Заробак настаўнікам падыме аптымізацыя: школы і садкі закрываюцца
Толькі ў Віцебскай вобласці плануюць зачыніць 25 школ і тры садкі.
«Усталяваць павышэнне тарыфных ставак настаўнікам устаноў адукацыі на 25%... Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца ўстановы адукацыі, накіроўваць сродкі, вызваленыя ў выніку аптымізацыі дзяржаўных устаноў адукацыі і колькасці іх работнікаў, на павышэнне заработнай платы і стымуляванне працы педагагічных работнікаў», – чытаю Пастанову Саўміна № 689.
Еўрарадыё вырашыла высветліць, як школы зарабілі на аптымізацыі, лічы на скарачэнні. Аптымізацыя ідзе: школы закрываюцца, супакойваюць ва Упраўленні адукацыі віцебскага аблвыканкаму:
«Да пачатку 2013–2014 году закрыць 3 дзіцячыя садкі, 25 школ, у тым ліку пяць вечаровых, і рэарганізаваць 33».
За кошт такой аптымізацыі тут плануецца «зарабіць» амаль 11 мільярдаў рублёў. Але невядома пакуль, куды накіраваць педагогаў, якія вызваляюцца.
«Вядома, шмат вызваліцца народу», – канстатуюць ва ўпраўленні.
І гэтая аптымізацыя – па ўсёй краіне, пацвярджаюць у Міністэрстве адукацыі. Да таго ж будуць ушчыльняць класы:
«Закрываюцца школы, іншыя ўстановы. Вызваляюцца сродкі, якія і накіроўваюцца на павышэнне заработнай платы. Напоўненасць класаў павялічваецца. Будзе да 24 чалавек, а цяпер там менш».
Настаўнік гісторыі з Гродна Дзяніс працуе ў школе па размеркаванні. Свой новы заробак пасля павелічэння яшчэ не падлічваў.
«Зараз у мяне каля трох мільёнаў. Пакуль адзін жыву, то хопіць пасля павышэння, ды і так хапала. Але, хутчэй за ўсё, сыду са школы пасля адпрацоўкі, бо грошай тут не заробіш», – прагназуе настаўнік.
З павышэннем Дзяніс будзе зарабляць каля чатырох мільёнаў.
Апроч змены заробкаў, настаўнікам давядзецца больш працаваць. Каб атрымоўваць свой заробак, трэба будзе аддаць школе 20 гадзінаў на тыдзень, замест 18.
Паводле Белстату [1], сярэдні заробак настаўнікаў за травень складае 3 мільёны 486 тысяч рублёў. З павышэннем на 25% атрымаецца 4,3 мільёна. Для параўнання: сярэдні заробак па Мінску за травень – больш за 6 мільёнаў рублёў.
Арцём Мартыновіч, euroradio.by [2]
