Стартуе новы сезон Моўных сустрэчаў!
Мовазнаўцы Пётра Садоўскі й Вінцук Вячорка запрашаюць на чарговы, 30-ты сезон Моўных сустрэчаў, які пройдзе ў межах кампаніі «Зробім лепш!».
Тэму першай сустрэчы Пётра Садоўскі абазначыў так: Дзве душы: Русскій міръ і Беларускі свет у мове.
Мерапрыемства адбудзецца 10 верасня ў сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13). Пачатак а 18-й гадзіне. Уваход вольны.
Моўныя сустрэчы адрасуюцца людзям, якія маюць досвед гаварэння/пісання па-беларуску, але хацелі б падмацаваць сваё валоданне моваю, падвысіць яе культуру, практычна разабрацца ў пэўных пытаннях: вымаўленне, словаўжыванне, тэрміналогія, напісанні, тарашкевіца vs наркамаўка і г.д. Мовазнаўцы зробяць акцэнт на з'явах, якія пазначаюць беларускае моўнае асяроддзе, у прыватнасці — на анамастычных праблемах (назвах ды імёнах).
Пётра Садоўскі й Вінцук Вячорка нададуць увагу практычным выклікам, з якімі сутыкаюцца актыўныя грамадзяне ў адстойванні сваіх моўных правоў.
Мовазнаўцы перакананыя: у цяперашняй сітуацыі нам усім трэба мець аргументы — чаму беларуская мова?
У верасні Моўныя сустрэчы штосерады ў сядзібе ТБМ, вуліца Румянцава, 13. Метро «Плошча Перамогі».
Паводле belngo.info [1]
