Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > 14-е «Беларускае пяціборства» (фота)

14-е «Беларускае пяціборства» (фота)

Беларускія адукацыйныя традыцыі [1]

Быць канкурэнтаздольным у чалавечым асяродку

Міхась Булавацкі, старшыня журы беларускага пяціборства

Нядаўна давялося падслухаць размову двух мужыкоў.

– Ты слышал: новый министр образования заявил, что история будет преподаваться по-белорусски?

– Какой маразм!

Я не ўтрымаўся:

– А я чуў, што ў Францыі гісторыю выкладаюць па-французску.

– Га, так это ж Франция!

– А ў нас што?

– У нас Беларусь.

– І на якой мове тут выкладаць?

– Так тут белорусский язык уже забыли. Его не существует.

– Гэта вы забылі сваю мову. А я не забыў.

– Ну и кто, кроме вас, ею пользуется?

– Сярод маіх знаёмых такіх шмат. А нядаўна ва ўніверсітэце было праведзена “беларускае пяціборства”, спаборніцтва для лепшых школьнікаў. Добраахвотна рашаць матэматычныя задачы па-беларуску сабраліся 45 маладых людзей з усёй вобласці.

– Да ну!..

Суразмоўцы пераглянуліся, паціснулі плячыма і пайшлі.

Чамусьці тое, што знаходзяцца ахвотнікі развязваць матэматычныя задачы на беларускай мове, усё яшчэ некаторых здзіўляе. Шчыра кажучы, гэта і мяне, ініцыятара пяціборства, крыху здзіўляе. Але ж такія знаходзяцца. Яны прыходзяць з сваім кволым веданнем роднай мовы, дапускаючы па дзесяць-дваццаць памылак на сотню слоў, папрактыкавацца ў карыстанні роднай мовай у раней неасвоенай для іх моўнай прасторы. Амаль усе з рускамоўных школ, у якіх (нярэдкая з’ява) настаўнікі беларускай мовы і літаратуры па-за ўрокамі пераходзяць на рускую мову, дэманструючы тым самым непатрэбнасць роднай мовы ў жыцці.

Хто навучыў беларускай мове? – пытаецца ў іх анкета пяціборства. Вядоўца падкрэслівае: адкажыце не “хто вучыў”, а “хто НАвучыў”. І яны адказваюць з дзіцячай шчырасцю: навучыла бабуля – 4 адказы, навучылі бацькі (ці бацька, ці маці, ці брат) – 5 адказаў, навучылі бацькі з настаўнікамі – 4 адказы, навучыўся сам (сама) – 2 адказы. Усё ж большасць (29 з 45) прызналі ў гэтай справе галоўную ролю настаўнікаў. А той, чыя мова і чые веды ў літаратуры былі прызнаны лепшымі, напісаў амаль цытатай: “Наўчыўся я слоў беларускіх ад бацькі і дум беларускіх без школы і кніг.” Тут, праўда, паўстае пытанне: як можна “без кніг” так добра ведаць літаратуру? Але істотна тое, што чалавек ставіць тут школу далёка не на першае месца.

За чым яшчэ прыходзяць на пяціборства? Магчымасць папрактыкавацца ў беларускамоўным словаўтварэнні для большасці з іх тут не галоўнае. Больш важкая прычына ў тым жа, за чым ідуць на РТ (рэпецытыйнае тэставанне): вызначыць сваю канкурэнтаздольнасць у чалавечым асяродку. Самі яны яшчэ не сфармулююць гэта падобнымі словамі, але сутнасць менавіта такая.

Ёсць людзі, якія баяцца спаборнічаць, бо баяцца прайграць. Некалькі разоў я запрашаў дзяцей сваіх знаёмых на пяціборства і некаторыя з іх адмаўляліся – маўляў, я напішу нейкае глупства і журы будзе смяяцца. Ну і што, – кажу, – няхай пасмяемся, затое потым скажам табе, што гэта няправільна і ты крыху паразумнееш. Не, не хачу, каб смяяліся, – адразала амаль дарослае дзіця.

Але баішся – значыць ужо прайграў. Прайграў, нават не спрабуючы пазмагацца. А ў выніку так і застанешся самым слабым, без прэтэнзій на высокія жыццёвыя ролі.

Тыя, хто прыходзіць на пяціборства, ужо выйгралі. Выйгралі, бо пераадолелі ў сабе баязлівасць прэтэндаваць на нешта. Нават той, хто заняў апошняе месца, перамог процьму тых, хто збаяўся прыйсці, каб пазмагацца. Радуе, што такіх “смельчакоў” становіцца ўсё болей. На гэты раз яны амаль запоўнілі вялікую ўніверсітэцкую залу.

Як і раней пасля кніжнай латарэі і ўступнага слова кіраўніка пяціборства спаборнікі прыступілі да выканання заданняў – з матэматыкі, гісторыі Беларусі, мовы, літаратуры і прыродазнаўства. На гэта давалася сто хвілін. На выхадзе, здаючы працу, кожны атрымаў аркуш з адказамі, па якіх адразу мог вызначыць праўдзівасць дадзеных ім самім адказаў.

Гэты элемент спаборніцтва яго ініцыятары зараз лічаць ці не найважнейшым. Дастаткова паглядзець, з якой звышцікавасцю ўглядаюцца юнакі і дзяўчаты ў тыя аркушы. Інфармацыя, здабытая з такім эмацыйным накалам, застанецца ў памяці надоўга, калі не назаўсёды. Як зрабіць, каб так чыталіся школьныя падручнікі?! І ў апошнія гады арганізатары пяціборства вырашылі гэта скарыстоўваць, каб узмацніць адукацыйную ролю спаборніцтва.

Вось Магілёў займеў новы герб. Новы, але той, які быў нададзены Магілёву яшчэ ў 17-м стагоддзі. Падзея не шараговая. Хто ведае гісторыю гэтага герба? – Амаль ніхто. Разумеючы гэта, мы ўстаўляем ў пяціборства пытанне пра гісторыю герба. Адказы амаль нулявыя. Але вось яны прачыталі пра той герб у аркушы з адказамі на выхадзе. Цяпер пра гісторыю магілёўскага герба будуць ведаць і яны, і іх сябры, іх родныя.

Тое ж – пра нядаўна адноўленую магілёўскую ратушу. Або пра знакавыя юбілеі падзей і герояў беларускай гісторыі.

На гэты раз мы вырашылі звярнуць увагу і на асобныя творы расійскай літаратуры. Напрыклад, адкуль узялося слова “манкурт” і што яно азначае. Панятак для нашага народа зараз даволі актуальны.

14-е “Беларускае пяціборства” з рэкорднай колькасцю ўдзельнікаў прайшло паспяхова. У той дзень журы не паспела падвесці вынікі. Яны з’явіліся некалькімі днямі пазней. І зараз можна агучыць імёны пераможцаў.

Трэцяе месца заняла дзевяцікласніца Асіповіцкай гімназіі Насця Шухава, дзякуючы найперш добрым ведам у матэматыцы. На другім месцы – васьмікласнік школы № 21 Магілёва Ілля Касакоў з лепшымі ведамі ў мове і літаратуры. Перамагла ж дзесяцікласніца 3-й Бабруйскай гімназіі Ангеліна Жыркевіч, найлепшым чынам развязаўшы ўсе матэматычныя задачы (чаго іншага было чакаць ад пераможцы абласной матэматычнай алімпіяды) і даўшы лепшы адказ на пытанне з гісторыі. Ангеліна перамагае на беларускім пяціборстве ўжо трэці раз – гэта рэкорд. Двойчы пераможцы ўжо былі. Напрыклад, яе старэйшая сястра Насця (зараз студэнтка БДУ) перамагала два разы. А тройчы пераможца з’явіўся толькі зараз. У Ангеліны маецца магчымасць давесці колькасць перамог да чатырох у наступным годзе, чаго мы ёй і зычым.

Гл. таксама: Беларускае пяціборства XIV: заданні і адказы [2]

Перад пачаткам. Інтэрв’ю Белсату [3]
У зале становіцца цеснавата [4]
Сярод кніг шмат цікавых. Што выбраць? [5]
Шыхтуйцеся! [6]
Вось яны, змагары-пяціборцы [7]
Пачынаецца лёсаванне [8]
Кіраўнік абласной арганізацыі ТБМ Яраслаў Клімуць (справа) і кіраўнік пяціборства Міхась Булавацкі [9]
Аргкамітэт пяціборства (настаўнік роднай мовы Юрась Каласоўскі, выкладчыца гісторыі Алена Цумарава і настаўнік матэматыкі Міхась Булавацкі) [10]
Праслухайце інструктаж [11]
Запаўняюць анкеты. Аператару Белсата яшчэ дазволена рабіць здымкі [12]
Змагарная праца пачалася [13]
Алесь Баравікоў годам раней заняў ІІ месца. Хочацца новага поспеху! Задумаўся… [14]
Нібыта азарэнне! [15]
Крысціна Клімуць у анкеце напісала, што найменш падрыхтаваная ў матэматыцы. Але VIII месца заняла найперш з-за высокага бала ў матэматыцы [16]
Маргарыта Храпко з Бабруйска – адна з наймацнейшых шахматыстак вобласці. Але на пяціборстве яна ў серадняках [17]
ХІІІ месца сярод 45 спаборнікаў “Беларускага пяціборства” для армяніна Мікаэла Еліазарана – гэта крута! [18]
Васьмікласнік Мацьвей Дашкевіч з Мсціслава заняў VI месца, даўшы лепшы адказ на пытанне з прыродазнаўства. Сваё імя ў анкеце напісаў з мяккім знакам. І ў працы выявіў сябе шчырым беларусам. Што ж, прозвішча абавязвае… [19]
Дзевяцікласніца Асіповіцкай гімназіі Насця Шухава ў анкеце паведаміла, што найбольш падрыхтаванай адчувае сябе ў матэматыцы. Матэматыка яе й вывела на ІІІ месца [20]
 як можна “без кніг” так добра ведаць літаратуру? [21]
Ангеліна Жыркевіч здала сваю працу апошняй, а ў выніку стала першай. Вельмі хацелася перамагчы, бо дзве перамогі ў пяціборстве ўжо мае. Зараз яна – тройчы пераможца “Беларускага пяціборства”! Віншуем! [22]
І так цікава па заканчэнні працы зазірнуць у аркуш з адказамі і развязкамі [23]
І так цікава па заканчэнні працы зазірнуць у аркуш з адказамі і развязкамі [24]
Аркушы з адказамі раней былі маргінальным элементам спаборніцтва, а зараз гэты элемент становіцца ці не найгалоўнейшым [25]
Зараз можна абмяняцца думкамі… [26]
І завесці новыя знаёмствы. Бо навука навукай, ды не навукай адзінай жыве чалавек… [27]
Ад рэктарата ўніверсітэта пераможцаў вітаў дэкан педагагічнага факультэта Аляксей Лаўшук [28]
Абласную арганізацыю ТБМ на цырымоніі прадстаўляў яе старшыня Яраслаў Клімуць [29]
Распавядаў ім пра пяціборства і яго пераможцаў кіраўнік праекта Міхась Булавацкі [30]
 Ангеліна Жыркевіч (Бабруйск), Ілля Касакоў (Магілёў), Насця Шухава (Асіповічы) і Мацвей Дашкевіч (Мсціслаў) [31]
Мацьвей Дашкевіч заняў V месца, але яго адказ на пытанне з прыродазнаўства прызнаны лепшым. Сваё імя ён піша з мяккім знакам і выказвае сябе шчырым беларусам [32]
Дыплом за ІІІ месца ўручаецца Настассі Шухавай. Дадаткова Наста атрымала адмысловы прыз за лепшы развязак матэматычных задач [33]
Настасся Шухава – 9 клас Асіповіцкай гімназіі [34]
 “Наўчыўся я слоў беларускіх ад бацькі і дум беларускіх без школы і кніг…” Без кніг? – але адказ на пытанне з літаратуры прызнаны лепшым. Што за парадоксы?! [35]
Дыплом за ІІ месца атрымлівае Ілля Касакоў. Да таго ж, у яго два адмысловых прызы – за лепшую мову і за лепшы адказ на пытанне з літаратуры. Тлумачыць, што прозвішча паходзіць ад слова “каса”. Ці не нашчадак касінераў Каліноўскага? [36]
Сын і бацька Касаковы [37]
Дыплом за І месца ўручаецца Ангеліне Жыркевіч. Дадаткова ў яе два адмысловых прызы – за лепшы развязак матэматычных задач (а як жа – пераможца абласной матэматычнай алімпіяды!) і за лепшы адказ на пытанне з гісторыі Беларусі [38]
Тройчы пераможца Беларускага пяціборства Ангеліна Жыркевіч (10 клас гімназіі № 3 г.Бабруйска) [39]
Старшыня аргкамітэта Беларускага пяціборства Міхась Булавацкі віншуе пераможцаў [40]
Першыя ў жыцці інтэрвію пераможцы даюць карэспандэнту радыё Свабода [41]
Першыя ў жыцці інтэрвію пераможцы даюць карэспандэнту радыё Свабода [42]
Першыя ў жыцці інтэрвію пераможцы даюць карэспандэнту радыё Свабода [43]
А інтэрвію Ангеліны ўжо не першае [44]
Міхась Булавацкі вынікамі самага масавага пяціборства задаволены [45]
Малюнак: 

Зыходны URL: https://nastaunik.eu/node/14055

Спасылкі
[1] https://nastaunik.eu/national-edu/traditions
[2] https://nastaunik.eu/node/14138
[3] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/01.jpg
[4] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/02.jpg
[5] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/03.jpg
[6] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/04_0.jpg
[7] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/05_0.jpg
[8] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/06_0.jpg
[9] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/07.jpg
[10] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/08.jpg
[11] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/09.jpg
[12] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/10.jpg
[13] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/11.jpg
[14] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/12_0.jpg
[15] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/13.jpg
[16] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/14.jpg
[17] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/15.jpg
[18] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/16.jpg
[19] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/17.jpg
[20] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/18.jpg
[21] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/19.jpg
[22] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/20.jpg
[23] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/21.jpg
[24] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/22.jpg
[25] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/23.jpg
[26] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/24.jpg
[27] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/25.jpg
[28] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/26.jpg
[29] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/27.jpg
[30] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/28.jpg
[31] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/29.jpg
[32] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/30.jpg
[33] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/31.jpg
[34] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/32.jpg
[35] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/33.jpg
[36] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/34_0.jpg
[37] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/35.jpg
[38] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/36.jpg
[39] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/37.jpg
[40] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/38.jpg
[41] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/39_0.jpg
[42] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/40.jpg
[43] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/41.jpg
[44] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/42.jpg
[45] https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/43.jpg