Камісія Палаты прадстаўнікоў вывучыць прапановы ТБШ па ўдасканаленні Кодэкса аб адукацыі (тэкст адказу)
Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы дала адказ на прапановы [1] Нацыянальнага бацькоўскага сходу пры ТБШ наконт удасканалення і практычнага ўжывання арт. 90 Кодэкса аб адукацыі.
У адказе зазначана, што «прапановы будуць вывучаны, дасканала прааналізаваны дэпутатамі камісіі і па магчымасці ўлічаны ў ходзе работы па падрыхтоўцы праекта Закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі да разгляду ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэсцублікі Беларусь».
Нагадаем, што прапановы наконт удасканалення і практычнага ўжывання арт. 90 Кодэкса аб адукацыі былі падрыхтаваныя [2] Таварыствам беларускай школы з нагоды пашыраных пасяджэнняў і парламенцкіх слуханняў, прысвечаных маніторынгу правапрымяняльнай практыкі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
Прапановы былі абмеркаваныя і прынятыя на Нацыянальным бацькоўскім сходзе [3], які адбыўся ў маі 2013 г.
На прапановы таксама адказала [4] Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Перад тым Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Генадзь Пальчык паведаміў [2] ТБШ, што праца па падрыхтоўцы праекта Закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі будзе працягвацца да канца навучальнага года. Пасля плануецца разгляд праекта ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэсцублікі Беларусь.
Дык пабачым, ці чыноўнікі ад адукацыі сапраўды ўлічваюць меркаванні беларускіх настаўнікаў, вучняў ды іх бацькоў.