Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Бацькі паскардзіліся генпракурору на дыскрымінацыю

Бацькі паскардзіліся генпракурору на дыскрымінацыю

Бацькі і дзеці [1]
Рэгіянальная прэса пра адукацыю [2]

Яны настойваць, каб іх дзецям стварылі ўмовы для навучання на роднай мове.

 Руслан Равяка, intex-press.by [3]

Яся Малашчанка з Баранавіч хоча вучыцца на беларускай мове. Фота: з старонкі ВКонтакте

Яся Малашчанка з Баранавіч хоча вучыцца на беларускай мове. Фота: з старонкі ВКонтакте

Як патлумачыла Таццяна Малашчанка, маці адной з дзяўчынак, у звароце бацькі дзяцей адзначаюць, што Баранавіцкі гарвыканкам, Брэсцкі аблвыканкам і Міністэрства адукацыі адмовілі іх дзецям у праве атрымліваць адукацыю на беларускай мове.

У 2010 годзе ў Баранавічах у СШ №14 быў створаны беларускамоўны клас, дзе вучылася тры дзяўчынкі. Праз чатыры гады дзве дзяўчынкі – Яся Малашчанка і Аліса Філіпчык – паступілі ў гімназію №4. Аднак там ім адмовілі ў стварэнні асобнага класа для працягу навучання на беларускай мове. Баранавіцкія ўлады тлумачаць гэта тым, што дадатковых фінансавых сродкаў на беларускі клас няма. У Баранавіцкім гарвыканкаме патлумачылі, што клас будзе створаны толькі калі бацькі 24 вучняў пагодзяцца, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску.

– Цяпер усе вышэйшыя інстанцыі адказваюць нам словамі баранавіцкіх чыноўнікаў, што сродкаў няма, – тлумачыць маці дзяўчынкі. – Так працягваецца ўжо паўгода. Мы проста ходзім па коле.

Бацькі дзяўчынак лічаць, што арт. 50 Канстытуцыі РБ, а таксама арт. 17 аб роўнасці моваў і Кодэкс РБ аб адукацыі гарантуюць права выбару мовы ў любой навучальнай установе краіны.

– Таму мы просім генеральнага пракурора абараніць нашыя законныя правы і пакараць парушальнікаў закона, – кажа Таццяна Малашчанка. – Калі ж і ў пракуратуры нам адмовяць, будзем звяртацца ў міжнародныя арганізацыі, у ААН.

Калі нічога не зменіцца, маці дзяўчынкі таксама мае намер не пускаць дзяўчынку ў гімназію ды вучыць яе дома: «Можа, тады хаця б чыноўнікі неяк зрэагуюць».

Пакуль дзяўчынкі вучацца ў рускамоўным класе. Але яны самі хочуць вучыцца на роднай мове і вядуць дзённікі і сшыткі па-беларуску.

– На жаль, мы не знайшлі ўсіх падручнікаў на роднай мове, – скардзіцца Таццяна. – Каб зрабіць хатняе заданне, Яся спачатку перакладае задачы па матэматыцы на беларускую, а пасля ўжо іх рашае.

Аднак, па словах маці, апошнім часам дзяўчынка кажа, што пачынае патроху забываць беларускую мову.

Малюнак: 

Зыходны URL: https://nastaunik.eu/node/14018

Спасылкі
[1] https://nastaunik.eu/parents-and-children
[2] https://nastaunik.eu/info/newspaper
[3] http://www.intex-press.by/ru/news/society/17869/