Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > У нас з сябрамі ёсць традыцыя

У нас з сябрамі ёсць традыцыя

07.03.2014

Кожны год у сярэдзіне студзеня мы сустракаемся ў адной з аўдыторый Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова. У такім складзе мы бачымся толькі адзін раз на год, і аб'ядноўвае нас агульная задача: правесці чарговае «Беларускае пяціборства». Я ўжо не магу з ходу ўспомніць, калі для мяне гэтая традыцыя пачалася. Сабраўшыся а другой гадзіне, мы звыкла расстаўляем на партах нумаркі, раскладваем анкеты і аркушы паперы для кожнага ўдзельніка, прымацоўваем на дошку эмблему пяціборства. Застаецца колькі хвілін для таго, каб разгледзець кнігі, якія ў гэтым годзе будуць выбіраць сабе ўдзельнікі алімпіяды. Час ад часу нехта з нас цікуе, што робіцца на калідоры. Бо ўсе мы хвалюемся: а колькі ж у гэтым годзе будзе ўдзельнікаў пяціборства? Гэты неспакой ужо таксама стаў звыклым. Дзякуй Богу, што каторы год ён змяняецца ціхай радасцю: мерапрыемства адбудзецца. І няхай мы не збіраем нават паўсотні ўдзельнікаў, але ёсць і настаўнікі, і вучні, для якіх беларуская мова родная і любімая. Менавіта дзякуючы ім, наша алімпіяда працягвае існаваць. І нас радуе, што на гэты раз вынікі па мове крыху лепшыя, чым у мінулыя гады.

Нагадаем, што на «Беларускае пяціборстве» трэба выявіць веды і разумовыя здольнасці не па адной вучэбнай дысцыпліне, а па пяці – матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі Беларусі, беларускай мове і літаратуры.

«Беларускае пяціборства», ужо трынаццатае па нумары, у гэтым годзе сабрала 19 удзельнікаў з Магілёўскай вобласці. Традыцыйна большасць з іх прадстаўляла Магілёў і Бабруйск. Былі і вучні з невялікіх гарадоў і вёсак. Пяцёра з іх прыйшлі на пяціборства другі раз, а дзесяцікласнік Максім Іваноў з Бабруйска – нават трэці раз. Яго настойлівасць дае плён: займаючы першыя два разы невысокія месцы, на гэты раз ён узняўся на восьмы радок. У наступным годзе ён, мабыць, зможа прэтэндаваць на прызавое месца.

А перамагла, як і год назад, Ангеліна Жыркевіч, дзевяцікласніца гімназіі № 3 Бабруйска. У яе ёсць магчымасць пераўзыйсці легендарны вынік яе старэйшай сястры Настассі, зараз студэнткі матэматычнага факультэта БДУ, якая чатыры разы ўдзельнічала ў пяціборстве і кожны раз вярталася дадому з дыпломам і прызам, не ніжэй за другі.

На другім месцы – дзевяцікласнік магілёўскай гімназіі № 1 Алесь Баравікоў. Атрымаўшы лепшы вынік у матэматычным заданні, ён спатыкнуўся на заданнях па літаратуры і прыродазнаўстве, што і не дазволіла яму стаць пераможцам.

Трэці дыплом і прыз паедуць зноў жа ў Бабруйск, іх заслужыла адзінаццацікласніца школы № 21 Дар'я Куракса, заслужыла найперш добрай мовай і матэматычнымі ведамі. Такое спалучэнне здольнасцяў падаецца нам даволі гарманічным.

Варта адзначыць так-сама навучэнку 9 класа магілёўскай гімназіі № 1 Паліну Шарапаву. Яна брала ўдзел у пяціборстве другі раз і зараз у яе па суме балаў пятае месца, але балы ў мове і літаратуры вышэйшыя, чым у іншых удзельнікаў, за што Паліна атрымае два адмысловыя прызы. Вынік вытлумачальны: мове і літаратуры яе вучыць адна з лепшых настаўніц Беларусі Ганна Бандарэнка, якую па выніках першых дзесяці нашых алімпіяд аргкамітэт пяціборства прызнаў лепшай настаўніцай «Беларускага пяціборства».

Пачыналася «Беларускае пяціборства» як спаборніцтва з мэтай далучыць да роднай мовы навучэнцаў, схільных да фізікі і матэматыкі. Гэтая мэта і зараз адна з галоўных у нашым праекце. Аднак у працэсе выявіліся і іншыя яго магчымасці. Аказалася, што пяціборства – магутны адукацыйны фактар. Па заканчэнні працы на выхадзе ўдзельнікі атрымліваюць аркуш з адказамі і развязкамі і – проста ўпіваюцца вачыма ў радкі гэтага аркуша. Такое чытанне на эмацыйным уздыме прыводзіць да таго, што прачытанае застаецца ў памяці надоўга, калі не назаўсёды.

Гэты эфект кіраўнік, ён жа ініцыятар, пяціборства Міхась Булавацкі скарыстоўвае напоўніцу, задаючы пытанні, асабліва па гісторыі, адказы на якія адукаванаму чалавеку трэба ведаць, але большасць вучняў не ведае. У Магілёве зацвердзілі старажытны герб з Пагоняй – і задаецца пытанне пра гісторыю магілёўскага герба. Аднавілі магілёўскую ратушу – і сярод заданняў пяціборства пытанне пра гісторыю магілёўскай ратушы.

Вось і на гэты раз – пытанні пра юбілеі 2014 года: а) 8 верасня адзначаем 500 год… ад якой падзеі? б) 17 верасня споўніцца 75 год ад дня… якога? Адказы на гэтыя пытанні амаль пагалоўна нулявыя. Вучні старэйшых класаў (а на пяціборства прыходзяць лепшыя) нічога пра тыя падзеі не ведаюць. Але зараз 19 чалавек ужо ведаюць. Магчыма, ад іх даведаецца яшчэ нехта, бацькі, сваякі, сябры, аднакласнікі…

Журы «Беларускага пяціборства» разыходзіцца познім вечарам, завяршыўшы сваю даволі напружаную працу. Вынікі падведзены, месцы размеркаваны. І толькі недзе ў глыбіні маёй душы традыцыйна варушыцца неспакой: а ці не стане гэтае «Беларускае пяціборства» апошнім? Вельмі хочацца верыць, што будзе працягвацца наша традыцыя. І самае вялікае маё спадзяванне на тых вучняў, якія пасля першага ўдзелу і – асабліва – пасля першай перамогі на алімпіядзе вяртаюцца сюды яшчэ раз.

Алена Асадчая, настаўніца, сябра журы «Беларускага пяціборства», Магілёў.

Наша слова № 5 (1156) [1] 29 студзеня 2014 г.


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/13298

Спасылкі
[1] http://pawet.net/ns/2014/05/%E2%84%96_05_(1156).html