечага развіцця і ёсць галоўнай мэтай праекта «Беларускае пяціборства». 
Па заканчэнні спаборніцтва кожны спаборнік атрымаў аркуш з адказамі, адкуль даведаўся (калі не ведаў раней) і пра асаблівасці націскаў у беларускіх словах, і пра магілёўскіх паплечнікаў Каліноўскага, і пра найбольш выбітных сябраў рады БНР, і пра пісьменнікаў, якія маюць дачыненнне да Магілёўшчыны, і пра тое, калі трэба і калі не трэба баяцца навальніцы, ды пра шмат што яшчэ. А тыя, хто што-нішто з гэтага ведаў і зарабіў сваім веданнем высокія балы, атрымалі прызы пяціборства. 
Першае месца заняў старшыня гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў, дзякуючы высокім балам у гуманітарных намінацыях (лепшыя адказы ў намінацыях «гісторыя» і «літаратура»). На другім месцы ўжо памянуты тут Юрась Каласоўскі. Трэцяе месца заняў малады хлопец Іван Вус, які ў гуманітарных намінацыях атрымаў мала балаў, але быў лепшым у матэматыцы і прыродазнаўстве. Будзе штуршок для хлопца падмацаваць свае веды ў гісторыі сваёй краіны, яе мове і літаратуры. Але найбольш здзівіла галоўны архітэктар праектнага бюро ўпраўлення архітэктуры гарвыканкама Ала Маскалькова, якая перамагла ў намінацыі «мова». Перамагла, нягледзячы на тое, што ў спаборніцтве бралі ўдзел некалькі настаўнікаў беларускай мовы. 
Удзел у беларускім пяціборстве ўзяў і палітык Рыгор Кастусёў з дачкой. І паказаў някепскія вынікі – VI месца. Астатняя інфармацыя – на фотаздымках. Варта звярнуць увагу на фота, дзе спаборнікі чытаюць аркушы з адказамі – дзеля гэтай хвіліны і задумана беларускае пяціборства. 
Міхась Булавацкі 
Фотарэпартаж Надзеі Бацілавай з беларускага пяціборства для дарослых – ІІ 
Так было годам раней: можна паглядзець тут [1]  
Уступнае слова кіраўніка «Беларускага пяціборства» 
Спаборнікі прыступілі да працы
 
Калі яшчэ гісторыку давядзецца развязваць матэматычныя задачы. Дацэнт універсітэта Алесь Агееў 
Для архітэктара Алены Асмакоўскай матэматычныя задачы – зусім не экзотыка 
А вось мастак Базыль Камароў задумаўся над пытаннямі з гісторыі 
Што ж азадачыла выкладчыцу гісторыі Алену Цумараву? 
Старшыня гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў летась быў трэцім. І зараз паказаць годны вынік – справа гонару! 
Настаўнік беларускай мовы Юрась Каласоўскі – пераможца гарадскога конкурса «Настаўнік года-2013». Але тут трэба выявіць свае веды не толькі ў мове
 
Экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў не стаў раіцца з дачкой, сам успамінае што засталося з школьнай праграмы і пазашкольнага патоку інфармацыі. Наўспамінаў даволі шмат – VI месца ў выніку 
У Івана Вуса ўрокі матэматыкі і фізікі – зусім недалёкая частка жыцця 
У індывідуальнага прадпрымальніка Алеся Самонава яны значна далей. Але і ён гатовы пазмагацца з маладзейшымі 
Мысліцельная праца вельмі пасуе маладым дзяўчатам
 
Можна параіцца з суседкай. Правіламі гэта не забаронена 
Пятро Шульгат у роздуме 
Сябра журы Алена Асадчая за праверкай прац 
Старшыня журы Міхась Булавацкі шукае, у каго самы высокі бал 
Галоўны архітэктар гарвыканкаму Ала Маскалькова прыемна здзівіла: самы высокі бал за родную мову ў яе 

Прыз за трэцяе месца – Івану Вусу. На высокае месца вывелі матэматыка і прыродазнаўства, бо балы ў гуманітарных намінацыях невысокія 
Прыз за другое месца – Юрасю Каласоўскаму 

Пераможца «Беларускага пяціборства для дарослых – ІІ» – Алег Дзьячкоў 
Першае інтэрвію пераможцы – для БелАПАНу





Спаборнікі знаёмяцца з адказамі. Дзеля гэтых некалькіх хвілін і задумана беларускае пяціборства
Вось так выглядае гэтая хвіліна ў беларускім пяціборстве для школьнікаў (фота Алеся Асіпцова). Так бы чыталіся школьныя тэксты! 
Леташні пераможца Сяргей Дымкоў абмяркоўвае з сябрамі аркуш з адказамі 
Пытанні засталіся. Працяг будзе
