Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Віктар Марціновіч: Чым абараніцца ад гжэлі?

Віктар Марціновіч: Чым абараніцца ад гжэлі?

Сусветная мастацкая культура [1]
Нацыянальная адукацыя і выхаванне [2]

Віктар Марціновіч, budzma.by [3]

Дзве навіны, добрая і дрэнная.

Добрая: у беларускія школы вяртаюць прадмет [4] “Сусветная мастацкая культура”, так што карыстальнікі беларускага сегменту “УКантакціка” будуць ведаць пра тое, што слова “гатычна” азначае не толькі “іранічны каментар, што якбэ намякае на змрочнасць, суворасць, містычнасць…” [5].

Дрэнная: у працэсе вяртання прадмет прайшоў праз “істотнае паляпшэнне” і цяпер будзе мець назву «Айчынная і сусветная мастацкая культура». Здавалася б, людзі што шануюць радзіму, могуць пачынаць спяваць “Цячэ вада ў ярок” і танчыць упрысядкі. Бо зараз пяцікласнікаў пачнуць вучыць готыцы на прыкладах беларускіх мураванак. Ну, прынамсі, так можна зразумець са змянення назвы прадмета. Але, як гэта часцяком здараецца ў нас, добрае — гэта самае дрэннае і ёсць.

У сеціва трапілі цікавыя падрабязнасці пра чарнавік навучальнай праграмы  “Айчыннай і сусветнай мастацкай культуры”, якая будзе афіцыйна апублікаваная ў жніўні. Дык вось, з гэтых падрабязнасцяў вынікае, што пад “сусветнай культурай” там маецца на ўвазе смешны для школьнага вуха кампазітар Крыстоф Вілібальд Глюк, а пад “айчыннай культурай” — гжэль і прочае прыўкрасноцце [6].

Можна напісаць асобны артыкул пра тое, як беларусаў з ясляў робяць рускімі, і я абавязкова аднойчы гэта зраблю. Першым у спісе будзе стаяць мульцік “Маша і мядзведзь”. Але зараз важней пагаварыць пра гэты прадмет, пагаварыць як мага гучней, каб афіцыйна апублікаваная праграма істотна адрознівалася ад таго, што цяпер абурана абмяркоўваецца спецыялістамі ў якасці “чарнавіка”. На гэта, прынамсі, можна паўплываць.

Я магу зразумець, што здарылася з праграмай “Айчыннай і сусветнай мастацкай культуры” для пяцікласнікаў. Гэта можна абазначыць як дэфіцыт плённых кантактаў паміж ведамствамі. У Мінадукацыі, выглядае, сядзяць людзі, якім бракуе захаплення нацыянальным мастацтвам, а Мінкульту не хапіла аргументаў, каб запэўніць, што Беларусь славутая не толькі аднайменнымі трактарамі. Паспрабую ім дапамагчы.

Чым нам замяніць гжэль? У першую чаргу выцінанкай [7], прыгажосць якой несупастаўляльная у сваёй вытанчанасці з размаляванымі у блакітнае гусарамі. Па-другое, кавальствам — і асобны прывабны нарыс для школьнікаў мог тычыцца ўніяцкіх каваных крыжоў і ўніяцтва як такога. А як можна забыцца пра вышыўку? Пра яе тыпы, пра рэгіянальныя адметнасці? Як малы беларус, якому параць мозг гжэллю, можа не ведаць пра ткацкія мануфактуры, пра “цвяток радзімы васілька” — яскравую прыкмету таго, што і Багдановіч мог памыліцца? Нарэшце, саломапляценне, нашы славутыя “павукі”, іх магія, іх сакральнае значэнне — мне здаецца, чытаючы пра гэта, школьнікі павінныя адчуць сабе крыху персанажамі “Гары Потэра”. Вось яшчэ трохі, і можна будзе зрабіць чарадзейную палачку з саломінкі і пачаць валіцца з Волан-дэ-Мортам! А саламяныя “лаўцы сноў”! А прымхі і забабоны, што іх атачаюць!

Тэму беларускай архітэктуры не хачу нават чапаць: у кожным з раздзелаў праграмы — раманскім, гатычным, рэнесансным, барочным і г. д.  — павінны быць бліскучы прыклад стылю, падстава для гонару! Ранняя готыка Сынкавічаў і Мала-Мажэйкава і “палымяная готыка” св. Ганны! Раскошны рэнесансны палац Радзівілаў у Вільні! Барока Фарнага касцёла! Ці вы будзеце наўздагон рускім падручнікам сцвярджаць, што барока выдумаў Галіцын [8]?

А хіба ў нас няма скульптуры? Хіба вучням не трэба ведаць пра Укрыжаванне з Галубічаў, пра драўлянае барока і Казіміра Круповіча, пра мемарыяльную пластыку, якую рабілі тут найлепшыя італьянскія майстры?

Дык якая гжэль, даражэнькія? Якая гжэль?

У дзевяностыя, калі вернісаж мастакоў у Мінску яшчэ не пачалі ссоўваць у бок Музея Айчыннай вайны, у тым парку, дзе цяпер месціцца Ратуша, гандлявалі рознай турыстычнай гідотай, ад алейных пейзажыкаў “пад Шышкіна”, да савецкіх танкавых шлемаў і рамянёў з савецкімі зоркамі. Я, дарэчы, там таксама стаяў, спрабаваў прадаць уласна намаляваны заходзік “пад Куінджы” — вельмі патрэбныя былі грошы на джынсы “Мавін”. Дык вось, раздзел дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва быў прадстаўлены на гэтым “таўчку” пазнавальным інтэрнацыянальным вырабам, што меў назву matrioshka: рэдкім фінам, абыякавым італьянцам і ўсюдыісным немцам спрабавалі ўцюхаць драўляных Ельцына, Леніна і Маркса, якія ўкладаліся адзін у аднаго. Турысты прыдзірліва аглядалі матрошкі і, падумаўшы, адкладалі іх убок. Яны крывілі насы, ім незразумела было, чаму яны павінныя браць у “Вайсрусландзе” тое, што ўжо бачылі на Арбаце. Так у свядомасці еўрапейцаў на стыхійным, а таму самым трывалым узроўні замацоўвалася думка, што Мінск — гэта такі працяг Масквы, дзе тыя ж матрошкі, што мяжуюць з хахламой. Іншаземцы шукалі там, сярод будзёнавак і танкавых шлемаў, нечага іншага, адметнага, выключна “вайсрускага”. Драўляных зуброў, саламяных коней, каваных крыжоў, старой радзівілаўскай кафлі. Каб нехта з нас меў бабулінага павука і здольны быў расказаць пра ягоны сэнс! Каб хтосьці здагадаўся, што прадаваць трэба не матрошкі, а выцінанкі! Але мы былі непісьменныя, нам самім трэба было расказваць пра нашую беларускую культуру, расказваць са школы, з пятага класа!

Мой word-працэсар, OpenOffice з беларускай арфаграфіяй, дагэтуль падкрэслівае слова “выцінанка”: тыя, хто пісаў праверачны алгарытм, не чулі пра такое!

Таму я вельмі спадзяюся, што Мінадукацыі мадэрнізуе школьную праграму “Айчыннай і сусветнай мастацкай культуры” і ўлічыць тыя каштоўнасці, пра якія мае ведаць любы малады беларус. Гэта ў інтарэсах дзяржавы, у інтарэсах нашай агульнай будучыні.

У адваротным выпадку ў жніўні, пасля публікацыі афіцыйнага “чыставіка”, давядзецца пісаць асабісты ліст міністру.

Малюнак: 

Зыходны URL: https://nastaunik.eu/node/14359

Спасылкі
[1] https://nastaunik.eu/workshop/art
[2] https://nastaunik.eu/national-edu
[3] http://budzma.by/news/viktar-marcinovich-chym-abaranicca-ad-hzheli.html
[4] http://www.sb.by/specnaz/SECTION/article/belorusskim-shkolnikam-vernut-predmet-mkhk.html
[5] https://lurkmore.to/%D0%93%D0%BE%D1%82%D0%B8%D1%87%D0%BD%D0%BE
[6] https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A0%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5_%D0%BD%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%B4%D0%BD%D1%8B%D0%B5_%D0%BF%D1%80%D0%BE%D0%BC%D1%8B%D1%81%D0%BB%D1%8B
[7] https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%92%D1%8B%D1%86%D1%96%D0%BD%D0%B0%D0%BD%D0%BA%D0%B0
[8] https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%93%D0%BE%D0%BB%D0%B8%D1%86%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B5_%D0%B1%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BA%D0%BA%D0%BE