Інтэрнэт-курс па правах дзіцяці
Навучанне пачынаецца 15 мая 2013 г.
Правы дзіцяці – сапраўдная каштоўнасць дэмакратычнага грамадства. Яны ўздзейнічаюць на кожны аспект нашага жыцця. У парушэннях правоў дзіцяці крыюцца карані практычна ўсіх праблем сучаснага свету. Менавіта таму варта надаваць як мага больш увагі вывучэнню правоў дзіцяці ў школе.
У рамках праекта «Пр@вы дзіцяці – з Інтэрнэту ў школу» групай беларускіх настаўнікаў падрыхтаваны два дыстанцыйныя курсы па правах дзіцяці: «ВЯЛІКІЯ правы маленькіх дзяцей (актыўныя метады ў прававым выхаванні)» і «Аб чым маўчаць нашы дзеці (гвалт і правы дзіцяці)».
Курсы прызначаны для настаўнікаў школ, класных кіраўнікоў, сацыяльных педагогаў, работнікаў СПЦ, а таксама студэнтаў, прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, моладзевых лідэраў – усіх тых, хто хоча цікава і эфектыўна навучаць правам дзіцяці. Атрыманыя на курсах веды падвысяць якасць прававой адукацыі, дапамогуць выкарыстоўваць больш цікавыя для моладзі метады і падыходы ў вывучэнні правоў дзіцяці, а ў будучыні будуць спрыяць дэмакратычным пераменам у нашай краіне.
Навучанне плануем пачаць з 15 мая 2013 года на электроннай платформе civicportal.org. Працягласць навучання 5–6 тыдняў.
Навучанне бясплатнае, дыстанцыйнае, не патрабуе прысутнасці ў Інтэрнэце ў пэўны час. Пры ўмове паспяховага праходжання курсу і выкананні фінальнай працы ўдзельнікі атрымаюць сертыфікат.
Скарыстайцеся магчымасцю паўдзельнічаць у новых курсах па правах дзіцяці! Заяўкі прымаюцца на e-mail: epravo2013@gmail.com [1] .
