Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Пачаткі беларускамоўнай адукацыі на Лідчыне

Пачаткі беларускамоўнай адукацыі на Лідчыне

Рэгіянальная прэса пра адукацыю [1]
Беларускія адукацыйныя традыцыі [2]

Леанід Лаўрэш, «Наша слова» [3]

У кастрычніку 1907 г. «Наша Ніва» паведаміла, што ў Вільні хутка адчыніцца пачатковае двухкласнае вучылішча для летувісаў, а праз два месяцы павінна пачаць працаваць школа, дзе дзетак будуць вучыць таксама і беларускай мове.

У карэспандэнцыі стылізаванай пад сялянскую гутарку пад загалоўкам «З Лідскага павета» ў газеце «Наша Ніва» на пачатку 1908 г. аўтар пад псеўданімам «Калодка» паказваў, што сяляне ўжо добра зразумелі неабходнасць навукі для дзетак на сваёй мове: «У вадной вёсцы надумаліся мужыкі наняць настаўніка … цяпер нам усім дрэнна, а без навукі яшчэ горш будзе. Зямлі, брат, сваёй няшмат, дома сыны век не будуць сядзець, трэба будзе выхіляцца ў свет, а як чалавек невучоны, дык бяда: усюды папіхваюць і за дурня маюць!  … Антось Кумпяк (сказаў)

— Трэба нам наняць вучыцяля, ды такога, каб вучыў па нашаму, у такой мове, як самі гаворым; гэта на сам перад, а пасля хай вучыць дзяцей па польску і па расейску. Калі не будзе так, як я кажу, дык дальбог, і капейкі не дам на якога іншага вучыцяля! Я шчыра раджу наняць вучыцеля Юзіка Кавальчука: ён, браты, усюды па гарадох, усё ведае, на ўсім-усякім чытанні знаецца, а сваёй мовы не цураецца, ад яе не адракаецца! Такі нам і патрэбны …».

Той жа аўтар праз некалькі месяцаў пісаў: «Устаюць па малу беларусы на свае ногі і самі працуюць, каб падняць культуру. Толькі бядуюць, што няма гдзе вучыць дзяцей, школак ў воласці толькі адна — народная, а дзяцей для навукі ў кожнай вёсцы будзе па 30, прыйдзе зіма, і вясковыя дзеці замест навукі будуць сабак ганяць … Але мужыкі стараюцца і самі наймаюць вучыцялёў на зіму. Школкі такія добра вучаць і па руску, і па польску, і тлумачыць ім вучыцель усё ў роднай беларускай мове. Крыўда толькі дзецям ў тым, што такія школкі называюць «тайнымі» і закрываюць. У 1908 гаду начальства закрыла 4 такія школы ў Ганчарскай воласці, у вёсках Фалькавічах, Мінойтах, Песках і Заборцах, дык яшчэ 2 школкі ў Беліцкай воласці ў в. Нецяч і Чаплічы».

Як бачым, сяляне Лідчыны гатовыя былі вучыць сваіх дзяцей за свае кроўныя грошы, але расійская ўлада пераследавала непадкантрольную её адукацыю. Газеты таго часу рэгулярна змяшчалі інфармацыю з усёй Беларусі пра закрыццё «тайных» школ і судовы пераслед іх арганізатараў.

У 1909 г. паведамлялася, што ў мястэчку Астрына Лідскага павета, «мужыкі збіраюцца адкрыць гарадзкое вучылішча» (Наша Ніва № 5, 29 (11) январа 1909). У тым жа годзе ў мястэчку Новы Двор «з вучылішчам у нас ізноў бяда. Толькі паставілі новы будынак вучылішча, выходзіць, што дабрацца да яго нельга, хіба лётаючы па паветры. Зямля перад вучылішчам належыць быццам да купца Бершчадскага, і Бершчадскі не дае ні праходу, ні праезду ў вучылішча. Судзіліся мы адзін раз аб той кавалак зямлі перад Земскім і атсудзілі зямлю ад Бершчадскага. А на з’ездзе зноў нашы пісар і старшына паехалі без сведкаў і папераў, Бершчадскі і выіграў, і цяпер хоча за кавалак зямлі даўжыні 14 сажняў і шырыні 10 саж. — 300 руб. Старшына маніцца падаць яшчэ ў губернскае прысутствіе» (Наша Ніва № 31-32, 6 (19) аўгуста 1909).

 

У вёсцы Фалькавічы пастаноўка справы народнай адукацыі збольшага задавальняла сялян: «В. Фалькавічы, Лідскага павета, Ганчарскай воласці. Ёсць ў нас вучылішча Любарскага обчэства. Усе нашы сяляне цешацца і з вучылішча, і з вучыцеля, каторы вельмі добра абходзіцца з дзеткамі. Не саўсім толькі здаволены каталікі тым, што ім прыходзіцца вучыцца па расейску. Хаця усе тут беларусы, але цёмныя людзі хочуць вучыцца пацяроў не па беларуску, а па польску, бо думаюць, што як каталік, то ўжо і палякам стаўся» (Наша Ніва № 12, 18 (31) сакавіка 1910.).

 

Але моўнае пытанне сялянская грамада магла вырашыць па сваім разуменні, бо беларуская мова задавальняла ўсіх: «У Лідскім павеце гаспадары пачалі кратацца каля прасветы сваіх дзетак. У аднэй вёсцы зрабілі прыгавор аб вучылішчу, але агледзяліся, што у гэтым вучылішчу адра-зу вучаць па расейску, дык першы год дзеці толькі час трацяць, бо дрэнна разумеюць гэту мову, вось і сяляне надумалі з самых пачаткаў вучыць сваіх дзяцей дома. Нанялі такога вучыцеля, каторы ўмее добра іхнюю беларускую родную мову, і пераканаліся, што гэтак шмат болей карысці для дзяцей, бо ім усё што вучыцель да іх кажа, зразумела, і пасля ў школі ляхчэй вучыцца» (Наша Ніва № 13, 25(7) сакавіка 1910).

 

Пра прагу сялян даць адукацыю дзецям пісаў народны карэспандэнт пад псеўданімам «Тутэйшы» з толькі што адбудаванага пасля пажару мястэчка Беняконі: «У нашым народным вучылішчу было заўсёды ня больш 50-60 вучняў, а ў гэтым годзе ўсе сунуліся да наукі, і ўжо вучанікоў больш 100 і яшчэ просяцца, але не прымаюць. На гвалт патрэбна тут двухкласнае вучылішча, але ніхто аб гэтым не дбаець» (Наша Ніва № 50, 15 (28) лістапада 1911).

Ахвочых вучыцца і насамрэч было болей, чым маглі прыняць школы, нейкі «А.С.» пісаў з Бутрыманцаў Лідскага павета (цяпер Літва): «… асвета сялян тут па вёсках ідзе не праз школы, бо ўрадавая школа ўсяго адна на цэлую воласць — і воласць не малую. Хадзіць у тую школку ня кожнаму спадручна, ды і школка малая: усе месцы заняты, а жадаючых навукі шмат, дзеля гэтага сяляне прымушаны самі вучыць сваіх дзяцей і вучаць: бо уцямілі патрэбу навукі. Усюды добра граматнаму — ці дзе паехаў, ці пайшоў. Чытаць умеюць ня толькі мужчыны але і ўсе блізка кабеты, кабеты ж і вучаць чытаць дзяцей, сабраўшы па якіх 2-3, — больш ня можна, бо пацягнуць… Галоўная мэта гэтай навукі чытанне на малітоўніку. На малітоўніку дзеці і чытаць вучацца, ён і астаецца ў іх на заўсёды адзінай літаратурай, якую чытае тутэйшы грамацей. Гэтыя кніжкі малітоўнікі, друкаваны ў польскай мове і дзеля гэтага прывык тутэйшы беларус вязаць сваю веру з польшчынай. А праз цемнату сваю ён веру лічыць за нацыянальнасць і дзеля гэтага называе сабе палякамі. І гэта адбіваецца на жыцці» (Наша Ніва № 2, 13 (26) студзеня 1912).

Як бачым, на пачатку ХХ ст., неабходнасць адукацыі ўжо была ўспрынятая сялянамі Лідчыны як адзін з галоўных фактараў жыццёвага поспеху сваіх дзяцей. Так сама пачала ўсведамляцца неабходнасць і мэтазгоднасць вучобы менавіта на роднай мове.

Пачалася Першая сусветная вайна.

Немцы увайшлі у Ліду 22 верасня 1915 г.

 

На акупаваных землях была арганізавана акруга Обер-Ост (Ober-Ost). Лідскі павет для больш надзейнага кантролю за тэрыторыяй быў падзелены на чатыры меншыя: Лідскі, Радуньскі, Васілішскі і Шчучынскі.

Першая беларуская школа ў зоне Обер-Ост была адкрыта 13 лістапада 1915 года ў Вільні на Юр’еўскай вуліцы дзякуючы намаганням нашай зямлячкі А. Пашкевіч (Цёткі) і Б. Пачобкі.

На пачатку сакавіка 1916 года газета «Гоман» паведаміла, што нямецкі галоўнака-мандуючы ўсходнім фронтам Гіндэнбург выдаў загад пра арганізацыю школ. Сярод іншага ў дакуменце гаворыцца: «Беларуская мова, як адменная ад расейскай, дапускаецца да ужытку без ніякіх пера-шкод. Аб навуцы рэлігіі сказана, што яна павінна выкладацца ў матчынай мове вучняў, — значыць, у тэй мове, у якой бацькі гавораць з дзяцямі» (Homan № 8, 10 marca 1916).

 

Найважнейшай праблемай быў недахоп настаўнікаў, большай часткаю мабілізаваных ці эвакуяваных у Расію. Аднак беларусы скарысталіся з загаду Гіндэнбурга, і ў лістападзе 1916 года газета паведаміла, што ў Лідзе «для тутэйшых настаўнікаў і настаўніц наладжаны педагагічныя курсы. На іх пакуль што вучыцца 26 душ» (Homan № 79, 14 listapada 1916.).

Улады Обэр-Оста прынялі рашэнне адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы, дзе на месячных курсах павінны былі атрымаць падрыхтоўку новыя кадры. Цяжка аказалася знайсці выкладчыкаў, таму заняткі ў семінарыі пачаліся толькі 15.10.1916 і працягваліся да 15.11.1918. Дырэктарам семінарыі быў анямечаны сілезец Бэндзеха, а выкладчыкамі Б. Пачобка і Квяцінскі, часова — прафесар Рудольф Абіхт з Уроцлаўскага ўніверсітэта. У выніку тут атрымалі падрыхтоўку 144 настаўнікі беларускіх школ.

У Свіслачы вучылася і моладзь з Лідчыны: «У тутэйшай беларускай вучыцельскай семінарыі навукі ідуць поўным ходам. Работа ідзе ахвоча, бо ўсе курсісты — гэта шчырыя беларусы, сыны беларускай вёскі, з’ехаўшыеся з розных ваколіц: з-пад Васілішак, Плянт, Гродна, Беластока і г. д. Хаця курс навук толькі трохмесячны, аднак пры акуратна наладжанай рабоце яго праходзяць як мае быць, і ў снежні месяцы вучні пачнуць практыку ў адкрытай пры семінарыі пачатковай беларускай школе. У семінарыі варункі навукі надта выгодныя. Вучні жывуць у самой семінарыі і маюць тут поўнае ўтрыманне. Кормяць добра: на абед ёсць мяса, а на вячэру даюць гарачую страву. І за гэта — разам з платай за вучэнне — бяруць з іх у месяц 41 марку, за ўвесь курс — 123 маркі. Гэткія грошы лёгка можа сабраць кожная вёска ці гра-мада і за гэта можа выхаваць сабе свайго настаўніка — аднаго паміж сваіх сыноў, абы ён скончыў народную школу. 1 лютага курс навукі будзе закончаны і пачнецца новы курс, на каторы можна запісацца. Хай жа людзі загадзя падумаюць аб тым, каб сваіх дзяцей выправіць на навуку і гэтак зусім невялікім коштам даць ім магчымасць зарабіць сабе на хлеб і служыць свайму народу» ( Homan № 85, 5 snieznia 1916).

На пачатку 1917 года паведамлялася пра новы набор у семінарыю: «Запісвацца на новы трохмесячны курс у Свіслацкай Беларускай Вучыцельскай Сэмінарыі, каторы пачнецца 1 лютага, трэба ў Вільні не пазней за 10 студзеня ў Stadschulrata, Дамініканская 3, пакой 55. Варункі навукі: за навучанне — 5 марак у месяц, за поўнае ўтрыманне — 36 м., разам 41 м. у месяц і за ўвесь курс 123 м. Плаціць можна памесячна — напярод. Хто хацеў бы ехаць вучыцца з вёскі, можа заявіць аб гэтым у сва-ім Крэйсамце (Kreisamt — павет), дзе яму дадуць усе патрэбныя ведамасці» (Гоман № 2, 5 студзеня 1917 г.).

Першай афіцыйнай беларускай школай на Лід-чыне была школа ў вёсцы Збляны. У 1914 годзе ў Зблянах згарэў будынак старой школы і да пачатку Першай сусветнай вайны сяляне атрымалі страхоўку ды купілі будаў-нічыя матэрыялы. Пры канцы 1915 года новы будынак быў пабудаваны, а вяскоўцы, ска-рыстаўшыся сваім правам, адкрылі беларускую школу. Яна існавала тут да сярэдзіны 1920-х гг. (Беларуская Ніва. № 17 (30), 27 лютага 1926 г.)

У 1923 г. дзейнасць найстарэйшай на Лідчыне беларускай школы ў Зблянах была прыпынена. «Усе нашыя людзі былі рады, што дзеці неяк шыбка навучаліся і чытаць, і арытмэтыкі. Але хутка здарылася няшчасьце: нашага вучыцеля інспэктар Лідскага павету, пан Вайтовіч прымусіў паехаць на польскія курсы ў Кракаў, а другога вучыцеля-беларуса на яго месца не прызначыў, і замёрла наша беларуская школа» (Наш Сьцяг № 3, 13 чэрвеня 1923).

Вясной 1925 г. жыхары вёскі Збляны падпісалі да павятовага школьнага інспектара дэкларацыю за беларускую школу, а потым не гледзячы на ціск, дружна патрабавалі свайго (Беларуская Ніва № 17 (30), 27 лютага 1926.). Тады ўлады вырашылі перанесці будынак зблянскай школы ў Беліцу. Сяляне, высілкамі якіх гэтая школа будавалася, пісалі пратэсты ў Міністэрства асветы і да мясцовых уладаў. Аднак адказу не атрымалі. У лютым 1926 г. «ад староства прыехалі тэхнікі ўжо разьбіраць гэты будынак. На дамаганьне кіраўнікоў разбору, каб сяляне далі рабочых і падводы, усе жыхары в. Збляны катэгарычна адмовіліся і на сходзе вырашылі зрабіць яшчэ адпаведныя крокі, каб уратаваць з такім трудом збудаваную іхнімі рукамі для сваіх дзетак школу, для чаго праз дэлегацыю зьвярнуліся да Пасольскага Клюбу Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады аб атрыманьні іх дамаганьняў» (Беларуская Ніва № 15(28), 24 лютага 1926).

Па справе школы дэлегацыя зблянскіх сялян адмыслова сустрэлася ў Вільні з беларускім паслом у Сойм Сымонам Рак-Міхайлоўскім, які як раз у гэты час лячыўся ў Вільні. Рак-Міхайлоўскі, не могучы асабіста выехаць у Варшаву, 17.01. 1926 г. даслаў тэлеграмы ў міністэрствы Асветы і Унутраных спраў гэткага зместу: «Назначаны праз Лідзкага Старасту супраць волі гміннай рады войт Беліцкай гміны Вадэйка пад намовамі ксяндза з фальварку Няцеча проці волі ўсяе люднасьсці пераносіць з дазволу Старасты школьны будынак, збудаваны мяйсцовай люднасьцю з вёскі Збляны да мястэчка Беліца Лідзкага павету. Пратэстуючы проці бяспраўя і пагвалчаньня правоў беларускай люднасьці, прашу аб безадкладным затрыманні разборкі будынку да часу належнага вы-рашэння гэтае справы паводле скаргі сялян вёскі Збляны, перасланай Беларускім Клюбам да Міністэрства Асьветы ў красавіку леташняга году.

Рак-Міхайлоўскі, дэпутат» (Беларуская Ніва №17(30), 27 лютага 1926).

Абараніць сваю школу беларускія  сяляне не змаглі.

 

13 лістапада 1925 г. па усёй Заходняй Беларусі беларуская грамадскасць святкавала 10-я ўгодкі існавання беларускай школы (Жыццё Беларуса №18, 7 лістапада 1925).

 

Сёлета мы можам і павінны годна адсвяткаваць 100-гадовы юбілей першай афіцыйнай беларускай школы на Лідчыне.

Малюнак: 

Зыходны URL: https://nastaunik.eu/node/14682

Спасылкі
[1] https://nastaunik.eu/info/newspaper
[2] https://nastaunik.eu/national-edu/traditions
[3] http://naszaslowa.by/2015/09/leanid-lauresh-pachatki-belaruskamounaj-adukatsyi-na-lidchyne/