Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > 12 лістапада – моўная сустрэча з Пётрам Садоўскім

12 лістапада – моўная сустрэча з Пётрам Садоўскім

03.11.2014

Мовазнаўцы Пётра Садоўскі й Вінцук Вячорка запрашаюць на чарговы, 30-ты сэзон Моўных сустрэчаў.

Праводзяць яго ў межах кампаніі „Зробім лепш”, якую вядуць сябры Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў.

Чарговая Моўная сустрэча ў сераду, 12 лістапада.

Пётра Садоўскі

Русізмы ды жывёлы

1. Не перастарацца, асьцерагаючыся нібыта-русізмаў

Наш сучасьнік, малады беларускамоўны юнак Анатоль чытае ліст ад сябра: “Дарагі дружа, даўно ня меў вестак ад цябе”. “Дружа” – цёпла, па-нашаму – беларускі “клічны” зваротак. А вось напісаць самому ў канцы ліста “Твой друг Анатоль” – як бы  некамфортна, як бы русізм. Напішу сябар. Можа, прыяцель? Але ж і там: “Онегин добрый мой приятель...”

Рэжысэр правіць у беларуским драматычным творы слова “трус” (станоўчы герой гнеўна абвінавачвае баязьліўца) на “баязьлівец”: гучыць па-расейску!

Дзяўчына з МДЛУ стараецца спадабацца свайму інтэрнэт-фрэнду, што піша на тарашкевіцы: толькі не сказаць “званіць”! Трэба -- “тэлефанаваць”. Добра ангельскім закаханым: ім можна гаварыць і “call” i “phone”.

2. Слова пра свойскіх жывёл:

як яны нараджаюцца, растуць, забаўляюцца, даюць прыплод, размаўляюць, якімі імёнамі іх клічуць,  як прынаджваюць ...

Час мяняе сьвет. Цяпер каровы, абвешаныя электроннымі датчыкамі, слухаюць музыку, ядуць не трасянку, а спрыснуты вітамінамі камбікорм.  Даўнейшы жывёльны сьвет адыходзіць у нябыт, а разам зь ім і родныя каровіны жарсьці і нашы слоўцы...

Перакладзіце на “гарадзкую” мову, пра што бедавала беларуская маладзіца з-пад Ветрына гадоў 50 таму:
“Не ручыць нам з кароўкамі. Наша Лысуха, папазалетась, калі першацёлкай была, зьлякнулася ваўка і скінула. На тэй год, як і чакалі, пахадзілася да пары, лічы за шэсьць тыдняў да Пятра. Ну й цялятка тое выйшла – з-пад авец... Праўда, тым годам паднялася рана на быкоў, папалявала ў час. Ды зноў бяда: пры ацёле места ня выйшла. Прыйшлося прырэзаць. Толькі малодзіва паспыталі. А бычка па пальцах выпаілі. Дзякуй суседу: малако так даваў. А Зорка, цяперашняя во, сёлета засталася перадойкай. Якое зь ялаўкі малако?”

Пагаворым і пра коней, і пра авечак, і пра трусоў, -- пра ўсё, што бегае па двары і ў хлеве стаіць.

Пачатак а 18.30. Уваход вольны.

Арт Сядзіба, пр. Незалежнасьці, 58, гандлёвы цэнтар "Маскоўска-Венскі" (наступны за ЦУМам). 4 паверх, пакой 430.


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/13834