Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Міністр адукацыі Ігар Карпенка прызначаны старшынём ЦВК замест Лідзіі Ярмошынай

Міністр адукацыі Ігар Карпенка прызначаны старшынём ЦВК замест Лідзіі Ярмошынай

13.12.2021

Цэнтрвыбаркам Беларусі ўзначаліў Ігар Карпенка. Да гэтага ён пяць гадоў кіраваў Міністэрствам адукацыі.

Ігар Карпенка нарадзіўся ў 1964-м у Новакузнецку ў Сібіры. Пасля школы адслужыў у войску (1982—1984). Будучы міністр скончыў Педінстытут па спецыяльнасці «Гісторыя і замежная мова».
Цікавыя факты пра яго.

1) Пачынаў кар'еру з камсамола і выхаваўчай працы. З 1989 да 2001 года быў сакратаром камітэта камсамола, начальнікам аддзела выхаваўчай працы ў БДПУ, пасля на пару гадоў стаў начальнікам упраўлення выхаваўчай працы і яшчэ на год — прарэктарам па выхаваўчай працы. Т

2) Быў дэпутатам парламента двух скліканняў.  У парламенце трэцяга склікання Карпенка ўвайшоў у камісію па ахове здароўя, фізкультуры, справах сям'і і моладзі. На наступных выбарах ён ужо прадстаўляў Камуністычную партыю.

3) За 30 гадоў жыцця ў Беларусі Карпенка не працаваў нідзе, апроч плошчы Незалежнасці! Педуніверсітэт знаходзіцца на плошчы Незалежнасці ў Мінску. У суседнім будынку працуюць урад і парламент, праз дарогу знаходзіцца Мінгарвыканкам.

4) Падчас прэзідэнцкай кампаніі-2010 Карпенка, які адкрыта заклікаў сваю партыю падтрымаць Лукашэнку, узначаліў Мінскую выбарчую камісію. 

5) Карпенка на пасадзе галоўнага ідэолага сталіцы запомніўся барацьбой з беларускай лацінкай у метро. Іншая яго ініцыятыва — прапанова ўвесці адказнасць за фальсіфікацыю гісторыі Другой сусветнай вайны.

6)  Карпенка не проста партыец, а яшчэ і сакратар (кіраўнік) Камуністычнай партыі Беларусі. Арганізацыю ён узначальвае з 2012 года.

«Несумненна, у аснове нашай праграмы ляжыць тэорыя марксізму-ленінізму… Гэта партыя, якая сёння прапагандуе ідэі грамадства сацыяльнай справядлівасці, на мой погляд, мы павінны заняць левы фланг палітычнай дзейнасці ў нас у Беларусі», — заявіў ён пасля абрання.

7) У снежні 2016 года ён узначаліў Міністэрства адукацыі. Падчас кіраўніцтва Карпенкі сістэма адукацыі не зведала сур’ёзных рэформаў.

Дэбюракратызацыя, павышэнне прэстыжу працы настаўніка, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця адукацыі на беларускай мове — усё гэта не рэалізаванае. 

Асноўныя цытаты Ігара Карпенкі як міністра адукацыі

«Настаўнік, як і раней, застаўся апорай дзяржаўнай улады і суверэнітэту краіны. Таму палітыка прэзідэнта па абароне настаўнікаў, іх сацыяльнай падтрымцы, умацаванні станоўчага іміджу педагога і школы заўсёды атрымлівае станоўчы водгук у педагагічнай супольнасці. У сваю чаргу гэта накладае і пэўную адказнасць на педагога за якасць і вынік яго дзейнасці». 

«Паўлегальныя прыватныя дзіцячыя садкі і школы пад шыльдай індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадскіх ці рэлігійных аб'яднанняў у большасці выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, станавіліся апорай для каляровай рэвалюцыі. А іх супрацоўнікі і кіраўнікі апынуліся ў дэструктыўных арганізацыях рознага ўзроўню». 

Па матэрыялах прэсы


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/news/18161