Метадычная распрацоўка воркшопа "Хто ты гэткі?"
Аўтар: Давідоўская Галіна Эдуардаўна,
метадыст аддзела забеспячэння гісторыка-
грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі
Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Прапануем пазнаёміцца з новай метадычнай распрацоўкай воркшопа (ад англ. workshop – рабочая майстэрня), прысвечанай пытанням фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці.
Галіна Давідоўская: “На мой погляд, воркшоп, як форма навучання, забяспечвае інтэнсіўнае ўзаемадзеянне ўсіх яго ўдзельнікаў, кожны з каторых мае магчымасць праявіць самастойнасць, ініцыятыўнасць і асабістую зацікаўленасць працэсам навучання. Эксперты, вядучыя воркшопа, дапамагаюць удзельнікам вызначыць мэты і задачы майстэрні, падбіраюць метады і прыёмы для актыўнага даследавання. Удзельнікі не толькі выкарыстоўваюць асабісты вопыт, веды і ўменні па тэме воркшопа, але і дзеляцца імі з іншымі. Асноўныя метады і прыёмы – аналіз і разбор сітуацый, «мазгавы штурм», выкарыстанне тэхнікі «калектыўны герой», калі ў ролі персанажа выступае ўся група, і інш. Па заканчэнні воркшопа ўдзельнікі змогуць асэнсаваць уласную ідэнтычнасць і ідэнтычнасці іншых людзей, вызначыць прычыны, якія ўплываюць на фарміраванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Падставай для складання сцэнару гэтага воркшопа стала практыкаванне “Зорка ідэнтычнасці” [4], адаптаванае метадыстам Аленай Палейкай для беларускай школы".
Ці ведалі вы, што ў знакамітых братоў Іваноўскіх (Ежы, Тадаса і Вацлава) яшчэ былі сястра і брат?
Апавяданне сястры (Гелены Іваноўскай).
Я нарадзілася ў 1885 годзе ў той жа самай Лябёдцы Лідскага павета і была чацвёртым дзіцём у сям’і, пасля братоў Юрыя, Вацлава і Тадаса. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Кембрыджы. Добра ведала беларускую мову, у 1912–1913 гг. нават напісала 10 артыкулаў ў беларускую газету “Саха”, а ў час вучобы ў Кембрыджы апублікавала ў лонданскім часопісе «Folklore» тэксты і ноты беларускіх песень, запісаных у ваколіцах Лябёдкі. Там жа ў Кембрыджы была ініцыятарам стварэння студэнцкага гуртка, удзельнікі суполкі сур’ёзна цікавіліся беларускім фальклорам. Даследчык Гай Пікарда называў нашу суполку «Кембрыджскай хеўрай».
У час Першай сусветнай вайны была прадстаўніком Віленскага аддзела таварыства дапамогі ахвярам вайны, кіраўніком арганізацыі якой быў мой брат Вацлаў. У лістападзе 1915 года ў мястэчку Васілішкі Лідскага павета адкрыла беларускую пачатковую школу.
Лічу, што трэба закаляць не толькі характар, але і цела, таму незалежна ад надвор’я купалася ў рацэ да самых маразоў і гэтую звычку захавала да канца жыцця. У Лябёдцы мела вялікую стайню, дзе гадавала прыгожых спартыўных коней і коней на продаж. Гэта быў галоўны падмурак маёй гаспадаркі, галоўная крыніца даходу. Вельмі люблю конны спорт і нават да шлюбу ў парафіяльны касцёл паехала разам з мужам і гасцямі конна і ў брыджах. Яшчэ я люблю сабак, таму развадзіла хартоў. Іх у мяне была поўная хата. У час майго вяселля здарылася такая гісторыя: калі вяселле конна выехала з Лябёдкі, замкнутыя ў доме харты вылі ад роспачы і выглядвалі ў вокны, каб убачыць кавалькаду, якая паехала ў касцёл. Тады нехта выпусціў сабак на волю і яны па свежаму следу кінуліся наўздагон. Дзверы касцёла былі адчынены, таму ўся зграя з сямі шчаслівых, бо знайшлі гаспадыню, сабак радасна вылецела да алтара якраз падчас цырымоніі. Нягледзячы на замяшанне, шлюб адбыўся. Асабіста ведала цікавых пісьменнікаў, напрыклад Ежы Стрэмя Яноўскі ў 1934 годзе выдаў кнігу, якая была прысвечана мне. А Сяргей Пясецкі не толькі гасцяваў у мяне, але ў 1939 г. таемна, праз савецка-літоўскую мяжу змог вывесці ў Вільню. Нямецкую акупацыю перажыла ў родным фальварку. У 1944 перабралася ў Варшаву. Пэўны час жыла ў Любліне. З 1946 працавала перакладчыцай для місіі англійскіх квакераў у Казяніцах, пражыла тут 26 гадоў.
Апавяданне брата (Станіслава Іваноўскага).
Я быў самым малодшым з дзяцей. Вызначаю сябе палякам. Пад канец Першай сусветнай вайны, у кастрычніку 1918 года вярнуўся з Расіі і з групай асоб у Лідзе ўдзельнічаў у стварэнні грамадскай арганізацыі, якая магла б пераняць уладу з рук немцаў. У 1918 – 1919 гг. быў удзельнікам Самаабароны Літвы і Беларусі на Лідчыне і Гарадзеншчыне. Я лічыў, што цяпер усе палякі маюць адну супольную ідэю: за ўсялякую цану далучыцца да Польшчы. Таму ад пачатку 1919 года я жыў у Гродне, дзе заняў пасаду камісара польскага ўрада па Гродзенскай акрузе, а ў лютым паставіў сваёй мэтай ліквідацыю беларускага войска, дамагаючыся тым самым, каб улада Літвы не распаўсюдзілася на Гродна. Я хацеў, каб Беларусь «у сваіх этнаграфічных межах» увайшла ў «сціслы звязак з Польскай Рэччу Паспалітай», таму быў арганізатарам адпраўкі ў Варшаву адозвы з рэзалюцыяй нібыта праведзенага Беларускага краёвага з’езда, у якой сцвярджалася, што «існаванне самастойнай Беларускай дзяржавы немагчыма». Калі настала мірнае жыццё, я стварыў адвакацкую кантору ў Вільні і адначасова гаспадарыў ў Лябёдцы.
Пасля аповеду ўдзельнікі воркшопа могуць задаць свае пытанні брату і сястры Іваноўскім...
Цалкам сцэнар воркшопа “Хто ты гэткі?” пра жыццё і дзейнасць братоў Іваноўскіх можна спампаваць тут.
