Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Фестываль навукі і лічбавых тэхналогій DigiPhys 3.0 пройдзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы

Фестываль навукі і лічбавых тэхналогій DigiPhys 3.0 пройдзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы

29.01.2020

Школьнікаў і навучэнцаў каледжаў, якім цікавая фізіка, інфарматыка, электроніка і робататэхніка, чакаюць у Купалаўскім універсітэце 8 лютага.

 

— Фестываль пройдзе ў абноўленым фармаце, без дакладаў і ўрачыстай часткі. Госці змогуць адразу акунуцца ў атмасферу навукі і тэхналогій, — падкрэслівае дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэй ГЕРМАН. — Варта адзначыць, што папярэднія мерапрыемствы наведалі ў агульнай складанасці больш за 3 тысячы гасцей.

 

Практычная частка фестывалю прадугледжвае больш за 20 займальных дэманстрацый, майстар-класаў і экскурсій ад навукоўцаў і студэнтаў універсітэта, а таксама ад партнёраў фестывалю. Падлеткі змогуць паспрабаваць сябе ў розных IT-прафесіях, напрыклад, у якасці распрацоўшчыка праграмнага забеспячэння або вэб-дызайнера, «навучыць» штучны інтэлект і атрымаць электрычнасць з садавіны і гародніны. Юныя фізікі ўбачаць у рабоце 3D-прынтэр, маніпулятар з тэхнічным зрокам, мабільнага робата, лічбавую лабараторыю і іншае ўнікальнае абсталяванне, а таксама паспрабуюць сябе ў ролі інжынера-праграміста і робататэхніка.

 

Для вучняў выпускных класаў выкладчыкі фізіка-тэхнічнага факультэта правядуць прафарыентацыйныя кансультацыі па тэхнічных прафесіях, раскажуць, які шлях выбраць, каб стаць інжынерам-праграмістам, робататэхнікам, электронікам, энергетыкам або электрамеханікам, а таксама правядуць экскурсіі па ўніверсітэце. Выпускнікі даведаюцца аб такіх сучасных і прэстыжных спецыяльнасцях, як «Камп’ютарная фізіка», «Прамысловыя робаты і робататэхнічных комплексы», «Інфармацыйна-вымяральная тэхніка».

Гасцей таксама чакаюць мерапрыемствы ад партнёраў фестывалю, дзе ім прапануюць убачыць унікальнае для Гродна абсталяванне і паспрабаваць сябе ў ролі інжынера-робататэхніка, вырабіць электронную паштоўку, наведаць заняткі па робататэхніцы з дэманстрацыяй незвычайных мадэляў робатаў.

 

Акрамя таго, у рамках DigiPhys адбудзецца абласны этап XI Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі «Тэхнаінтэлект»

Удзел у фестывалі бясплатны.

Фестываль пройдзе ў галоўным корпусе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па адрасе: г. Гродна, вул. Ажэшка, 22, а таксама ў навучальным корпусе па адрасе вул. Леніна, 32. Пачатак у 10.00. Вочная рэгістрацыя ўдзельнікаў і кансультацыі па мерапрыемствах фестывалю — з 09.00 у холе першага паверха галоўнага корпуса.

Больш падрабязную інфармацыю аб DigiPhys 3.0 можна знайсці тут. [1]

 

Надзея НІКАЛАЕВА

Арыгінал артыкула па спасылцы [2]


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/17335

Спасылкі
[1] https://ftf.grsu.by/478-digiphys-08-02-2020.html
[2] http://www.zviazda.by/be/news/20200128/1580160180-festyval-navuki-i-lichbavyh-tehnalogiy-digiphys-30-proydze-u-grdu-imya