3 снежня – моўная сустрэча з Вінцуком Вячоркам
Мовазнаўцы Пётра Садоўскі й Вінцук Вячорка запрашаюць на чарговы, 30-ты сэзон Моўных сустрэчаў.
Праводзяць яго ў межах кампаніі „Зробім лепш”, якую вядуць сябры Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў.
Чарговая Моўная сустрэча ў сераду, 3 сьнежня.
Вінцук Вячорка
1. (Працягваем тэму зь мінулае сустрэчы). Вяртайма нашыя граматычныя рэсурсы ў практыку! Беларускія прыналежныя займеньнікі (ягоны, ейны, іхны) ды прыметнікі (чый? – Рыбакоў, Міхасёў, Ядвіжын). Рэха – у назвах паселішчаў (Тураў), у прозьвішчах (Алесін). Мо ў мове адлюстроўваецца нацыянальны характар? У сучаснай расейскай мове такіх словаў прыналежнасьці значна менш.
У расейскай мове цэлая чарада назоўнікаў у родным склоне стамляе: смета ремонта кабинета мастера. У беларускай мы такога ўнікаем. Як?
2. (На просьбы ўдзельнікаў). Беларуская лацінка і сучасная афіцыйная трансьлітарацыя імёнаў і назваў лацінскімі літарамі – ці адно і тое самае? Пакуль толькі паставім праблему, бо тэма (тэмы) вельмі шырокая(-ія), да яе шчэ будзем зьвяртацца ня раз.
3. (На просьбы ўдзельнікаў). Крыху пра агульную спартовую тэрміналёгію ды замкнёныя тэрміналягічныя групы (як назвы шахматных фігураў).
Пачатак а 18.30. Уваход вольны. Арт Сядзіба, пр. Незалежнасьці, 58, гандлёвы цэнтар "Маскоўска-Венскі" (наступны за ЦУМам). 4 паверх, пакой 430.
