Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Ці запросяць ТБШ на абмеркаванне Кодэкса аб адукацыі? (тэкст ліста)

Ці запросяць ТБШ на абмеркаванне Кодэкса аб адукацыі? (тэкст ліста)

21.03.2013

РГА «Таварыства беларускай школы» даслала ліст Старшыню Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Генадзю Пальчыку з прапановай паўдзельнічаць у пашыраных пасяджэннях і парламенцкіх слуханнях, прысвечаных маніторынгу правапрымяняльнай практыкі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Нагадаем, што ў лютым было абвешчана [1], што дэпутаты – члены камісіі будуць праводзіць маніторынг прымянення Кодэкса ў адукацыйным працэсе ўсёй нацыянальнай сістэмы. «Гэта тычыцца і дашкольнага ўзроўню, і агульнай сярэдняй, і вышэйшай, і паслядыпломнай адукацыі», – удакладніў Г. Пальчык.

20 сакавіка ў БДПУ прайшло першае пашыранае паседжанне [2], прысвечанае арганізацыі дашкольнай адукацыі. У якасці мэты была заяўлена распрацоўка прапановы па карэктаванні адпаведнага раздзела Кодэкса аб адукацыі.

*****

Генадзю У. Пальчыку
Старшыню Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў
па адукацыі, культуры і навуцы

Шаноўны Генадзь Уладзіміравіч,

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай школы» (ТБШ) з цікавасцю і ўхваленнем паставілася да абвешчанай Вамі задумы правесці пашыраныя пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, а потым і парламенцкія слуханні, прысвечаныя маніторынгу правапрымяняльнай практыкі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

ТБШ зацікаўленае ва ўдзеле ў гэтых паседжаннях і слуханнях у любым зручным фармаце.

Для даведкі: РГА «Таварыства беларускай школы» (ТБШ) зарэгістраванае Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь у 1996 г. ТБШ «аб’ядноўвае грамадзян з мэтай садзейнічання фарміраванню нацыянальнай адукацыйнай сістэмы ўсіх узроўняў (ад дашкольных да вышэйшых навучальных i выхаваўчых устаноў), захаванню i развіццю беларускай культуры, традыцый і духоўнасці» (п. 1.1 Статута). Асноўнаю мэтаю ТБШ з’яўляецца «садзейнічанне стварэнню сучаснай сістэмы нацыянальнай асветы i адукацыі, спрыянне развіццю адукацыі на беларускай мове, культурна-асветная праца сярод дзяцей, моладзі i дарослых дзеля фарміравання ў ix нацыянальнай свядомасці i засваення iмi агульначалавечых каштоўнасцей» (п. 2.1. Статута). Таварыства аб’ядноўвае бацькоў навучэнцаў і выхаванцаў, педагогаў, у тым ліку з кіраўнічым досведам, навукоўцаў.

Адпаведна нашым статутным мэтам мы вядзем свой маніторынг практыкі выкарыстання Кодэкса аб адукацыі, падзаконных актаў і ведамасных інструкцыяў у частцы, якая датычыць забеспячэння права на выхаванне і навучанне па-беларуску на ўсіх ступенях сістэмы адукацыі, стварэння адпаведнай метадычнай і дыдактычнай базы і асяроддзя. Бачым пэўныя заканадаўчыя лакуны і маем прапановы наконт іх запаўнення, а таксама наконт карэкцыі наяўнай праваўжывальнай практыкі. Мы ахвотна падзяліліся б нашымі прапановамі з Вамі ды ўсімі зацікаўленымі ўдзельнікамі тэматычных пасяджэнняў і слуханняў.

З павагай,
Алесь Лозка,
Старшыня РГА «Таварыства беларускай школы»


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/13065

Спасылкі
[1] https://nastaunik.eu/news/?id=7671
[2] http://www.belta.by/ru/all_news/society/Anketirovanie-po-povodu-vozmozhnyx-izmenenij-v-Kodeks-ob-obrazovanii-planiruetsja-provesti-v-Belarusi_i_628057.html